Сорок лет на одном месте работает начальником почты в д. Тумиловичи Ольга Рабец

Без имени-1

Пагадзіцеся: сорак гадоў на адным працоўным месцы могуць сведчыць ужо пра тое, што чалавек як мінімум любіць сваю работу. Акрамя таго, за працяглы перыяд дзейнасці спецыяліст бясспрэчна стала прафесіяналам справы, якой прысвяціла жыццё.

Менавіта такім работнікам з’яўляецца начальнік паштовага аддзялення ў вёсцы Тумілавічы Вольга Рабец.

Вольга Віктараўна – тутэйшая. Нарадзілася ў суседняй Несцераўшчыне, замуж выйшла ў Тумілавічы. Месцічаў ведае. Гэта, як сцвярджае сама, і дапамагае ў рабоце.

– Пошта на вёсцы заўсёды была і ёсць не проста служба дастаўкі, – адзначае суразмоўца. – Нягледзячы на імклівае развіццё тэхналогій і з’яўленне новых спосабаў сувязі, яна захоўвае сваю ўнікальнасць. Пошта не проста месца, дзе адпраўляюць лісты і пасылкі. Тут звычайна сустракаюцца вяскоўцы, абмяркоўваюць навіны і дзеляцца радасцямі. Для многіх жыхароў пошта даўно стала неад’емнай часткай іх паўсядзённага жыцця. Ва ўмовах сучаснасці, калі многія маюць зносіны са знешнім светам толькі праз экраны гаджэтаў, такое жывое ўзаемадзеянне асабліва каштоўнае. Мне ж яно таксама дапамагае ў рабоце. Напрыклад, у падпісцы на перыёдыку. Дарэчы, на любімую раёначку ў нашым аддзяленні заўсёды добры запыт. У нашым абслугоўванні не толькі Тумілавічы, а і Несцераўшчына. У суседняй вёсцы на мотадастаўцы працуе Лілія Хілько, тут, на месцы, мне дапамагае Алена Дайлідовіч. Паштальёны вопытныя, адказныя, а таму і паказчыкі радуюць.

Як і ва ўсіх паштовых аддзяленнях, у Тумілавічах прадстаўлены вялікі выбар тавараў паўсядзённага попыту. Мясцовыя жыхары і дачнікі, якіх летам у гэтым кутку Докшыччыны асабліва шмат, могуць набыць не толькі асноўныя прадукты, такія, як малако ці хлеб. Пастаянна ў наяўнасці свежая садавіна і гародніна. Карыстаецца попытам мясная прадукцыя.

Даверлівыя адносіны з кліентамі дапамагаюць Вользе Рабец у яшчэ адной важнай справе – дэпутацкай. Ужо не першы раз вяскоўцы выбіраюць яе дэпутатам мясцовага Савета дэпутатаў, бо ведаюць, што ёй можна даверыць любое пытанне: заўсёды выслухае і дапаможа. Так было, напрыклад, з падсыпкай дарог, з вырашэннем праблемы бадзяжных сабак і многім іншым.

У вольны час Вольга Віктараўна любіць схадзіць у лес у грыбы ці ягады. Зімою яе можна заспець за вязаннем. Яшчэ адно захапленне – мастацкая самадзейнасць. Вось і сёлета на Троіцкім свяце ў Таргунах разам з Вольгай Квачонак яна прадстаўляла аграсядзібу “Вецяра”.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.

Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *