История Парафьяновского гетто
Сям’я Півінскіх.
…Немцы з’явіліся ў Параф’янаве ўжо праз тыдзень пасля пачатку вайны. Асаблівага жаху на мясцовае насельніцтва не нагналі. Хадзілі па дварах мястэчка і навакольных вёсак, прасілі: “Матка, яйка, курка, шпік…” Людзі аддавалі, што мелі: ворагі ўсё ж, захопнікі. Здзіўляліся, чуючы ў адказ: “Danke”. Трывожнасць стала змяняцца на страх, калі фашысты паўсюдна развесілі папярэджанні: за дапамогу савецкім палонным ці прадастаўленне ім сховаў – расстрэл. Далей – болей. У маі 1942 года гітлераўцы сагналі ў гета ўсіх яўрэяў акругі, загадалі ім нашыць на грудзі і спіну верхняга адзення жоўтыя шасцівугольныя зоркі, сталі ганяць палонных пад канвоем на цяжкія работы. Уся жудасная сутнасць ворагаў адкрылася месцічам тады, калі пакутнікаў сагналі на станцыю да выкапанай загадзя вялізнай ямы і расстралялі ўсіх, не памілаваўшы ні старых, ні малых, засыпалі зямлёй. Зямля тая, згадвалі сведкі страшнай падзеі, калыхалася пасля тры дні. А ў Докшыцах на плошчы ўзвышалася шыбеніца з таблічкай: “Яна чакае ўсіх, хто будзе хаваць жыдоў”…
Зямлі ў Вінцэнта і Юзэфы Півінскіх з вёскі Целяшы было кот наплакаў – гектар усяго. А дзяцей – пяцёра. Нялёгка было іх паднімаць на ногі: наёмнымі работнікамі ішлі да багацеяў. Дзеці ж з малых гадоў не вылазілі з лесу ды балота: ягады, грыбы, арэхі мелі попыт у параф’янаўскіх яўрэяў, а сям’я Півінскіх – капейчыну. Бацькі, што называецца, са скуры лезлі, каб дзеці закончылі школу і вучыліся далей. Сын Стась прафесію агранома атрымаў, паехаў працаваць пад Вільна. Дзяўчаткі таксама сваім майстэрствам на хлеб зараблялі: Міхаліна стала ткацкую справу выкладаць, Ядзя краўчыхай рупілася, Людвіга і Гэля дапамагалі маці, якая рана аўдавела, у полі…
Праз некалькі дзён пасля масавага расстрэлу яўрэяў у Параф’янаве ноччу ў акно Півінскіх ціхенька пастукалі. Юзэфа Юр’еўна разгледзела ў змроку двух хлопцаў, якія дрыжалі ад холаду. Гэта былі Шлёма і Залман Гейдэнсоны. Дзяўчаты Півінскія вучыліся разам з імі ў школе, працавалі ў Гейдэнсонаў на сезонных палявых работах, таму іх маці пусціла юнакоў у дом, накарміла. Браты са слязамі расказалі пра расстрэл сваіх бацькоў, сястры, родных і нясмела папрасілі схаваць іх.
Юзэфа Юр’еўна сказала дочкам:
– Вялізны грэх не дапамагчы няшчасным людзям. Будзем спадзявацца, што Бог уратуе і іх, і нас. Калі ж не – на ўсё Яго воля.
Схавалі хлопцаў у хляве, пад падстрэшкам у саломе. І пацяклі дні і ночы ў страху – уздрыгвалі ад брэху суседскага сабакі, рыпення варот, не кажучы ўжо пра паяўленне немцаў на вуліцы. Але лічыцца, што чалавек прывыкае да самых розных абставін. Браты сталі па вечарах прыходзіць у дом да сваіх выратавальніц, а калі пахаладнела, то і заставаліся нанач, спалі за печчу. Ім памянялі імёны: Шлёма стаў Стэфанам, а Залман – Каралем. Але гэта было дрэннай маскіроўкай: калі б немцы ўбачылі братоў, то адразу б зразумелі, да якога народа яны належаць…
Людзі, прызвычаіўшыся да небяспекі, могуць страціць пільнасць. Вось і Міхаліна Півінская, занёсшы Залману са Шлёмам абед, выскачыла з хлява, папярэдне не паглядзеўшы праз шчыліну ў дзвярах, ці няма каго чужога на двары.
Юзэфа Півінская.
Выскачыла з міскай у руках і нос у нос сутыкнулася з немцам. Той убачыў міску і перавёў запытальны позірк на Міхаліну. “Гэта куркам, есці”, – дрыжачым голасам патлумачыла дзяўчына. “О, курка! Яйка?” – абрадаваўся немец. Давялося аддаць яму ўсе яйкі, што былі ў хаце. Пранесла…
А ў другім выпадку прыйшлося цэлы спектакль разыграць. Хлопцы ўзяліся ў хляве пілаваць дровы. А тут да Юзэфы наведалася па нейкай патрэбе суседка і, пачуўшы шоргат пілы, заглянула туды. Гаспадыня патлумачыла перапужанай жанчыне, што вечарам папрасіліся на начлег двое хлопцаў, сёння пойдуць далей, а дровы пілуюць, каб аддзячыць за прытулак і ежу. Суседка паверыла ці зрабіла выгляд, што паверыла. Тады ўвечары браты ўзялі торбачкі і пайшлі да яе прасіць хлеба нібыта ў дарогу. Тая ахвяравала цэлы бохан і паабяцала нікому пра іх не расказваць. Дзякаваць богу, слова стрымала.
Вясной гітлераўцы сталі паяўляцца ў вёсцы часцей. Залман і Шлёма, разумеючы, як рызыкуюць жанчыны, хаваючы іх, вырашылі пайсці ў партызаны. Некалькі дзён блукалі па наваколлі, але на партызанскі атрад так і не натрапілі. Далёка ён быў, у суседнім, Бягомльскім, раёне, за ракой Поняй. А па вёсках пайшлі погаласкі, што два яўрэі туляюцца па лясах. Хлопцы былі вымушаны вярнуцца да Півінскіх.
А праз некаторы час небяспека ўзрасла: немцы пасяліліся ў суседнім доме. Трэба было шукаць нейкае выйсце. Юзэфа Юр’еўна ўспомніла пра агульнага знаёмага – хутараніна Івана Станкевіча, што жыў са сваёй сям’ёй за вёскай Яновічы. Туды, у лес, немцы пакуль не сунуліся. Юзэфа Півінская пайшла да Станкевіча і ўгаварыла яго прыняць братоў. Ноччу Іван прывёў іх на свой хутар, і хлопцы да раніцы перацягалі сена са стога ў свіран, набілі яго цалкам, а зверху зладзілі лежбішча. Для надзейнасці ля ўваходу гаспадар прывязаў сабаку.
Сям’я Станкевічаў была па мерках таго часу звычайнай: Іван з жонкай Марыяй, чацвёра дзяцей і сястра Марыі Антаніна. Таксама жылі небагата, былі малазямельнымі. Дапамагаў трымацца на плыву лес ды яшчэ тое, што Іван быў нядрэнным шаўцом. Пра тое, што ў свірне хаваюцца яўрэі, ведалі толькі старэйшыя дочкі – дзевяцігадовая Ядзя і сямігадовая Броня. Але і трохгадовы Андрэйка аказаўся не лыкам шыты.
– А каму ты, мама, носіш есці? – спытаў ён аднойчы.
– Шарыку, сынок, – адказала маці.
– А чаму ты Шарыку носіш яечню, аладкі і масла, а нам даеш толькі аладкі? – не сунімаўся хлопчык. – Ты што, любіш яго больш?
– Дык ён жа ў нас на рабоце, сядзібу вартуе, – апраўдвалася Марыя.
Схаваць чалавека – гэта ж не птушку ці кацяня. І да Станкевічаў прыходзілі людзі. Адзін вясковец неяк убачыў у дзвярным праёме Залмана, які сядзеў спінай да выхаду, спытаў у Івана, хто гэта.
– Партызан, – спакойна адказаў мужчына.
Сусед спужаўся і паспешліва развітаўся. Яшчэ ў Станкевіча пыталіся, чаму ён так часта цепліць лазню (а рабіў ён гэта для таго, каб “кватаранты” маглі пагрэцца ў час халадоў). Цікаўным Іван адказваў, што сушыць лён.
Хмары, як гаворыцца, згушчаліся. Фашысты прыйшлі і ў Яновічы, уладкаваліся на пастой у некалькіх дамах, а Станкевічам заявілі, што ў іх лазні будуць мыць бялізну. Іван з Броняй пасля гэтага ўзялі кошыкі і накіраваліся ў лес нібыта ў грыбы. Адшукалі партызанскі атрад, у якім былі і яўрэі, і дамовіліся, што партызаны возьмуць Гейдэнсонаў да сябе.
Наступнай ноччу Іван выдаў хлопцам добрае адзенне, новыя чаравікі і павёў іх у лес. Праводзіўшы да партызанскай зоны, развітаўся. Першую ноч за доўгі час сям’я Станкевічаў спала спакойна.
Але ўжо праз двое сутак Шлёма вярнуўся і расказаў жахлівую гісторыю. Трапілі яны не ў той атрад, з якім Іван дагаварыўся. І там не паверылі, што хлопцы маглі так доўга хавацца пад бокам у немцаў, што чужы чалавек мог даць ім лепшае адзенне і абутак. Юнакоў прымусілі пераапрануцца ў старое, аб’явілі нямецкімі лазутчыкамі, заперлі ў зямлянцы і прыгаварылі да расстрэлу раніцай. Ноччу браты выбраліся з зямлянкі і кінуліся бегчы. Залмана забілі, а Шлёму ўдалося ўцячы нават не параненым.
Другі раз Іван Станкевіч давёў спакутаванага хлопца ўжо да самага месца прызначэння і ўпэўніўся, што яму нічога не пагражае…
Шлёма Гейдэнсон ваяваў у партызанскім атрадзе да канца вайны. Як толькі надарылася магчымасць, наведаў у Целяшах і Яновічах людзей, якія за страшныя два гады сталі яму роднымі, яшчэ і яшчэ раз дзякаваў за тое, што яны, рызыкуючы сваімі жыццямі, выратавалі яго жыццё.
У хуткім часе Шлёма выехаў у Польшчу, адтуль эмігрыраваў у ЗША. Але пра сваіх выратавальнікаў не забываў да канца дзён. Спачатку вёў перапіску з Аленай Півінскай, якая таксама апынулася ў Польшчы, пасылаў ёй падарункі і прывітанні для ўсіх сясцёр і маці Юзэфы Юр’еўны. Калі з’явілася магчымасць, стаў пісаць і ў Беларусь, і Півінскім, і Станкевічам, таксама слаць падарункі.
Быць удзячным – адна з найвялікшых чалавечых маральных якасцей. Шлёма Гейдэнсон не толькі сам памятаў пра сціплых людзей, якія здзейснілі сапраўдны подзвіг і ніколі гэтым не хваліліся, але і прывіў павагу да іх сваім дзецям. Яго сын Сэм Гейдэнсон, што стаў членам Кангрэса ЗША, падчас сваёй службовай камандзіроўкі ў Літву па просьбе бацькі прыехаў у наш раён, наведаўся да ўсіх членаў сем’яў Півінскіх і Станкевічаў, хто жыў тут, прывёз яшчэ адно прывітанне-падзяку ад бацькі, усклаў вянок на месцы, дзе былі расстраляны ў ліку іншых яўрэяў яго бабуля з дзедам і цётка.
Сэм Гейдэнсон звярнуўся з хадайніцтвам у ізраільскі Міжнародны інстытут па вывучэнні гісторыі Халакосту аб прысваенні звання Праведнікаў народаў свету сем’ям Півінскіх і Станкевічаў. Хадайніцтва было задаволена. Юзэфе Півінскай такое званне было прысвоена пасмяротна. Імёны нашых землякоў-герояў увекавечаны ў дзяржаўным нацыянальным мемарыяльным комплексе гісторыі Халакосту “Яд ва-Шэм”.
P.S. Рэдакцыя выказвае вялікую падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу ўнучцы Юзэфы Півінскай, дачцэ Міхаліны Півінскай-Манолік Ганне Антонаўне Самковіч.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота з сямейнага архіва Г. Самковіч.