Средней школе № 1 г. Докшицы присвоено имя Героя Советского Союза Ивана Полевого
Знамянальная падзея адбылася ў сярэдняй школе № 1 г. Докшыцы: установе прысвоена імя Героя Савецкага Саюза Івана Палявога. Мерапрыемства з гэтай нагоды прайшло ў рамках святкавання Дня горада.
Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел кіраўніцтва раёна, ганаровыя госці, настаўнікі і ветэраны педагагічнай працы, навучэнцы і іх бацькі.
У 1944 годзе лётчык Іван Палявой пры выкананні баявога задання разам з экіпажам загінуў на тэрыторыі нашага раёна. Змагары былі пахаваны на могілках у вёсцы Малажане, каля якой і адбылося крушэнне. А ў 1963-м перапахаваны ў Брацкай магіле на гарадской плошчы ў Докшыцах, якая была названа ў гонар Палявога.
Трэба заўважыць, што ў мінулым першая гарадская школа ўжо насіла імя Івана Сцяпанавіча, але ў сілу аб’ектыўных прычын ганаровая “прыстаўка” да назвы ўстановы была страчана. Таму зараз можна сказаць, што школа вярнула імя Героя.
Права адкрыць інфармацыйную дошку было дадзена старшыні абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрыю Дзямідаву, старшыні райвыканкама Сяргею Абіралу, генерал-маёру запасу Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь Віктару Гулевічу і дырэктару СШ № 1 г. Докшыцы імя І.С. Палявога Івану Шкелку.
Калектыў школы павіншавала старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч. Яна пажадала вучням раўняцца на такіх герояў, якім быў Іван Палявой, шанаваць гісторыю роднага краю і мірнага неба над галавой. Найлепшыя пажаданні выказаў і Віктар Гулевіч.
Іван Шкелка падзякаваў усім зацікаўленым за дапамогу ў аднаўленні справядлівасці, у прыватнасці, райвыканкаму, дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Анатолію Сіўко, Віктару Гулевічу, педагогам, вучням і іх бацькам. Гэта сапраўдны падарунак для школы ў год 80-годдзя Вялікай Перамогі, падкрэсліў Іван Шкелка.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.