Николай Яцкевич из деревни Клепицы принимал участие в прорыве блокады под Ушачами

Сяржант Мікалай Яцкевіч. 9 мая 2011 года і 1945 год (?)

Сяржант Мікалай Яцкевіч. 9 мая 2011 года і 1945 год.

У юбілейны год Вялікай Перамогі, напярэдадні святочнай даты, рэдакцыя “РВ” сумесна з райкамам ГА “БРСМ” запусцілі анлайн-праект “Подвиг деда для Победы”. Неабходна было даслаць у чат-бот “Родных вытокаў” невялікую сямейную гісторыю пра блізкага чалавека, якому давялося зведаць ваеннае ліхалецце, і два здымкі: знятага ў той час родзіча і сваё сённяшняе. Пры дапамозе спецпраграмы людзі на фота “ажывалі”, і ўдзячны нашчадак абдымаў свайго продка.
У адным з такіх паведамленняў знаходзіліся здымак сяржанта Мікалая Яцкевіча і яго праўнука, а таксама інфармацыя пра ветэрана. Адчувалася, што яе збіралі скрупулёзна, і не адзін дзень.

Конкурс
Сапраўды, сямейныя фотаздымкі і ўзнагароды Мікалая Яцкевіча, што беражліва захоўваюцца яго дачкой Алай Камінскай, сталі прадметам вучнёўскага даследавання. Навучэнка Крулеўшчынскай СШ імя І.П. Ціткова Вікторыя Каланіцкая разам з настаўніцай Наталляй Рандарэвіч падрыхтавалі работу на конкурс “Гартаючы старонкі сямейнага альбома”. Яе асноўную частку складае аповед пра жыццёвы шлях Мікалая Яцкевіча, занатаваныя ўспаміны, фотаздымкі розных гадоў.

Пасведчанне да медаля “За ўзяцце Берліна”. Кастрычнік 1946 года.

Пасведчанне да медаля “За ўзяцце Берліна”. Кастрычнік 1946 года.

Жыццё і ўспаміны
Мікалай Яцкевіч нарадзіўся 27 жніўня 1924 года ў сялянскай сям’і Міхаіла Іванавіча і Васілісы Пятроўны ў вёсцы Кляпіцы. Скончыў чатыры класы беларускай школы.
З 1941 года знаходзіўся ў школе ФЗН (фабрычна-заводскае навучанне). Раніцай 25 чэрвеня наляцела нямецкая авіяцыя і пачала бамбіць аэрадром у вёсцы Малажане. Кіраўніцтва школы распусціла навучэнцаў. Мікалай накіраваўся дадому ў Кляпіцы. Як і многім падлеткам, юнаку даводзілся часта хавацца, каб не павезлі ў Германію.

Праз два гады, у верасні 1943 года, немцы спалілі вёску. Мікалай узяў дзве прыхаваныя рускія вінтоўкі, якія знайшоў раней, калі нашы адступалі, і пайшоў у партызаны. Трапіў у брыгаду А.Д. Мядзведзева (пазней ёй будзе прысвоена імя ЦК КП(б)Б. – Рэд.).

“Нас навучылі карыстацца толам, каб мы маглі ўзрываць чыгунку. Дадуць 10 шашак падматаць да стыку рэек ад станцый Валодзькі, Круляўшчызна і да Падсвілля”.

Аднойчы група з васьмі чалавек, у якой Мікалай быў кулямётчыкам, атрымала заданне знішчыць мост ва ўрочышчы Вінцэнтова, недалёка ад Янушэва. Для гэтага партызаны выкарыстоўвалі нямецкія бомбы, што не ўзарваліся пры падзенні. Калі ж вораг выявіў групу, моста ўжо не было, а разам з ім і 11 патрульных фрыцаў.

У адным з баёў Мікалай атрымаў раненне. Пасля лячэння ў шпіталі вярнуўся ў брыгаду імя У.І. Леніна. У красавіку 1944 года, на Вялікдзень, пачалася блакада (нямецкая карная аперацыя “Вясновае свята”, якая была накіравана супраць партызан і мірнага насельніцтва Полацка-Лепельскай партызанскай зоны. Толькі ноччу з 4 на 5 мая вогненнае кальцо блакады было разарвана, партызанскія фарміраванні нанеслі моцны ўдар праціўніку і выйшлі з акружэння.– Рэд.) “Брыгад было многа. Мы былі акружаны, даводзілася выходзіць з блакады, хто як мог, ва ўсе бакі. Прабіраліся паміж Падсвіллем і Зябкамі. Начальнік штаба брыгады Сяргей Сафонаў узяў мяне ад’ютантам, даў каня. На ім я перапраўляўся праз раку за вёскай Зябкі. Плаваць не ўмеў, трымаўся за грыву.

Далей рушылі праз зараснікі і трапілі на засаду: нямецкі бункер з кулямётам. Аднак назад дарогі ўжо няма. Было нас 9 чалавек. Вырашылі стаяць да апошняга патрона, толькі не здавацца.”

Лёс зміласцівіўся. Партызаны пашкадавалі нямецкага салдата, які выйшаў з бункера па патрэбе, і ў знак падзякі той не пачаў страляць.

Затым група накіравалася ў Астравецкі раён, дзе адбіла ў немцаў станцыю Гудагай, перарэзала ім шляхі да адступлення. А праз некалькі дзён далучыліся да войскаў Чырвонай арміі.
Потым Мікалай Яцкевіч трапіў у горад Багародск Горкаўскай вобласці, дзе вучыўся на шафёра і танкіста. Тры месяцы – і на фронт. У складзе 620-й асобнай аўтатранспартнай роты падвозіў боепрыпасы да перадавой. Давялося нават кіраваць амерыканскімі студэбекерамі. Так юнак і дайшоў да Берліна.

Пасля заканчэння вайны Мікалай Яцкевіч атрымаў званне сяржанта, служыў загадчыкам склада, на перавалачнай базе ў Варшаве, Шчэціне. У чэрвені 1947 года дэмабілізаваны.

Узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі “За ўзяцце Берліна” і “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.”, мноствам юбілейных медалёў.

Мірнае неба
Вярнуўшыся, Мікалай Яцкевіч ажаніўся з Антанінай, дзяўчынай з роднай вёскі. Уладкаваўся шафёрам у палітаддзел Крулеўшчынскай МТС, потым адпрацаваў 10 гадоў у саўгасе “Докшыцкі”. У 1968 г. прызначаны загадчыкам саўгаснай нафтабазы. На заслужаны адпачынак Мікалай Міхайлавіч пайшоў у 1987 годзе.

За добрасумленную працу і высокія вытворчыя паказчыкі Мікалай Яцкевіч узнагароджаны медалём ад імя Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, знакам “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва” Міністэрства сельскай гаспадаркі СССР і ЦК прафсаюза рабочых і служачых сельскай гаспадаркі, медалём “Ветэран працы”, шматлікімі граматамі. Часта атрымліваў грашовыя прэміі.

Разам з жонкай яны пражылі амаль 60 гадоў.

Механічны гадзіннік з боем Мікалай Яцкевіч прывёз у падарунак каханай Антаніне з вызваленага ад фашыстаў Берліна. Вялікі драўляны корпус давялося пакінуць, бо займаў многа месца. А дома Мікалай – майстар на ўсе рукі – зрабіў новы. Верай і праўдаў служыў трафейны гадзіннік сваім гаспадарам. А зараз беражліва захоўваецца нашчадкамі як памяць, як сведка гісторыі роду.

5

Падрыхтавала Наталля ВАСЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *