Епископ Игнатий возглавил литургию в день престольного праздника церкви Святого пророка Илии в деревне Комайск
У дзень прастольнага свята царквы святога Ільі ў Камайску Божую літургію ў храме ўзначаліў Яго Праасвяшчэнства епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій.
У богаслужэнні прынялі ўдзел старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Абірала і старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч.
Пра тое, што святога прарока Ілью шчыра шануюць мясцовыя вернікі, гаварыла вялікая колькасць прыхаджан, якія прыйшлі ў гэта святое месца, каб схіліць галовы ў агульнай малітве. Пасля літургіі адбыўся хрэсны ход.
Са словамі падзякі за ўвагу да нашага раёна да епіскапа Ігнація звярнуўся кіраўнік раёна Сяргей Абірала і ў знак пашаны падарыў Уладыку белыя ружы.
Яго Праасвяшчэнства таксама павіншаваў усіх з днём памяці святога прарока Божага Ільі і перадаў у Докшыцкую цэнтральную бібліятэку кнігу пра свяціцеля Ціхана, патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі.
Па добрай хрысціянскай традыцыі мерапрыемства завяршылася сумеснай трапезай – братчынай. Не засталіся па-за ўвагай імяніннікі, якія атрымалі салодкія пачастункі.
Свята-Ільінскі храм у Камайску быў пабудаваны ў XVIII стагоддзі і з’яўляецца помнікам народнага дойлідства. Пад алтаром царквы знаходзіцца камень, на якім ёсць след чалавечай нагі. Паводле падання, гэта след Божай Маці. Быццам бы вёў неяк хлопчык сляпую ў Камайск. Праходзячы каля вялікага каменя, абое пачулі жаночы голас. Падышлі. Нябачная жанчына папрасіла іх перадаць жыхарам вёскі, каб на месцы, дзе ляжыць вялікі камень, пабудавалі царкву. “Выканаеш просьбу – вярнецца зрок”, – гаварыў голас. Цуд адбыўся. І першае, што ўбачыла жанчына, – след Прасвятой Багародзіцы на камені. У 1993 годзе царква была рэканструявана.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.