В Докшицком районе лидерами кормозаготовки стали работники ОАО «Торгуны» и ОАО «Барсучанка»

Пасля ўзнагароджання: (злева направа) Андрэй Зінькевіч, Вячаслаў Аніковіч, Васіль Васюковіч.

Пасля ўзнагароджання: (злева направа) Андрэй Зінькевіч, Вячаслаў Аніковіч, Васіль Васюковіч.

У раёне падведзены вынікі спаборніцтва па нарыхтоўцы кармоў. Гэтым разам лідарамі сталі работнікі двух сельгаспрадпрыемстваў – ААТ “Таргуны” і ААТ “Барсучанка”.

Дыпломы ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама і райкама прафсаюза работнікаў АПК уручыў пераможцам разам з грашовымі прэміямі старшыня райкама прафсаюза Васіль Васюковіч.

На касьбе траў сёлета вызначыўся Сяргей Пецько з ААТ “Таргуны”. Сяргей Пятровіч стаж працы ў сельскай гаспадарцы мае большы за чатыры дзясяткі гадоў і разам з ім аўтарытэт добрасумленнага і адказнага работніка і сапраўднага прафесіянала. Трактар Fendt 747, якому ўжо восем гадоў, дзякуючы клапатліваму догляду механізатара выглядае і функцыянуе як новы. Тое ж можна сказаць і пра касу, ну а якасць касьбы без перабольшвання ахарактарызаваць модным зараз словам “брэндавая”. Да віншаванняў прафсаюзнага лідара раёна далучыўся кіраўнік галіны раслінаводства гаспадаркі Андрэй Зінькевіч.

Сяргей Пецько.

Сяргей Пецько.

На здрабненні зялёнай масы не было роўных трактарысту-машыністу гэтага ж сельгаспрадпрыемства Вячаславу Аніковічу. Высокую планку Вячаслаў Іванавіч трымае не гады – дзесяцігоддзі, і слава аб ім як аб хлебаробе найвышэйшага класа даўно ўжо перасягнула межы раёна. Чарговая перамога – яшчэ адзін яркі пазл у мазаіку яго дасягненняў. І можна быць упэўненым – не апошні.

“Барсучанка” таксама можа ганарыцца перамогай у дзвюх намінацыях. Заваявалі яе механізатары Мікалай Баброўскі – на перавозцы зялёнай масы і Уладзімір Андрыеўскі – на нарыхтоўцы “зялёнкі” ў стрэйч-плёнку. І Мікалай Віктаравіч, і Уладзімір Аляксандравіч таксама вядомы нашым шматгадовым падпісчыкам, бо, бадай, не прайшло ніводнага года, каб яны не станавіліся героямі публікацый у “Родных вытоках”. Сёлетняя іх перамога – зноў-такі заканамерны вынік нястомнай, нялёгкай і адказнай працы.

Галоўны аграном ААТ “Барсучанка” Андрэй Альхімёнак (злева) віншуе з перамогай Мікалая Баброўскага.

Галоўны аграном ААТ “Барсучанка” Андрэй Альхімёнак (злева) віншуе з перамогай Мікалая Баброўскага.

Уладзімір Андрыеўскі.

Уладзімір Андрыеўскі.

Асабістыя перамогі работнікаў, бясспрэчна, гонар для сельгаспрадпрыемстваў. А якім жа чынам выглядае агульная карціна стварэння кармавой базы на зімова-стойлавы перыяд 2025-2026? Па стане на 30 ліпеня сельгасарганізацыямі раёна пры плане 83 300 тон сенажу нарыхтавана 71 914 тон, што складае 86,3 працэнта. Сена пры плане 3400 тон маецца 1498 тон (44 працэнты ад неабходнай колькасці). У сувязі з неспрыяльнымі ўмовамі надвор’я нарыхтоўка сена ідзе асабліва складана. Сярод гаспадарак на нарыхтоўцы кармоў несумненным лідарам з’яўляецца ААТ “Бягомльскае”, дзе сенажу закладзена 109,8 працэнта да запланаванага аб’ёму, у тым ліку ў палімернай упакоўцы 146,1 працэнта. На другім месцы ўпэўнена ідзе ААТ “Таргуны” з паказчыкам 22 062 тоны сенажу, што складае 93 працэнты да плана. Нядрэнна абстаяць справы ў ДП “АграСітцы” (89,9 працэнта), ААТ “Барсучанка” (89,8) і КУП “Докшыцкі” (88). Па нарыхтоўцы зялёнай масы ў стрэйч-плёнцы добрыя паказчыкі ў ДП “Гняздзілава-Агра” (97 працэнтаў), КУП “Докшыцкі” (87) і ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” (77). На касьбе траў другога ўкосу лідарства таксама ў ААТ “Бягомльскае”, дзе работы праведзены больш чым на палове плошчаў.

Па колькасці цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, як вынікае з папярэдняй інфармацыі, першынство трымае ААТ “Бягомльскае” з паказчыкам 15,80. Практычна наступае гэтаму сельгаспрадпрыемству на пяткі ДП “АграСітцы”, дзе на дадзеным этапе нарыхтавалі 15,25 ц.к.адз. і ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года павялічылі паказчык на 3,55 ц.к.адз. Найбольшы ж адрыў ад леташніх лічбаў у ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”. Там летась на канец ліпеня было нарыхтавана 8,13 ц.к.адз., сёлета ж – 13,08. Сярэдні паказчык па раёне – 13,04 ц.к.адз., і гэта крыху больш, чым у 2024 годзе.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *