Дзед Зімнік запрасіў на «Паці ў хаце» ў этнаграфічную сядзібу “Вецяра”

photo_2025-12-27_21-22-54 с

Напярэдадні навагодніх свят на этнаграфічнай сядзібе “Вецяра” па традыцыі адкрылася рэзідэнцыя Дзеда Зімніка. Асабліва актыўна этнасядзібу наведвалі вучні школ раёна, бо ў гэты час якраз пачаліся зімовыя канікулы.

Каб трапіць да галоўнага зімовага чарадзея, трэба было прайсці квест-гульню, арганізаваную Бабай Ягой і яе памочнікамі разбойнікамі. Школьнікі з радасцю ўдзельнічалі ў старадаўніх беларускіх забавах і гульнях.

Пасля актыўнага адпачынку гасцей запрашалі ў хату, на ўваходзе ў якую цеплілася руская печ. У ёй патрэсквалі дровы, а ў вялікім чыгуне закіпала духмяная травяная гарбата. Пакуль рыхтаваўся пачастунак, хлопчыкі і дзяўчынкі сваімі рукамі выраблялі навагодні сувенір – “Падкову шчасця”. У гэтым ім дапамагалі майстры раённага Дома рамёстваў.

Радаснымі ўсмешкамі сустракалі дзеці Дзеда Зімніка. Яны чыталі яму вершы, а той частаваў хлопчыкаў і дзяўчынак цукеркамі, пасля чаго ўсе ўдзельнічалі ў чаяванні “Смак па-беларуску”. А да гарбаты падаваліся аладкі, прыгатаваныя таксама ў печы. Ахвотныя маглі наведаць анімацыйную пляцоўку і паглядзець мультфільмы. Не меншы інтарэс выклікала выстава старадаўніх ёлачных цацак. На памяць аб сустрэчы ўсе фатаграфаваліся: адны – каля печы, іншыя – каля ўпрыгожанай ёлкі. Але, напэўна, самай папулярнай фотазонай стаў драўляны сіні трактар з вядомай дзіцячай песні.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота з адкрытых крыніц.

photo_2025-12-29_21-13-35

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *