Молодые специалисты прибыли в Докшицкую центральную районную больницу

IMG_9550

Чатыры маладыя спецыялісты прыбылі сёлета па размеркаванні ў Докшыцкую цэнтральную раённую бальніцу.

Гэта ўрач-стаматолаг-тэрапеўт Кацярына Лукіна, зубны тэхнік Юлія Шышова, фельчар-лабарант Марыя Кулевіч і тэхнік-масажыст Паліна Палтаран (на здымку справа налева).

Кацярына родам з Пінска, Юлія са Смалявіч, Марыя з Віцебска, Паліна – з Докшыц. Кацярына закончыла Віцебскі медыцынскі ўніверсітэт, астатнія дзяўчаты – каледжы.

Маладых спецыялістаў шчыра прывіталі калегі. Мерапрыемства з гэтай нагоды адбылося ў актавай зале ЦРБ. Галоўны ўрач Вераніка Рамановіч павіншавала новых медработнікаў з пачаткам працоўнай дзейнасці і пажадала прафесійнага росту, глыбокай прыхільнасці да справы, якую яны абралі. Старшыня прафкама бальніцы Вольга Камінская ўручыла віноўніцам урачыстасці памятныя падарункі.

У гутарцы з карэспандэнтам “РВ” новаспечаныя спецыялісты заўважылі, што ў бальніцы створаны ўсе неабходныя ўмовы для работы, а старэйшыя калегі заўжды гатовы прыйсці на дапамогу.

– Дзякуй калектыву за цёплы прыём, – выказалася Кацярына Лукіна. – Радуе добрая матэрыяльная база ўстановы – у прыватнасці, стаматалагічнага аддзялення, а значыць, ёсць магчымасць набрацца вопыту, тым больш што калегі са стажам маюць вялікі багаж ведаў і ахвотна імі дзеляцца.

Што немалаважна, іншагароднія спецыялісты забяспечаны жыллём.

Кацярыне, якая прыехала ў Докшыцы разам з мужам, выдзелілі двухпакаёвую арэндную кватэру ў новым доме. Юлія засялілася ў асобны пакой бальнічнага інтэрната, дзе створаны добрыя бытавыя зручнасці: ёсць халадзільнік, пральная машына, мікрахвалёўка.

Марыя выбірала раён загадзя і мэтанакіравана, бо тут жыве яе каханы чалавек, таму праблема з жыллём перад спецыялістам не стаяла. А дакшычанка Паліна задаволена, што вярнулася дамоў і будзе жыць разам з роднымі пад адным дахам.

Прыезджыя медыкі прызнаюцца: бацькі напачатку хваляваліся, што іх дзеці будуць жыць і працаваць у невялічкім гарадку. Але ж трывогі хутка развеяліся, бо, як растлумачылі ім дачушкі, Докшыцы – прыгожыя, мясцовыя жыхары – прыязныя, а рабочыя месцы – камфортныя.

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *