Праздник деревни Студёнка
Днямі ў рэдакцыю звярнулася жыхарка вёскі Студзёнка, што на Бягомльшчыне, Яніна Сяліцкая. Жанчына была пад вялікім уражаннем ад свята, якое зладзілі ў Студзёнцы 17 жніўня, і вельмі хацела на старонках раёнкі ад імя сваіх землякоў падзякаваць усім, хто не застаўся абыякавым да падзеі.
Раней Студзёнка гаманіла не на адзін дзясятак галасоў, зараз жа пастаянна ў ёй пражывае дзесяць чалавек. Гэта лічба павялічваецца летам за кошт так званых дачнікаў, з якіх шмат ураджэнцаў мястэчка і проста неабыякавых да жыцця на летніку людзей, што набылі вясковыя хаты ў гэтым надзвычай маляўнічым куточку. Як і заведзена, ёсць у Студзёнцы і свой старэйшына. На агульным сходзе гэтую пачэсную місію землякі даверылі Анатолю Тубальцу, месцічу, дбайнаму гаспадару і добраму чалавеку, які працуе ў Бягомльскім лясгасе. Менавіта Анатоль Дзмітрыевіч разам з Янінай Станіславаўнай духмяным караваем сустракалі шаноўных гасцей свята: старшыню Бягомльскага сельскага Савета дэпутатаў Сяргея Захарэвіча і кіраўніка Бягомльскага дома культуры Зою Трахініну (на здымку). Дарэчы, Яніна Станіславаўна не толькі спякла караваі, але і перадала ўласнаручна зробленую выяву Уладзімірскай Божай Маці храму ў Бягомлі. Дзея адбывалася на заасфальтаванай пляцоўцы, упрыгожанай кветкамі, якіх багата на панадворках Студзёнкі. Кожны з месцічаў таксама прыгатаваў пачастункі да свята. Пасля сяброўскага прывітання імправізаваная сцэна была аддадзена пад канцэртную праграму, якую зладзіў Бягомльскі дом культуры і яго надзейныя памочнікі – мясцовыя артысты. Студзёнкаўцы хораша прымалі сольныя выступленні Івана Пусташылы, Зоі Трахінінай, вядомыя кожнаму найгрышы Івана Пятровіча, танцавальныя і вакальныя дзіцячыя нумары. Кожны выхад артыстаў зрываў гучныя апладысменты. Ужо потым, пад завяршэнне дня, аднавяскоўцы яшчэ доўга не хацелі разыходзіцца: было што абмеркаваць і прыгадаць. Ну і галоўнае – вырашылі ў абавязковым парадку зладзіць такую ж сустрэчу на наступны год. І, мяркуючы па ўпэўненасці, з якой гэтай ідэяй падзяліліся з рэдакцыяй, так і будзе.
Наталля СТАШЭВІЧ.