Молодой специалист Александр Курсевич работает ветеринарным фельдшером в ОАО «Барсучанка»
Сёлета ў аграпрамысловы комплекс нашага раёна прыбылі 22 маладыя спецыялісты з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй.
Сярод іх выпускнік Лужаснянскага аграрнага каледжа фельчар ветэрынарнай медыцыны Аляксандр Курсевіч, які ў маі прыйшоў працаваць у ААТ “Барсучанка”.
Пачатак прафесійнага шляху – этап вельмі адказны. Адна справа – вывучаць анатомію жывёлы, метады лячэння захворванняў і іх прафілактыку па падручніках і дапаможніках у вучэбных класах і аўдыторыях і зусім іншая – апынуцца на малочнатаварнай ферме або комплексе і пачаць прымяняць атрыманыя веды на практыцы. Аляксандр прызнаецца, што з нецярпеннем чакаў гэтага часу і што за некалькі месяцаў свайго станаўлення ў прафесіі пераканаўся: выбар зрабіў правільны.
Саша – хлопец мясцовы, нарадзіўся і вырас у Барсуках. Падлеткам часта дапамагаў маме Вользе Андрэеўне, якая рупілася на пасадзе брыгадзіра МТФ “Барсукі”. Бадай што, жаданне лячыць жывёлу ўзнікла яшчэ ў тыя часы. Яго ж рабочае месца зараз – ферма “Пералоі”.
– Мая нагрузка – 316 галоў дойнага статку, 332 – цялушак і 20 – нецеляў, – без запінкі рапартуе малады ветэрынар. – Мне здаецца, што з абавязкамі сваімі спраўляюся. Радуе тое, што атрыманых ведаў хапае, каб не губляцца ў розных сітуацыях і дзейнічаць прафесійна граматна. Па параду ў любы момант магу звярнуцца да мамы. А сапраўднай энцыклапедыяй, калі так можна сказаць, для мяне з’яўляецца галоўны ветурач нашай гаспадаркі Віктар Мікалаевіч Ломыш. Хачу стаць у будучым спецыялістам такога ж узроўню, а гэта значыць, трэба атрымліваць вышэйшую адукацыю. Думаю, вучыцца змагу і завочна, такім чынам сумяшчаючы тэорыю з практыкай.
Гэта ў Сашы ў планах, а пакуль што поўным ходам ідзе напрацоўка таго самага практычнага вопыту. Адказ жа на пытанне, што аказалася напачатку самым складаным у рабоце, не мог не выклікаць цёплай усмешкі. “Цяжка было рана ўставаць”, – прызнаўся хлопец. У гэта верыцца: у прынцыпе, ён яшчэ, хоць і на такой адказнай пасадзе, дзіця. Аднак шчыры суразмоўца тут жа адзначыў: адаптацыя адбылася, і пад’ём на досвітку (на ферме трэба быць у сем гадзін, а то і раней) стаў нязмушаным. Больш за тое, Аляксандра Уладзіміравіча зусім не напружвае графік работы з 7 гадзін да 13-і і з 15-і да 20-і і адзіны выхадны – у нядзелю. Запэўнівае, што згодны працаваць нават без выхадных, бо падабаецца, бо вынік прыносіць задавальненне, бо камфортна адчувае сябе ў калектыве, дзе прынялі прыязна і ва ўсім дапамагаюць.
Што яшчэ важна для маладога спецыяліста, дык гэта заработная плата і наяўнасць жылля. І з гэтым у Аляксандра Курсевіча таксама ўсё ў парадку. Пад’ёмныя выплачаны, зарплата добрая, тым больш налічваецца штомесячная даплата. Аддзяліўся ад бацькоў і вядзе самастойнае жыццё ва ўласным, няхай сабе і арэндным, доме. “Плануеце застацца ў “Барсучанцы” пасля заканчэння тэрміну адпрацоўкі?” – цікаўлюся перад развітаннем. “Чаму б і не? – адказвае. – Безумоўна, абставіны могуць складвацца па-рознаму, але на сённяшні дзень мяне ўсё задавальняе. Думаю, што лепей, як у родных мясцінах, побач са знаёмымі з дзяцінства людзьмі, наўрад ці дзе-небудзь будзе”.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

