“Мядзведзь” па-докшыцку, або Этнасядзіба “Вецяра” запрашае на тэатралізаваную гульнявую праграму “Паці ў хаце”
Снежань у нашай краіне аб’яўлены месяцам гастранамічнага турызму. І гэта добрая падстава адправіцца ў кулінарнае падарожжа па Беларусі. Беларуская кухня з’яўляецца адной з самых разнастайных сярод іншых на кантыненце. Яна ўнікальная, а яшчэ – сытная і смачная.
Свае асаблівасці мае і старадаўняя кухня Докшыччыны. Адраджэннем і зберажэннем нашай гастранамічнай спадчыны займаюцца народны клуб нацыянальнай кухні і гульні “Шчадроўка” Докшыцкага ГЦК, а таксама аматарскі клуб “Смачна есці” Крыпульскага СДК. Сярод даўно забытых рэгіянальных страў у “Шчадроўцы” можна паспрабаваць аўсяныя супы мілта і жур, раўгеню з жытняй мукі, бульбяныя камы і многае іншае. Цікава, што, у адрозненне ад астатніх славянскіх кухняў, у беларускай практычна цалкам адсутнічалі малочныя стравы і прысмакі. Ласункамі нашых продкаў былі разнастайныя салодкія напоі, а ў якасці дэсертаў – кісялі, ягадныя пірагі. Мяса елі рэдка, калі толькі ў вялікія святы. Распаўсюджаным прадуктам былі сушаныя грыбы, якія часта здрабнялі ў муку. Асаблівы гонар нацыянальнай кухні – традыцыйны беларускі хлеб, які выпякаецца з жытняй мукі без дражджэй, на спецыяльнай заквасцы. Некаторыя нацыянальныя беларускія стравы сталі нематэрыяльнай культурнай спадчынай краіны, як, напрыклад, бульбяныя клёцкі з душамі. Напэўна, самы папулярны пачастунак у беларусаў – дранікі. Спосабаў іх прыгатавання не злічыць. У розных кутках краіны ёсць свае назвы гэтай стравы. Напрыклад, на Віцебшыне можна пачуць такія найменні, як “дзеруны”, “картаплянікі”, “бульбешнікі”, “драчонікі”.
Ці ведаеце вы, што звычайная беларуская бульбяная запяканка з цыбуляй даўней называлася “мядзведзь”? Для яе прыгатавання спатрэбіцца 6 бульбін, 3 цыбуліны, шклянка грыбнога булёну, 50 грамаў алею. Цыбулю трэба нарэзаць кубікамі і абсмажыць на алеі. Бульбу нацерці. У пасудзіну выкласці пластамі, пачынаючы з бульбы. Усё крыху падсаліць. Можна дадаць яшчэ і грыбы. Заліць грыбным булёнам і запячы.
Знаёмства з асаблівасцямі нацыянальнай кухні беларусаў звычайна адбываецца на кожным мерапрыемстве ў этнасядзібе “Вецяра”. Вось і ў гэтыя святочныя дні сядзіба запрашае на тэатралізаваную гульнявую праграму “Паці ў хаце”.
Наведвальнікаў чакае квест “У пошуках сімвала года”, майстар-клас “Падкова шчасця”, навагодняя чайная цырымонія “Смак па-беларуску”, а таксама гульні і танцы.
Мерапрыемства будзе арганізавана 26, 27, 29, 30 снежня і 2, 3 студзеня па папярэдніх запісах па тэлефоне +375 29 206-97-23.

