Учителю-педофилу, который почти 10 лет развращал школьниц, вынесли приговор в суде Докшицкого района
Шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф на суму 12 600 рублёў атрымаў настаўнік фізкультуры адной з гімназій вобласці за распусныя дзеянні ў адносінах да непаўналетніх, выраб, захоўванне і распаўсюджванне парнаграфіі, уцягванне дзяцей у злачынства.
Крымінальная справа разглядалася ў Докшыцах пад кіраўніцтвам старшыні суда раёна Вячаслава Елісеенкі з удзелам дзяржабвінаваўцы Надзеі Міцько, намесніка пракурора раёна, і абаронцы Яўгена Петухова, адваката юрыдычнай кансультацыі № 1 г. Віцебска.
Абвінавачаны 1964 года нараджэння меў станоўчую характарыстыку на працы і карыстаўся аўтарытэтам сярод вучняў. Жанаты, з вышэйшай адукацыяй, да гэтага не меў праблем з законам. Інкрымінуемыя яму дзеянні адбываліся ў перыяд з 2014 па 2023 год. Справа шматэпізодная ў дачыненні да дванаццаці вучаніц той жа гімназіі.
Што расказалі дзяўчаты следчаму?
Настаўнік часта вёў з імі размовы на тэму сексуальных адносін. Зацікавіўшыся, яны самі хадзілі да яго ў “каморку” на гутаркі. Здараліся выпадкі, калі мужчына дакранаўся да інтымных часцей цела дзяўчынак, якія не дасягнулі шаснаццацігадовага ўзросту. Задаваў пытанні наконт таго, ці ўступалі яны ў палавыя сувязі. Раіў хадзіць у школу ў спадніцах і без сподняй бялізны…
Калі адну з іх запрасіў да сябе дадому, каб аддаць адзежу сваёй дарослай дачкі, то абняў за стан і спытаў, што яна пры гэтым адчувае. Тая адказала, што ёй непрыемна… Другую непаўналетнюю госцю пачаў цалаваць, прапанаваў стаць перад ім на калені і абазваць самую сябе нецэнзурным словам…
Чатыры з іх, дасягнуўшы шаснаццацігадовага ўзросту, па ўласным жаданні ўступалі з настаўнікам у палавыя зносіны. Звычайна гэты працэс ён здымаў на відэа. Таксама па просьбе педагога вучаніцы дасылалі яму свае фотаздымкі парнаграфічнага характару. Ён у адказ – свае. Здымкі распаўсюджваліся і сярод іншых асоб.
Некаторыя бацькі ведалі пра асобныя нюансы нестандартных адносін сваіх дзяцей з настаўнікам, але не ўмешваліся.
– Абвінавачаны дзейнічаў з мэтай задавальнення сваіх сексуальных патрэб, а таксама дзеля ўзбуджэння ў пацярпелых цікавасці да сексуальных адносін, палавога прыцяжэння. Прыкра, што, з’яўляючыся педагагічным работнікам, на якога былі ўскладзены абавязкі па навучанні і выхаванні, гарантаванні бяспекі жыцця і здароўя непаўналетніх, мужчына ажыццяўляў свае злачынныя намеры. Размовы, якія ён вёў, былі непрыстойнымі, цынічнымі і ў будучым могуць негатыўна паўплываць на жыццё дзяўчынак. Грамадзянін таксама ўцягнуў непаўналетніх у злачынную дзейнасць па вырабе і распаўсюджванні парнаграфіі. Між тым, у адпаведнасці з артыкулам 9 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб правах дзіцяці”, дзяржава забяспечвае недатыкальнасць асобы дзіцяці, ажыццяўляе яго абарону ад усіх відаў эксплуатацыі, уключаючы сексуальную, ад фізічнага і псіхічнага гвалту, жорсткага, грубага або абразлівага абыходжання, прыніжэння, сексуальных дамаганняў, ад уцягвання ў злачынную дзейнасць, учынення дзеянняў, звязаных з вырабам, распаўсюджваннем парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару, – пракаменціравала справу Надзея Міцько.
Мужчына прызнаў сваю віну часткова. Аднак суд пацвердзіў поўнасцю. Вучаніцы знаходзіліся ў залежным становішчы ад настаўніка, і ён меў магчымасць уздзейнічаць на іх пры навучанні і сустрэчах. Выкарыстоўваў прафесійныя веды і навыкі, уплываючы на падлеткавую псіхіку, грэбаваў нормамі маралі і этыкі, наўмысна прапагандаваў сексуальную распушчанасць, абяцаючы працягнуць зносіны, якія мелі значэнне для непаўналетніх. Ініцыяваў выраб і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў, кіраваў дзеяннямі падапечных. У судовым пасяджэнні абвінавачаны назваў гэта… гульнёй.
Дарэчы, згодна з пастановай упраўлення Следчага камітэта па Віцебскай вобласці, крымінальная справа за парнаграфію ў дачыненні да вучаніц не ўзбуджана на падставе арт. 26 Канвенцыі Савета Еўропы аб супрацьдзеянні гандлю людзьмі, да якой Рэспубліка Беларусь далучылася ў 2013 годзе. Падлеткі прызнаны пацярпелымі. Так што за “гульні” цяпер будзе расплачвацца толькі арганізатар.