Докшицкий районный отдел статистики начал свою деятельность в 1948 году
Сёння зборам статыстычных даных займаюцца (злева направа) Вераніка Балтуцкая, Алена Харытонава, Ганна Малюжанец і Людміла Юковіч.
Сёлета статыстычная служба Рэспублікі Беларусь адзначае 105-годдзе з дня свайго заснавання. Яе пачатак паклала пастанова ВРК БССР ад 23 жніўня 1920 года аб стварэнні Цэнтральнага статыстычнага бюро. Аднак гісторыя сведчыць, што яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя ў Мінску, Віцебску, Магілёве, Гродне існавалі статыстычныя аддзелы, дзейнасць якіх была накіравана на правядзенне перапісаў насельніцтва 1914, 1916 і 1917 гадоў.
– Можна сказаць, статыстыка з’яўляецца адзіным спосабам грамадства вывучыць само сябе, – гаворыць начальнік аддзела Алена Харытонава. – Нашымі данымі карыстаюцца ўсе – ад органаў улады і бізнесу да навукоўцаў, студэнтаў, пенсіянераў, блогераў, школьнікаў. Менавіта прадстаўнікі нашай службы першымі пачалі выкарыстоўваць персанальныя камп’ютары. Статыстычныя назіранні праводзяцца па формах, да якіх адносяцца справаздачнасць, анкета, апытальнік, перапісны ліст і іншае. Напрыклад, у гэтым годзе мы збіраем даныя па 51-й форме. Яшчэ адзін від назірання, у якім удзельнічае кожны чалавек у краіне, – гэта перапіс насельніцтва. Дарэчы, у Беларусі ён праводзіўся ўжо 11 разоў. Хацелася б развеяць некалькі міфаў наконт нашай работы. Па-першае, у статыстыцы працуюць не статысты, а статыстыкі. Статыст – гэта выканаўца другараднай ролі без слоў у тэатры. Па-другое, хтосьці лічыць, што жыццё статыстыка – гэта руціна, а лічбы, якія мы збіраем, нікому не патрэбныя. Акрамя традыцыйных статыстычных паказчыкаў, такіх як сярэдняя зарплата, узровень інфляцыі і г.д., мы пастаянна вывучаем штосьці новае, вымяраем з’явы, якія не паддаюцца прамому падліку. Напрыклад, статыстыкі ведаюць, што на аднаго жыхара рэспублікі прыходзіцца ў сярэднім дзве турыстычныя паездкі па краіне ці што за апошнія дзесяць гадоў колькасць рэстаранаў хуткага абслугоўвання ў Беларусі павялічылася больш чым у шэсць разоў.
Сёння зборам статыстычных даных разам з Аленай Харытонавай займаюцца галоўны спецыяліст Людміла Юковіч, вядучы эканаміст Ганна Малюжанец і спецыяліст па правядзенні абследаванняў Вераніка Балтуцкая.
Не забываецца калектыў і пра сваіх ветэранаў. Шмат гадоў гэтай няпростай і неабходнай працы аддалі Зоя Бейнаровіч, Тамара Байкова, Марыя Кузміцкая, Галіна Кучко, Таццяна Клігус, Ала Пяцько.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.