Пятьдесят лет совместной жизни отпраздновали Николай и Раиса Яшкевичи из деревни Лапуты
Пятьдесят лет совместной жизни отметили шестого ноября жители деревни Лапуты Раиса и Николай Яшкевичи. Полвека в любви и согласии – большое счастье. «Каждый день благодарю Бога за то, что мы вместе, и прошу, чтобы те годы, что нам остались, тоже были совместными», — говорит Раиса Евгеньевна, и ее синие-синие глаза влажнеют…
Пяцьдзясят гадоў… Для падлеткаў яны здаюцца велізарным адрэзкам часу, пасля трыццаці ўспрымаюцца як свайго роду рубеж, за якім будзе ўжо нейкае іншае існаванне. І толькі тыя, для каго салідная дата засталася ў мінулым, адзначаюць, што пяцідзесяцігоддзе – цудоўны ўзрост: прыходзіць мудрасць і ёсць яшчэ такія-сякія сілы. Па-рознаму бывае ў тых пар, што гэтыя дзесяцігоддзі пражылі разам. Адных аб’ядноўвае звычка, іншыя так і застаюцца чужымі людзьмі, зведзенымі нейкімі жыццёвымі абставінамі ці ў выніку неабдуманага кроку. Гэтая іх адасобленасць бачыцца і адчуваецца адразу, хоць і лічыцца сям’я моцнай, хоць і дзеці ў ёй выхоўваюцца годнымі людзьмі. Аднак ёсць такія сем’і, дзе нават паветра, здаецца, пранізана любоўю. І не трэба ніякіх слоў – усё чытаецца ў позірках, жэстах, момантах узаемаадносін. Спадары Яшкевічы, да якіх мы наведаліся напярэдадні іх залатога вяселля, пранеслі сваё каханне праз гады і выпрабаванні як крохкі сасуд, напоўнены да краёў чыстай вадой.
– Мы абое родам з вёскі Калягі, што ў Крыпульскім сельсавеце, – праводзіць экскурс у мінулае Раіса Яўгенаўна. – Знаёмыя былі, канешне, з маленства, але Коля старэйшы за мяне на пяць гадоў, таму і ўвагі яго ўдастоілася толькі пасля вяртання з арміі – а я тады ў дзявятым класе вучылася. І ў мяне, і ў яго гэта было першае і адзінае каханне. Так марылі быць разам, што 22 кастрычніка мне споўнілася васямнаццаць, а на шостага лістапада ўжо вяселле назначылі.
– Ох і вяселле ў нас было! – далучаецца да размовы Мікалай Аляксандравіч. – Нам, ашалелым ад шчасця, яно, канешне, хвілінай падалося, а радня ды сябры выпалі з жыцця ледзь не на тыдзень: гуляць пачалі ў чацвер – закончылі ў нядзелю. Ды той-сёй яшчэ і да аўторка пратрымаўся, – смяецца.
Пяць гадоў маладыя пражылі з Раінай сям’ёй – мамай і трыма яе малодшымі дзецьмі. Бацька рана пайшоў з жыцця, і жанчыне, вядома ж, патрэбна была дапамога. А пасля, ужо з сыночкам Андрэем, перабраліся ў Докшыцы. Мікалай уладкаваўся працаваць цесляром на гаспадарча-разліковы прарабскі ўчастак. Атрымалі дом, у якім нарадзілася яшчэ дачушка Аня і ў якім пражылі чвэрць стагоддзя.
– А затым Андрэй наш ажаніўся, і мы вырашылі, што маладой сям’і трэба жыць асобна, – распавядае далей прыязная гаспадыня. – Коля звярнуўся да тагачаснага дырэктара райаграсэрвіса, дзе ўжо працаваў, Мікалая Іванавіча Шульгата, і з яго дапамогай перасяліліся вось у гэты дом у Лапутах, дзе нам добра ўдваіх і да дзяцей блізка.
Асноўны працоўны стаж Мікалая Аляксандравіча звязаны з райаграсэрвісам – там ён шмат гадоў рупіўся механізатарам. Пачынаў, згадвае, на трактары ДТ-20 без кабіны. Паступова “эвалюцыяніраваў” да МТЗ-80. Мае за сумленную працу шмат узнагарод, але самай памятнай і дарагой лічыць пуцёўку ў санаторый Кастрамы. Гэта паездка была найбольшым тэрмінам разлукі нашых герояў. Ці не баяліся адпускаць Мікалая Аляксандравіча ў плане паўтарэння гісторыі Васі і Надзі Кузякіных з камедыі “Любовь и голуби”? – цікавімся. “Ды ну! Чаго там баяцца?” – адмахваецца былы “санаторнік”. “Не баялася, але не тое што дні – гадзіны лічыла да яго вяртання”, – кажа Раіса Яўгенаўна. “Во калі прызналася!” – са смехам рэагуе галава сям’і і глядзіць на жонку цёплымі вачыма.
Раіса Яўгенаўна, як і яе палова, праяўляе ва ўсім стабільнасць. Трыццаць гадоў адпрацавала на адным месцы – памочнікам выхавацеля ў дзіцячым садзе № 3. Дома, канешне, таксама трымалі гаспадарку і, сцвярджаюць, ніколі не дзялілі працу, стараліся ўсё рабіць сумесна. І прадаўжаюць так. У выніку хваробы Раісе Яўгенаўне хадзіць стала цяжэй, а спартыўны Мікалай Аляксандравіч носіцца на веласіпедзе толькі так. Таму дастаўка прадуктаў, збор ягад і грыбоў – толькі нядаўна падзялёнкамі сваю Раю пацешыў, розныя, як жартуе, “дальнабойныя” справы – за ім. Гаспадыня вельмі любіць кветкі, саджае іх шмат, дык і ў кветніку яе верны рыцар памочнік, і на немалым агародзе, і ў доме падчас генеральных уборак. “Як жа мне ім не даражыць? – зноў наліваюцца слязьмі вочы гэтай прыгожай і абаяльнай жанчыны. – Ён жа самы лепшы ў мяне…” Сапраўды, кранальна да слёз.
Пакуль раздумвалі, у якім ракурсе зрабіць здымак гэтай цудоўнай сямейнай пары, Мікалай Аляксандравіч падсеў да жонкі на канапу і беражліва абняў. Так і сфатаграфавалі іх, блізкіх найперш душамі.
…Дзеці і ўнукі рыхтуюць ім да залатой даты шмат сюрпрызаў. Хай жа гэты дзень запомніцца вам, мілыя людзі, не менш, як той, паўвекавой даўнасці. А мо і вяселле будзе доўжыцца, як тады, – чатыры дні?
Цытатай
“Каханне – гэта падмурак для ўсяго астатняга, што павінна быць паміж мужам і жонкай: павагі адно да аднаго, сумесна прымаемых рашэнняў, узаемных інтарэсаў, заўсёднага знаходжання кансэнсусу ў спорных пытаннях, шкадавання ў рэшце рэшт. Любіш чалавека па-сапраўднаму – усё гэта “надбудуецца”, як сцены і дах у доме”.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

