Цудадзейныя абразы Маці Божай прыбылі ў касцёл св. Яна Хрысціцеля ў Валкалатах

photo_2025-12-14_09-с1

Незвычайная пілігрымка, якая 12 чэрвеня 2021 года распачала сваё падарожжа з гродзенскай катэдральнай базылікі св. Францішка Ксавэрыя, была арганізавана ксяндзом канонікам Уладзіславам Завальнюком, пробашчам парафіі св. Сымона і св. Алены г. Мінска. Копіі найбольш вядомых цудадзейных абразоў Маці Божай, бласлаўлёныя спачатку Апостальскім Нунцыем арцыбіскупам Антэ Ёзічам, былі правезены ўздоўж межаў Беларусі, а затым сталі пілігрымаваць па парафіях нашай Бацькаўшчыны. У чэрвені 2023 года гэтыя абразы Святой Багародзіцы на плошчы святога Пятра ў Ватыкане благаславіў папа Францішак.

– Марыя сама здаўна выбрала беларускую зямлю і зрабіла яе месцам сваіх аб’яўленняў, – гаворыць ксёндз-пробашч касцёла св. Яна Хрысціцеля ў Валкалатах Алег Півавар. – Будслаў, Браслаў, Бялынічы, Мінск, Гродна, Брэст, Лагішын, Тракелі, Гудагай, Баруны – у гэтых і іншых кутках Беларусі Найсвяцейшая Панна пажадала застацца з намі ў сваіх абразах, каб дапамагаць нам у зямным жыцці і весці нас да свайго сына Езуса Хрыста.

Такім чынам копіі выяў Багародзіцы ў выкананні мастачкі з Маладзечна Ядвігі Сянько (16 цудадзейных абразоў Маці Божай) і айца Яўгеніюша Карпеля пяты год здзяйсняюць перэгрынацыю па парафіях нашай краіны і замежжа.

photo_2025-12-22_11-с

У касцёле св. Яна Хрысціцеля ёсць абраз Езуса Міласэрнага, які яшчэ да вайны перадаў храму ксёндз Сапоцька. Ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк выказаў прапанову, каб сёлета, у год Божай Міласэрнасці, абраз таксама перэгрынаваўся, і ён пабываў у кожным доме парафіі і такім чынам быў асабліва ўшанаваны. Падчас прыезду Уладзіслава Завальнюка ў гэты час айцец Алег, які ведаў пра вандроўку па храмах цудадзейных абразоў, папрасіў ксяндза каноніка аб уключэнні валкалацкай парафіі ў спіс пэрэгрынацыі. Просьба была выканана, і 13 снежня 11 цудадзейных абразоў прыехалі ў Валкалаты з Пастаў. Святыні былі ўрачыста сустрэты: адбылася працэсія са спяваннем Марыйных песень, абразы ўнеслі ў храм 11 сямейных пар, што жывуць у любові і згодзе. Абразы размясцілі так, што да кожнага можна падысці блізка, памаліцца, палюбавацца іх незвычайным святлом і прыгажосцю, сагрэцца ў прамянях вачэй Маці Божай. Парафіянам пашанцавала: абразы прыбылі ў касцёл на завяршэнне перэгрынацыі ў гэтым годзе, таму прабудуць у храме нашмат большы тэрмін, чым у іншых парафіях, – аж да 10 студзеня. У гэты час ёсць магчымасць і вернікам іншых парафій убачыць святыні. Абразы маюць у дыяметры 52 сантыметры, пазалочаныя рамы да іх – 80 сантыметраў. Падчас перамяшчэння яны знаходзяцца ў спецыяльных транспартных кіётах, якія дазваляюць везці іх нават на версе легкавых аўтамабіляў.

photo_2025-12-14_09-с

“Маліся за нас, святая Багародзіца, каб сталіся мы годнымі абяцанняў Хрыстовых!” – прамаўляюць вернікі перад абразамі, і лік Божай Маці ў адзінаццаці выявах непаўторнай прыгажосці, здаецца, становіцца яшчэ больш светлым…

Мастачка Ядвіга Сянько жыве ў Маладзечне. Адукацыю атрымала на факультэце выяўленчага мастацтва Маскоўскага ўніверсітэта мастацтваў. За 35 гадоў творчай дзейнасці напісала больш за 2000 абразоў і карцін на хрысціянскую тэму, як праваслаўных, так і каталіцкіх. Мастачка атрымала бласлаўленне Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха усяе Беларусі Філарэта на напісанне ўсіх вядомых у праваслаўным свеце абразоў. За апошнія 20 гадоў больш за 200 яе персанальных выстаў адбылося ў Беларусі, шмат работ мастачкі знаходзіцца ў прыватных калекцыях у Расіі, краінах Балтыі, Еўропе і Амерыцы.

Алена НЕСЦЯРОНАК. Фота Аўтара.

Марыя ЮЧКАВІЧ.
аг. Сітцы

Абразоў жыватворная сіла
Перэгрынацыя абразоў
Маці Божай з усёй Беларусі –
Падзея вялікая нашых часоў.
Я гэта смела сцвярджаць бяруся.
У нашых суседзяў, у Валкалаце,
Я пабывала, аб чым не шкадую,
Бо пакланілася Божай Маці,
Што апякуецца, просьбы ўсе чуе.
Іконы будуць аж месяц ў касцёле,
Складуць ім многа інтэнцый людзі,
Што йдуць да іх з усяго наваколля.
Калі болей ласка такая будзе?
Чатыры гады абразы вандруюць.
Пачатак – у сумным годзе кавіду.
Апеку цудоўную людзі адчуюць,
Складуць ахвяру,
прамовяць малітву.
Тых абразоў жыватворная сіла
Ўзмацняе вернікаў Беларусі –
Маёй старонкі любай і мілай,
Якой праз жыццё сваё ганаруся.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *