Яркий цветущий уголок создали на своем участке супруги Виктор и Наталья Жаковко из Докшиц

photo_2025-07-10_с

“Калі рай існуе, то ён павінен выглядаць менавіта так”, – гэтай фразай людзі часта выказваюць свае эмоцыі ад убачанай асаблівай прыгажосці. Так, наша планета багатая на мясціны з прыродным хараством, ад якога захоплівае дух. Але не меншае захапленне выклікаюць рукатворная прыгажосць і людзі, што  маюць здольнасці і вялікае жаданне дадаваць у гэты свет яркіх фарбаў. Наталля Жакаўка з вёскі Лапуты, якая ўжо практычна злілася з Докшыцамі, несумненна з гэтай цудоўнай кагорты.

ЕН 648

Па прысядзібным участку нашай гераіні, прызнаёмся шчыра, хадзілі як зачараваныя. Ідэальны парадак у кожным куточку, а па плошчы двор велізарны, ды яшчэ ж і сад з агародам. Акуратныя дарожкі і дагледжаны газон – па ўсёй тэрыторыі. Ад колькасці кветак і рознага роду дэкаратыўных элементаў разбягаюцца вочы. Калі б мы маглі размясціць у газеце ўсе фотаздымкі, зробленыя ў гэтым кветкавым царстве, не хапіла б, мусіць, і дзвюх старонак. Разумеючы, якая велізарная праца стаіць за такім хараством, цікавімся ў Наталлі Аркадзьеўны, як трэба арганізоўваць штодзённую работу, каб паспяваць армію зялёных гадаванцаў паліваць, падкормліваць, палоць, рыхліць, падвязваць і прышчыпваць, аберагаць ад шкоднікаў, парывістых вятроў і шквальных дажджоў.

ЕН 639

– Трачу на гэта ў дзень у сярэднім дзве – дзве з паловай гадзіны, – агарошвае адказам Наталля Аркадзьеўна і, убачыўшы нашы акругленыя ад здзіўлення вочы, ахвотна тлумачыць: – Кветкі ў маім жыцці былі заўжды, і нямала, але так маштабна разгарнула фронт дзейнасці чатыры гады таму, пасля выхаду на заслужаны адпачынак. Па-другое, нараўне са мной працуюць сын Павел і муж Віктар Мікалаевіч (дырэктар прадстаўніцтва “Белдзяржстрах” па Докшыцкім раёне – Аўт.). Абкошванне цалкам за імі. З вясны да глыбокай восені гэта няспынны працэс, улічваючы тое, што мае дарагія мужчыны косяць і за агароджай нашай сядзібы, і закінуты ўчастак праз вуліцу. Рамонт, афарбоўка, выраб розных палічак, падставак, арак, лавачак, арэляў і да таго падобнага – таксама справа іх рук. Муж даглядае сад, з агародам дапамагае, што і дазваляе мне ў поўнай меры і не цаной выключных намаганняў займацца непасрэдна кветкамі і дэкаратыўным кустоўем. Калі ў справе не навічок, то часам распараджаешся разумна і маеш яго на тое, каб не толькі працаваць, але і любавацца вынікамі сваёй працы. А інакш які сэнс?

ЕН 642

Не магу ўстрымацца, каб не распавесці пра аб’ёмы Наталлінай работы. Толькі кустоў ружаў у яе каля сарака. Не менш кашпо з петуніямі, якія вырошчвае сама з насення. У гаршчках выдатна сябе адчуваюць і адпаведна выглядаюць бягоніі, герані і лабеліі, вербены і катарантусы. А на клумбах, рабатках, альпійскіх горках, ва ўсіх магчымых для пасадкі і, здавалася б, немагчымых месцах безліч шматгадовых кветак і адналетнікаў, якія радуюць вока пачынаючы з сакавіка і заканчваючы лістападам, а то і снежнем. Не менш, прыкінула сабе, за сем дзясяткаў відаў раслін, а ўжо ж сартоў! Да ўсяго яшчэ ў доме пануюць архідэі, якія патрабуюць таксама нямала догляду.

Ёсць у народзе такое паняцце – “лёгкая рука”. Так кажуць пра людзей, у якіх расліны добра прыжываюцца і развіваюцца. А мне здаецца, што не ў “руцэ” тут справа, а ў любячым сэрцы, такім, як у Наталлі Жакаўка.

Алена НЕСЦЯРОНАК.

ЕН 643

ЕН 654 ЕН 666 ЕН 665 ЕН 664 ЕН 663 ЕН 662 ЕН 659 ЕН 657 ЕН 656 ЕН 655

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *