Знаком качества неизменно оценивается труд передового механизатора ОАО «Торгуны» Вячеслава Аниковича

IMG_7754 с

Не проста майстар – ас у сваёй справе. Чалавек, які да тэхнікі адносіцца як да жывой істоты, – з вялікай любоўю. Прафесіянал, які проста не ўмее выконваць работу дрэнна. Патрыёт, улюбёны ў родную зямлю, сваю малую радзіму. Шматразовы пераможца не толькі раённых, але і абласных спаборніцтваў як на корманарыхтоўцы, так і на жніве. Ардэнаносец. У трыццаць шосты раз шчыруе на хлебнай ніве ААТ “Таргуны” на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур трактарыст-машыніст Вячаслаў Аніковіч.

На чым бы ні давялося працаваць за тры з паловай дзесяцігоддзі, цалкам аддадзеных роднаму сельгаспрадпрыемству, – уся тэхніка, замацаваная за Вячаславам Іванавічам, выглядае так, нібыта нядаўна сышла з канвеера, і функцыянуе адпаведна. Ён і сам ушчэнт разбівае стэрэатыпны вобраз механізатара ў прамасленай робе, у пальчатках, выпацканых мазутам. Так, падчас рамонту без гэтага немагчыма, але і тады ўмудраецца быць акуратным. А за рулём, у кабіне, дзе заўжды ідэальны парадак, выглядае так, што, напрыклад, з мосціка камбайна можна адразу выходзіць на сцэну – без аніякага перабольшвання (на здымку).

На новы гомсельмашаўскі камбайн Вячаслаў Іванавіч перасеў у 2023 годзе. Жняярка ў гэтай магутнай машыне – ажно 9,2 метра. Зразумела, кіраваць больш складана, але ж што для такога аса палёў якіясьці новыя нюансы ў рабоце? Назіраць, як працуе Аніковіч, сапраўднае задавальненне: велізарны камбайн пад яго ўпраўленнем, здаецца, плыве ў залацістых каласах з лёгкасцю марской яхты. А як манеўруе – дух захоплівае!

Заўжды прыязны, шчыры, адкрыты, перадавы таргуноўскі механізатар, нягледзячы на ўжо не дзясяткі нават – сотні сваіх маленькіх і вялікіх перамог, на зорную хваробу не пакутуе. “Няма калі фарсіць, – смяецца, – працаваць трэба”. Што тут можна дадаць? Толькі схіліць у пашане галаву.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслаў ЧАРВІНСКІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *