В доме, наполненном светом, живет многодетная семья Пашкевичей в агрогородке Парафьяново

IMG_6724 с

Ці заўважалі вы, шаноўныя чытачы, што ёсць дамы, нібыта наскрозь пранізаныя мяккім святлом незалежна ад колькасці і магутнасці люстраў і свяцільнікаў, ад таго, сонечны дзень за вокнамі ці неба з шэрымі нізкімі хмарамі, ад колькасці і памеру тых вокнаў і перавагі светлых ці цёмных колераў у інтэр’еры? Такія дамы асвятляюцца любоўю тых, хто ў іх жыве, бляскам іх вачэй, звонкім смехам дзятвы, дабрынёй сэрцаў, чысцінёй думак і памкненняў. Як падалося, дом на вуліцы Палявой у аграгарадку Параф’янава, дзе жыве сям’я Пашкевічаў, менавіта такі.

Пішучы пра сем’і, не заўсёды шчасціць сабраць усіх разам: хтосьці на рабоце, хтосьці ў ад’ездзе, нехта ў дзіцячым садзіку. А тут пашанцавала: за выключэннем старэйшай дачушкі Юліі, якая ўжо студэнтка, усе астатнія Пашкевічы чакалі сустрэчы з намі разам. Знаёмімся. Тата Мікалай Антонавіч – вартаўнік на базе мінеральных угнаенняў ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”. Мама Алена Валер’еўна – уліковец гэтага ж прадпрыемства, знаходзіцца ў водпуску па доглядзе Міланкі, якой споўнілася толькі год і восем месяцаў. Васьмікласнік Слава – ну вельмі сур’ёзны малады чалавек. Шасцікласніца Вікторыя: тонкія рысы твару, вялізныя прыгожыя вочы, плаўнасць і грацыёзнасць рухаў – мяркую, вобразамі менавіта такіх дзяўчат натхняўся Іван Тургенеў. Трэцякласнік Арцёмка, па ўсім бачна, жыўчык, смяшліўчык і гарэзнік. А ўсе разам яны і ёсць тыя сем “я”, закладзеныя ў аснову слова “сям’я”.

На пытанне, як удаецца падтрымліваць бездакорныя чысціню і парадак у доме, дзе шмат жыхароў, Алена Валер’еўна адказвае, што яны з мужам стараюцца з малых гадоў прывучаць дзяцей да працы, прывіваць акуратнасць, навучаць самадысцыпліне. Хлопцы – памочнікі Мікалая Антонавіча ва ўсіх справах, і гэта найлепшая навука, бо дзе ж найлепш і найцікавей асвойваць новае, як не на татавым прыкладзе. Віка можа з лёгкасцю замяніць маму ў апецы над малодшай сястрычкай, дапамагчы прыбрацца ў доме, нешта згатаваць. Увогуле ж падзелу на мужчынскую і жаночую работу ў сям’і няма, бо эфектыўна дзейнічае перакананне: што ўмееш, за плячыма не носіш.

Зразумела, заняткі па інтарэсах у кожнага свае. Віка любіць маляваць і ўвогуле ствараць штосьці рукамі, хлопчыкі паважаюць фізкультуру і спорт. Усе дзеці да розных свят стараюцца зрабіць маме і тату падарункі сваімі рукамі. Маленькая Мілана, канешне, пакуль што назіральніца за ўсімі справамі, але ж мудрыя японцы сцвярджаюць, што ўсе асноўныя якасці ў чалавеку закладваюцца да трох гадоў. Мама Алена з задавальненнем акультурвае немалую прысядзібную тэрыторыю ў плане кветак і рознага дэкору. Тата Мікалай знаходзіць натхненне ў рабоце з дрэвам і будаўніцтве – на свае вочы пераканаліся ў яго майстэрстве: не кажучы пра драбнейшыя рэчы, цудоўны стол з крэсламі для ўсёй сям’і зрабіў і размясціў на тэрасе, а для дзятвы цэлая гульнявая пляцоўка задумана, і справа ідзе поўным ходам. Вакол дома на ўсёй плошчы дагледжаны газон, а на заднім плане – сажалка, у якую ўжо запушчана рыба. Лазня функцыянуе, і іншыя гаспадарчыя будынкі ўзводзяцца. Даруй, чытач, я ж не сказала, што Пашкевічы свой дом пабудавалі толькі два гады таму і за кароткі час так шмат паспелі зрабіць. Чаму? “Таму што дружна”, – хорам адказваюць. У планах яшчэ шмат-шмат усяго, а што тыя планы будуць рэалізаваны, няма ніякага сумнення.

Прыемная падзея чакае сям’ю Пашкевічаў у хуткім часе: Алена Валер’еўна прадстаўлена да высокай узнагароды – ордэна Маці, які будзе ўручаны ёй напярэдадні свята. Жанчына прызнаецца, што расла сама ў шматдзетнай сям’і і заўсёды хацела стварыць сваю ўласную такую ж – моцную, дружную, шчаслівую. Атрымалася!

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *