Большие объёмы, высокие темпы. Филиал № 1 РУП ЖКХ «Докшицы-коммунальник» успешно развивается во многих направлениях
Сёння – Дзень будаўніка
Філіял № 1 РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” сёння паспяхова развіваецца ў многіх кірунках. Акрамя сваіх асноўных відаў дзейнасці – паслуг па цепла- і водазабеспячэнні, вырабе метала- і жалезабетонных канструкцый, камунальнікі займаюцца агульнабудаўнічымі работамі, а менавіта ўстройствам сістэм цеплаізаляцыі і фасадаў, рамонтам даху, падлогі, столі, заменай аконных і дзвярных блокаў і многім іншым.
Пра аб’ёмы работ, абнаўленне аўтапарка і планы на будучае сёння гутарым з дырэктарам філіяла № 1 Аляксандрам Трахініным.
– Аляксандр Мікалаевіч, ваша прадпрыемства, якое ўзначальваеце, – гэта …
– Калектыў з 52 чалавек, праца якіх не абмяжоўваецца толькі Докшыцкім раёнам. Рабочыя задзейнічаны на аб’ектах па ўсёй вобласці, і трэба сказаць, што іх нямала. Напрыклад, сёлета нашы брыгады завяршылі рамонт шматпавярховіка на вуліцы Свярдлова ў Полацку і двух дамоў на Цэнтральнай у Домжарыцах. Здалі ў эксплуатацыю шматкватэрны дом № 97 на вуліцы Леніна ў Глыбокім, двухпавярховік на Ленінскай у Докшыцах і прыступілі да рамонтных работ наступнага на гэтай жа вуліцы. Літаральна некалькі дзён таму распачалі мантаж усіх кампанентаў сістэмы ацяплення ў вытворчых цэхах на тэрыторыі Бярэзінскага біясфернага запаведніка. У чацвёртым квартале бягучага года плануем прыступіць да рамонту дома № 10 на вуліцы Школьнай у райцэнтры.
– Аб’ёмы сапраўды ўнушальныя. Як удаецца ўкладацца ў тэрміны з улікам таго, што колькасць рабочых на прадпрыемстве не такая і вялікая?
– Выдатна працуе інжынерная служба, работу якой курыруе галоўны інжынер Валянцін Блажыевіч разам са старшым прарабам Валерыем Ганусам, майстрам Ігарам Таўстапятам і вытворцам Ігарам Галінскім. Выйсці на вялікія аб’ёмы работ і не збаўляць высокіх тэмпаў удалося дзякуючы ўкладанню інвестыцый у развіццё філіяла, а дакладней, у набыццё тэхнікі, больш сучаснага абсталявання. Напрыклад, за 200 тысяч рублёў, а ўсяго інвестыцыі за першае паўгоддзе склалі 705 тысяч рублёў, набылі раствора-бетонны вузел. Яго прадукцыйнасць складае да дваццаці кубаметраў у гадзіну гатовай прадукцыі. Працэс поўнасцю аўтаматызаваны. Дарэчы, на бетон у заказчыкаў высокі попыт. Яго адгружаем як фізічным, так і юрыдычным асобам Докшыцкага, Глыбоцкага і Лепельскага раёнаў. Вось і нядаўна нашай прадукцыяй для правядзення рэканструкцыі на сваёй вытворчай тэрыторыі зацікавіліся ў раёне электрычных сетак. З Домжарыц паступіў заказ на 250 кубаметраў бетону. Як сказаў старшыня райвыканкама Сяргей Уладзіміравіч Абірала, трэба шукаць кропкі росту. Таму займаемся не толькі будаўніцтвам, а і аказаннем розных паслуг. У выніку маем і дастойную зарплату, і прыбытак.
Яшчэ адзін набытак прадпрыемства – універсальны шматфункцыянальны тэлескапічны пагрузчык, які можа дастаўляць грузы на вышыню да 17 метраў. Спецтранспарт аснашчаны трыма агрэгатамі – віламі, люлькай і каўшом. Набылі таксама экскаватар-пагрузчык, з дапамогай якога можна праводзіць земляныя работы. Глыбіня выкопвання – да шасці метраў.
Акрамя буйнагабарытнай тэхнікі, пастаянна абнаўляецца малая механізацыя: балгаркі, шрубавёрты, зварачнае абсталяванне, электрастанцыі і іншае.
– Як бы ні мадэрнізавалася будаўніцтва, якая б суперсучасная тэхніка ні працавала, па-ранейшаму цэняцца працавітыя рукі. Якім чынам стараецеся захаваць кадры?
– Вялікую ўвагу надаём падрыхтоўцы маладых спецыялістаў на прадпрыемстве. Сёлета, напрыклад, мэтавае накіраванне ў ВНУ атрымаў Максім Каляга, які пасля заканчэння ўстановы атрымае спецыяльнасць інжынера-будаўніка і прыйдзе працаваць да нас. Яшчэ адзін юнак – Алег Гамеза – таксама па накіраванні будзе вучыцца на газаэлектразваршчыка. Мы стараемся растлумачыць хлопцам, што не ўсім быць айцішнікамі. А вось будаўніцтва ў нашым жыцці сапраўды з’яўляецца важным стваральным працэсам.
За першае паўгоддзе 2025 года прыбытак філіяла № 1 РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” склаў 186 тысяч рублёў (172,2 працэнта да ўзроўню мінулага года). Аб’ём падрадных работ – 5,9 працэнта. Сярэдняя заработная плата – 2152 рублі.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.