В открытом конкурсе вокалистов «Березинские напевы» приняли участие артисты из Докшиц
Выступае фольк-група «Пацеркі».
Упрыгажэннем Рэспубліканскага фестывалю дружбы і мастацтва «Дзве ракі» стаў адкрыты конкурс вакалістаў «Бярэзінскія напевы». У ім прынялі ўдзел і докшыцкія артысты.
Журы ўзначаліла спявачка Жанет – заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь. У яго склад таксама ўвайшлі кампазітар, наш зямляк Мар’ян Зелянкевіч, выкладчык Віцебскага каледжа культуры і мастацтваў Святлана Паўлюкова, выкладчык Віцебскага музычнага каледжа імя І. Салярцінскага, спявачка Ганна Цярэшчанка, кіраўнік народнага хору «Любанія», заснавальнік і саліст народнага вакальнага калектыву «Велея казачая» Вілейскага палаца культуры Андрэй Дударчык, саліст заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь – ансамбля танца, музыкі і песні «Талака» Віцебскай абласной філармоніі, яшчэ адзін ураджэнец Докшыччыны Уладзіслаў Палачанін.
Удзельнікі спаборнічалі ў намінацыях “Саліст-вакаліст” і “Вакальны ансамбль” у дзвюх узроставых катэгорыях: ад 16 да 31 года і ад 32 гадоў і больш.
Конкурс праходзіў у кінаканцэртнай зале “Іскра” ў Докшыцах на працягу некалькіх гадзін, і гледачы, якія прыйшлі далучыцца да музычнага мастацтва, не пашкадавалі: гэта быў паўнавартасны канцэрт з выступленнямі таленавітых спевакоў – яркіх і харызматычных.
«Бярэзінскія напевы» зарэкамендавалі сябе як папулярны конкурс вакалістаў з высокай канкурэнцыяй, таму “выпадковых” удзельнікаў не было, а гэта значыць перад журы стаяла складаная задача вызначыць лепшых з лепшых. Прыемна адзначыць, што ў пераможцы выйшлі і дакшычане.
Так, лепшым вакальным ансамблем ва ўзроставай катэгорыі ад 16 да 31 года прызнана фольк-група «Пацеркі» Докшыцкай ДШМ імя Н. Сакалоўскага. Звонкагалосыя, з аўтэнтычнай падачай твораў, дзяўчынкі зрабілі моцнае ўражанне як на публіку, так і на журы.
Лепшым вакалістам у гэтай узроставай катэгорыі стала салістка народнай эстраднай студыі “Калейдаскоп” Докшыцкага ГЦК Дар’я Сясіцкая, якая была пераканаўчай на сцэне як у музычным, так і ў эмацыянальным плане.
На сцэне Дар’я Сясіцкая.
У намінацыі «Вакальны ансамбль» ва ўзроставай катэгорыі ад 32 гадоў і больш першае месца заняў народны ансамбль песні “Фярцінка” Багатырскага СДК Полацкага раёна. Першае месца ў намінацыі “Саліст-вакаліст» у гэтай узроставай катэгорыі ва ўдзельніцы народнага рускага хору імя А. Нікіцінай Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Акцябрыны Сулім.
Узнагароды прызёрам конкурсу ўручыла спявачка Жанет.
Арына АЛЯКСАНДРАВА.
Фота аўтара.