Полистаем страницы истории ситцевской земли, опаленной Великой Отечественной

Ситцы с

Пачатак акупацыі

Пра пачатак вайны жыхары вёскі Сітцы даведаліся па радыё.

23 чэрвеня 1941 года ўсе мужчыны прызыўнога ўзросту пехам накіраваліся ў Докшыцы і Будслаў, аднак назаўтра вярнуліся дадому, бо цягнік, на якім іх павінны былі адправіць на фронт, трапіў пад бомбы. Прызыўнікі расказвалі, што ў Докшыцах пачалася эвакуацыя партыйных работнікаў, паўсюдна чуўся плач, людзі грузілі рэчы ў машыны.

А ў хуткім часе Сітцы сталі бамбіць самалёты з крыжамі на крылах. Адна бомба ўпала каля школы, якая знаходзілася побач з аэрадромам. Другая ў Двары – былым панскім маёнтку, дзе пасля прыходу савецкай улады размяшчалася кіраўніцтва калгаса. Людзі ў паніцы кінуліся на балота, хаваліся ў межах. З самалётаў стралялі па мірных жыхарах, але больш – па аэрадроме. У час абстрэлу загінулі два савецкія лётчыкі, згарэла некалькі самалётаў. Калі атака закончылася, уцалелыя машыны ўзняліся ў неба і паляцелі на ўсход.

“У дваццатых чыслах ліпеня ў вёску прыйшлі немцы, – расказала сваёй унучцы Жанне Норавіч мясцовая жыхарка Вольга Жалейка, 1922 года нараджэння. – Праз некалькі дзён у дом да адной пажылой жанчыны прыйшло трое чырвонаармейцаў, якія адсталі ад сваіх, і тая прапанавала паказаць дарогу да балота. Салдаты сталі распытваць пра праціўніка, цікавіліся, ці часта па дарозе, што бачная з акна, праходзяць афіцэры. Калі госці вырашылі высачыць і знішчыць ворагаў, жанчына спалохалася. Выйшла з дому нібы па гаспадарцы і накіравалася да гітлераўцаў з даносам”.

…Бой быў кароткім. Адыходзячы да балота, чырвонаармейцы адстрэльваліся, аднак сілы былі няроўнымі: нашы смельчакі былі ўзброены толькі рэвальверамі. Жыцці іх абарваліся за Сітцамі. На тым месцы іх і пахавалі.

– Так і ляжаць у нашай зямлі невядомыя героі ўжо колькі дзесяцігодзяў, і ўвесь гэты час родныя лічаць іх прапаўшымі без вестак, – з болем у голасе сказала Жанна Норавіч.

Помнік землякам у Сітцах.

Помнік землякам у Сітцах.

Аэрадром

Наяўнасць грамадзянскага аэрадрома каля Сітцаў паўплывала на жыццё вяскоўцаў у акупацыі.

– Сітцы і Курдзекі былі заняты немцамі, і большасць з іх абслугоўвала лётнае поле, – падзяліўся ўспамінамі сітцаўчанін Аляксандр Яловік. – У асноўным немцы размяшчаліся па хатах, асабліва шмат іх было ў Курдзеках. Каля гэтай вёскі на полі каля могілак быў абсталяваны фальшывы аэрадром. Уначы для дэзарыентацыі савецкіх лётчыкаў там паліліся агні. А каб нашы не маглі ўначы выявіць сапраўдны сітцаўскі аэрадром, захоўвалася строгая святломаскіроўка. З наступленнем цемнаты немцы абыходзілі вёску і строга сачылі, каб нідзе з акон не прабівалася нават палосачка святла. Інакш – удар прыкладам у шыбу.

Сведкі ваеннага ліхалецця таксама расказвалі, што немцы з азартам стралялі з самалётаў па людзях. Напрыклад, калі родны дзядзька жыхаркі вёскі Пліскі Ганны Платонавай выпадкова трапіў на аэрадром, то нямецкі лётчык ганяўся за ім да таго моманту, пакуль не забіў.

Жыхары вёскі Курдзекі да гэтай пары захавалі нямецкія лістоўкі-звароты да камандзіраў і байцоў Чырвонай Арміі. “Перамога за германскімі войскамі!” – пераконвалі паперкі. На пачатку вайны іх мяшкамі скідвалі на акупаваную тэрыторыю. Але мясцовае насельніцтва жыло верай у сваю Перамогу.

Як палілі Пліскі

“Восенню 1943 года двое нямецкіх афіцэраў прыехалі на агляд моста паміж Сітцамі і Пліскамі, які спалілі партызаны, – успамінала Вольга Жалейка. – Некалькі народных мсціўцаў у той час знаходзілася ў Плісках, і аднаго з іх заўважыў вораг. Пачаўся бой, у выніку якога загінулі два нямецкія афіцэры і адзін партызан.

На наступны дзень фашысты размясцілі на ўзгорку кулямёты і пачалі абстрэл вёскі “гаручымі” кулямі. Жыхарам удалося загадзя даведацца пра расправу і збегчы ў лес. Дома засталася толькі адна кабета – дачка царкоўнага старасты Зузанна. Пакуль карнікі рабілі чорную справу, яна хадзіла з абразом вакол сваёй хаты…”

Зараз цяжка сказаць, па якой прычыне ўцалеў менавіта левы бок вёскі, дзе знаходзілася хата той самай жанчыны, але людзі ўспаміналі, што сям’ю Камылевічаў, з якой паходзіла Зузанна, на пачатку 18 стагоддзя пані Бжастоўская падарыла царкве, таму іх род служыў Богу. Можа, Гасподзь і пашкадаваў сваіх дзяцей па малітве Зузанны…

Архіўны здымак. Соф’я Ючкавіч з праўнучкай Алесяй.

Архіўны здымак. Соф’я Ючкавіч з праўнучкай Алесяй.

Карная аперацыя ў Парэччы

З успамінаў былой жыхаркі вёскі Парэчча Соф’і Ючкавіч, 1932 года нараджэння:

“29 красавіка 1944 года фашысты акружылі нашу вёску. Выгналі людзей з хат і пагналі на луг. Там аб’явілі, што за двух падарваных на міне коней, на якіх ехаў нямецкі афіцэр, будзе расстраляна восем чалавек – па колькасці конскіх ног. Выбралі са строю васьмярых мужчын, яшчэ некалькім сказалі ўзяць лапаты і пагналі на поле за Курдзекамі. Там па дваіх забівалі над выкапанай ямай. Яшчэ дваіх прымусілі сачыць, каб раненыя не вылезлі на паверхню. Тых, хто спрабаваў гэта зрабіць, дабівалі. Шасцёра з расстраляных былі з Парэчча, а двое – бежанцы з Бягомльшчыны. Калі ў вёсцы даведаліся пра здарэнне, падняўся моцны крык”.

А 1 мая 1944 года немцы зноў акружылі Парэчча, зноў выгналі людзей з хат, пазакладалі міны ў печы. Ад выбухаў вёска пачала гарэць. Людзей жа адправілі ў Сітцы – у лагер для ваеннапалонных. Старых і малых павезлі на машынах.

Працаздольных канвоем ганялі на розныя работы: пампаваць ваду, збіраць камяні, нарыхтоўваць дровы, мыць нямецкае абмундзіраванне.

“Планы ў ворагаў былі такія: маладых адправіць на работы ў Германію, а старых і малых загубіць на месцы, – казала Соф’я Іосіфаўна. – Мы не маглі выратавацца, толькі маліліся. Можа, Бог і пачуў нас, паслаўшы збавіцеля. Людзей адпусцілі ў канцы мая. Дапамог Мечыслаў Рачыцкі, як аказалася, кіраўнік акруговага Саюза беларускай моладзі. Ён пераканаў немцаў, што жыхары Парэчча не вінаваты ў дыверсіі”.

Людзей адпусцілі, але сяліцца ім можна было толькі ў вёсках, дзе стаялі немцы: у Курдзеках, Вайтовічах, Сітцах. Жыхары гэтых населеных пунктаў праявілі міласэрнасць, даўшы парачанам прытулак.

Рэдакцыя выказвае падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы публікацыі настаўніку гісторыі Сітцаўскай СШ Тамары Каляга.

Ніна КРУКОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *