«Родилась с наперстком», — так говорит о себе Кристина Ковель из деревни Глинное

Крысціна Ковель у сваім “атэлье”  з   той самай стогадовай машынкай.

Крысціна Ковель у сваім “атэлье” з той самай стогадовай машынкай.

Людзі, надзеленыя звыш талентамі, несумненна шчаслівыя. Іх жыццё яркае, напоўненае задавальненнем, якое дорыць любімы занятак. А вынікі яго прыносяць задавальненне іншым, і гэта толькі павялічвае радасць ад стваральнай працы. А калі талент яшчэ памножаны на вулкан неўтаймоўнай энергіі, як у нашай гераіні, жыхаркі вёскі Гліннае Крысціны Ковель, то атрымліваеш падзарадку, як ад маленькай электрастанцыі. З такімі людзьмі хочацца быць побач, з імі ў самы пахмурны дзень наваколле  іграе ўсімі колерамі вясёлкі, яны натхняюць і абуджаюць жаданне жыць.

Крысціна Арцёмаўна мае адзіны запіс у працоўнай кніжцы і працоўны стаж ажно сорак два гады. Менавіта столькі аддала яна камбінату бытавога абслугоўвання ў Глінным, дзе займалася кравецтвам і прымала заказы ад насельніцтва.

– Пад стракатанне швейнай машынкі, сярод горак каляровых тканін прайшло маё дзяцінства і юнацтва ў невялікай вёсачцы Валасатка, якая ўжо закончыла сваё існаванне, – успамінае суразмоўца. – Мае мама і цёця выдатна кроілі і шылі рознага роду адзенне. Бабуля ў маладыя гады была ў пана ахмістрыняй, дык і навучылася не толькі дамаводству, але і рукадзеллю, у тым ліку шыццю. Безумоўна, мела для гэтага здольнасці, якія перадаліся па спадчыне. Маміна карміліца – нямецкая машынка “Singer” – была куплена ў 1938 годзе ў яўрэйскай краме ў Докшыцах за вялікія грошы. Падчас вайны мама разабрала яе, запчасткі склала ў бітон і закапала ў надзейным месцы. Расказвала, што і немцы прыходзілі, каб забраць яе – вядома ж, па наводцы, і так званыя “партызаны”, чыім іменем прыкрываліся аматары нажывы. Немцам сказала, што забралі партызаны, а тым – што немцы. Так і захавала каштоўную рэч. І ведаеце, машынка, якой ужо каля сотні гадоў, бездакорна працуе па сённяшні дзень, хаця і сучасная, электрычная, у мяне, канешне ж, ёсць.

Крысціна Арцёмаўна распавядае, як з малых гадоў хацелася ёй шыць, як не ўяўляла сябе ў іншай прафесіі, хаця займацца любіла – і да гэтай пары захавала такую якасць – шмат чым, як плакала мама, калі яна паступіла ў Полацку на краўца верхняга адзення: не хацела, каб дачка ўсё жыццё карпела за машынкай, як казала, “нажывала хваробы спіны ды псавала зрок”. А яна была шчаслівай: мара ажыццявілася!

Скроіць і пашыць наша гераіня можа ўсё, пачынаючы ад фартуха і заканчваючы паліто. Людзі звяртаюцца да майстрыхі і на пачатку яе восьмага дзясятка з просьбамі штосьці пашыць, адрамантаваць ці перашыць.

– У прыродзе кругаварот вады, а ў маім доме – кругаварот адзення, – смяецца Крысціна Арцёмаўна. – Была сукенка – стала спадніца, была спадніца – стала камізэлька. Рух! Навізна! Ды і эксперыментаваць – гэта маё, прычым не толькі ў шыцці.

Для любімай справы нават майстэрня ёсць – асобны домік на падворку, які ў халодную пару ацяпляецца печкай. Для сваёй дарагой паловы тут пастараўся муж, заўчасны зыход якога гэта сонечная жанчына востра перажывае і зараз, праз гады. Але хандры, адзначае, не дазваляе паддацца ніколі. Шчырая верніца, яна ўпэўнена: жыццё – Божы дар, а дары даюцца нам для радасці. Што ж яшчэ прыносіць ёй радасць?

– Дзеці, вядома, і ўнукі. Хоць дачушку з зяцем і ўнучак бачу радзей, чым сынаву сям’ю, бо жывуць яны на Кіпры, але ж я з Інтэрнэтам не на “вы”, таму зносіны самыя цесныя і цёплыя. Энергіі ў мяне цераз край: і агародам займаюся з ахвотай, і кветкі саджаю, дзе толькі магу ўскапаць зямлю. У сацсетках, бывае, завісну, але больш жыву рэальным жыццём. Збор грыбоў, ягад – абавязкова! Дзве казы ў мяне, казляняты, куры – усе клопат ды ласку любяць. Карову яшчэ не так даўно трымала.

У доме Крысціны Арцёмаўны сучасны рамонт, але яна захавала рускую печ, якой перыядычна карыстаецца, калі хоча прыгатаваць нейкую нацыянальную страву ці падсушыць травы, збіраць якія і выкарыстоўваць, як сама жартуе, у медыцыне і кулінарыі, вялікі аматар. Дарэчы, пра кулінарыю. Чаго толькі не ўмее гатаваць суразмоўца! Апошнім часам захапілася выпечкай пірагоў (ёсць каштоўная кніга па дамаводстве 1961 г.в.) і вырабам цукатаў. Актыўная ўдзельніца аматарскага аб’яднання “Медуніца” пры мясцовым клубе. Абавязковая прагулка з сабакам Кузем – штодзень, у любую пару года і любое надвор’е, не менш за чатыры кіламетры.

Нарадзілася з напарсткам – так Крысціна Ковель гаворыць пра сябе. А хочацца дадаць: і яшчэ з кучай усялякіх прылад для працы, а галоўнае – з праменьчыкам святла ў душы.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *