Обкос травы, ассортимент товаров… День Порплищенского сельсовета прошел в Докшицком районе

На прыёме ў Сяргея Абіралы жыхарка агр. Порплішча.

На прыёме ў Сяргея Абіралы жыхарка агр. Порплішча.

Пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Валянціны Рандарэвіч адбыўся дзень Парплішчанскага сельсавета. Удзел у ім прыняў старшыня райвыканкама Сяргей Абірала.

На тэрыторыі Парплішчанскага сельсавета размешчана 12 населеных пунктаў. У вёсках Асінаўка і Яблынька насельніцтва не пражывае. Ёсць неабходная інфраструктура, ажыццяўляецца гандлёвае, медыцынскае, паштовае і культурнае абслугоўванне.

Фармат правядзення дня сельсавета – традыцыйны. Спачатку ў населеных пунктах прадстаўнікі раённай улады, кіраўнікі розных службаў выслухалі звароты жыхароў. Адны пытанні ўзялі на кантроль, іншыя былі вырашаны непасрэдна падчас правядзення прыёмаў.

У аграгарадку Порплішча на прыём да кіраўніка раёна прыйшлі тры жанчыны. Адна з іх – з просьбай пашырыць асартымент тавараў у крамах.

– Выбар зусім слабы, а да ўсяго яшчэ закрылася прыватная крама, – гаварыла жыхарка аграгарадка.

Як варыянт, за пакупкамі можна хадзіць на пошту, дзе, у прынцыпе, ёсць усё неабходнае: і харчовыя, і прамысловыя тавары, аднак жыхарам аграгарадка хочацца, каб і ў іх была крама з шырокім асартыментам, не горшая, як у райцэнтры.

Яшчэ дзве просьбы тычыліся выдзялення зямельнага ўчастка побач з домам для выпасу жывёлы і падсыпкі сцежкі, што вядзе ад лазні да крамы “Антэй”.

Як ніколі актуальным застаецца пытанне, звязанае з абкошваннем зямель агульнага карыстання. Зрабіць гэту работу прасілі жыхары вёскі Чачукі і Лапліна. Чачукоўцы таксама пыталіся, ці магчыма ўстанавіць калі не павільён, то хаця б навес у месцы, дзе спыняецца аўтакрама.

Жыхароў вёскі Вешняе турбуе, у якім стане знаходзіцца дарога да могілак. Сцвярджаюць, што яна вузкая і зарасла па баках кустоўем. Звярнулі ўвагу і на тое, што трэба абуладкаваць месца для купання, каб было зручна спускацца да вады. На гэты конт старшыня райвыканкама лічыць, што зрабіць больш камфортнымі і дарогу, і бераг возера могуць самі вяскоўцы, а не ўзвальваць усё на камунальнікаў ці іншыя службы.

Валянціна Рандарэвіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў, пра абкошваннне ўчасткаў:
– Траву абавязкова трэба абкошваць не толькі на тэрыторыі свайго ўчастка, але і за яго межамі. Гэта новаўвядзенне прадугледжана правіламі добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў, якія змяніў Саўмін. Зыходзячы з пастановы, фізічныя асобы, гэта значыць уласнікі, абавязаны падтрымліваць належны санітарны стан на тэрыторыі зямель агульнага карыстання, якія прылягаюць да выдзеленых ім зямельных участкаў.
У зацверджанай пастанове Саўміна ад 22 ліпеня 2020 г. № 430 сказана, што “зона адказнасці” абмяжоўваецца па перыметры ўчастка так: ад мяжы зямельнага ўчастка да тратуара (у выпадку яго адсутнасці – да мяжы праезнай часткі вуліцы, дарогі). Па астатніх баках зямельнага ўчастка – не больш за 10 метраў або палова адлегласці разрыву да суседняга зямельнага ўчастка, але не больш за 10 метраў.

Устанавіць яшчэ адзін кантэйнер для цвёрдых бытавых адходаў папрасілі ў Шантараўшчыне.

Па ўсіх закранутых пытаннях даручана разабрацца адпаведным службам.

На выніковым пасяджэнні, дзе разглядалася, якая работа праводзіцца ў сельсавеце па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі, была заслухана справаздача старшыні Парплішчанскага сельскага Савета дэпутатаў Сяргея Лісіцы.

– Сельвыканкам разам з дарожнікамі і камунальнікамі праводзіць маніторынг стану вуліц у населеных пунктах, – паведаміў Сяргей Паўлавіч. – Сёлета быў зроблены ямкавы рамонт палатна на Палескай у Чачуках, 1 Мая ў аграгарадку, прагрэйдзіравана вуліца ў Лапліне. Заасфальтавана дарога Варганы – Шантараўшчына, частка вуліцы Ірыны Курэц у Порплішчы. У аграгарадку работнікі раёна электрычных сетак рэканструявалі вулічнае асвятленне.

Мясцовыя жыхары дапамаглі разабраць дзве гаспадарчыя пабудовы ў вёсцы Вешняе. Работнікі спажывецкай кааперацыі абкасілі траву і высеклі кустоўе ў Чачуках. У Грабучым, Пятровічах, Асінаўцы, Лапліне, Яблыньцы і Чачуках гэту работу выканалі замацаваныя арганізацыі.

Працягваецца работа ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 116 “Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустымі дамамі”. Напрыклад, зараз рыхтуюцца для падачы ў суд дакументы аб прызнанні дамоў № 17 на вуліцы Сонечнай у Лапліне і № 8 на вуліцы Лугавой у Асінаўцы вымарачнай спадчынай.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *