Святыней считает труд бывший директор Докшицкого приемного льнопункта Константин Ильич

Канстанцін Ільіч не можа сядзець склаўшы рукі.

Канстанцін Ільіч не можа сядзець склаўшы рукі.

Праца – святыня, а працавітасць – гонар. Гэту выснову зрабіў для сябе і ўсім сваім жыццём пацвердзіў яе жыхар Параф’янава, былы перадавы брыгадзір, загадчык жывёлагадоўчага цэха, дырэктар Докшыцкага прыёмнага льнапункта Канстанцін Ільіч, чый працоўны стаж – паўвекавы.

Ураджэнец Вілейскага раёна, юны Косця Ільіч сялянскую працу зведаў рана: заўчасна пайшоў з жыцця тата. На Докшыччыне сям’я апынулася з тае прычыны, што дзядуля калісь купіў тут зямлю. Косця меў здольнасці да навукі, асабліва да дакладных прадметаў, але, рэзюмуе сёння, вучыцца мог бы і лепш.

– Пакуль быў жывы тата, паблажкі не было, – згадвае. – З’язджаў па адзнаках – хутка падымаў маю паспяховасць: парачку разарваных сшыткаў перапісаць пяром з чарнілам – гэта не жартачкі. Ну а пасля ўжо як атрымлівалася, бо трэба было і касіць, і сена вазіць, і араць, і бульбу капаць…

У калгасе “Чырвоны сцяг”, папярэдніку сучаснага райаграсэрвіса, юнак стаў працаваць са школьных гадоў, часта памочнікам камбайнера. Скончыўшы 10 класаў, хацеў паступіць у Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут на факультэт механізацыі сельскай гаспадаркі. Але тагачасны старшыня калгаса Анатоль Шычко адгаварыў: “Не паступіш сходу, конкурс вялікі. Папрацуй пакуль што брыгадзірам, дадзім табе накіраванне на падрыхтоўчыя курсы”. А на курсы тыя і не ўзялі. Маўляў, навошта, ты ж хутка ў армію пойдзеш. Тады старшыня адправіў хлопца на курсы пры ўпраўленні райсельгасхарчу. У гэты час адбыліся змены ў структуры сельскай гаспадаркі, і ўтварыліся звенні і цэхі. Так Канстанцін у няпоўныя васямнаццаць стаў начальнікам жывёлагадоўчага цэха і займеў у сваё падпарадкаванне аж чатыры фермы – “Шантары”, “Ясеўшчыну”, “Свіркі” і “Азарцы” – з агульнай колькасцю пагалоўя БРЖ больш за дзве з паловай тысячы!

– Самае складанае было мне, маладому, наладзіць адносіны з людзьмі, большасць якіх была старэйшай па ўзросце, – успамінае Канстанцін Канстанцінавіч. – Я і сёння шчаслівы ад таго, што гэта атрымалася. Памятаю шмат кранальных эпізодаў. Вось адзін з іх. Позні летні вечар. Калгаснікі зграбаюць і грузяць віламі на машыны сена. Разумею, што ўсім даўно пара дадому, дзе ў кожнага немалая хатняя гаспадарка, а заўтра рана ўставаць. Нясмела кажу: закончым заўтра, не так шмат засталося. А мне ў адказ: не, трэба цяпер, а раптам ноччу дождж будзе. Як мне было не паважаць гэтых людзей, як было не вучыцца ў іх такой жа адказнасці, адданасці справе, сялянскай гаспадарлівасці?

Вярнуўся Канстанцін з арміі, дзе служыў у войсках супрацьпаветранай абароны, – і на звыклую працу ў родны калгас. У хуткім часе маладога камуніста выклікалі ва ўпраўленне райсельгасхарчу і накіравалі брыгадзірам у Гняздзілава. Адпрацаваў на гэтай пасадзе з 1973 па 1978 год, загадваў двума комплексамі – з БРЖ і свінагадоўчым. Вынік плённай працы – брыгада была ўзнагароджана Дыпломам УЦСПС, брыгадзір Канстанцін Ільіч – медалём “За працоўную доблесць”. Нядрэнна, праўда ж? Разам з гэтым адвучыўся ў Лужаснянскім аграрным тэхнікуме і атрымаў прафесію агранома.

Вясной 1978 года Ільіч прыняў кіраўніцтва Докшыцкім ільнопрыёмным пунктам, які знаходзіўся ля Бягомля, і гэтай справе прысвяціў больш за чвэрць стагоддзя, аж да 2005 года. Рэалізаваў сваю мару аб атрыманні вышэйшай адукацыі – скончыў Вялікалуцкі сельскагаспадарчы інстытут, дзе бліскуча абараніў дыпломную работу па ўдасканаленні тэхналогій вырошчвання і перапрацоўкі льну. Мог бы прадаўжаць навуковую дзейнасць у аспірантуры, але Канстанцін Канстанцінавіч заўсёды быў практыкам і, як сам кажа, селянінам. Аб рабоце на льнопрыёмным пункце распавядае з агеньчыкам у вачах, які адразу ж патухае пасля пытання, чаму ўсё ж яе пакінуў.

– Людзей у гаспадарках паменшала, лён сталі рулоніць машынамі, – тлумачыць. – А гэта для яго якасці не на карысць, бо частка льну, як правіла, недасушвалася. Ды і гады бралі сваё, надакучыла штодзень матляцца з Параф’янава ў Бягомль. Таму ўладкаваўся побач з домам у леспрамгас, майстрам на пагрузку драўніны. А ў 2009 годзе тагачасны дырэктар райаграсэрвіса Мікалай Іванавіч Шульгат, мой, дарэчы, аднакурснік, папрасіў узяць пад сваё крыло дойны цэх і свінакомплекс на “Альхоўцы”. Згадзіўся, што называецца, вярнуцца да вытокаў. І хоць лёгка не было, бо першая дойка пачыналася ў шэсць раніцы, а апошняя, трэцяя, заканчвалася ў адзінаццаць вечара, не пашкадаваў аб сваім выбары. Хто ведае, колькі б яшчэ працаваў, каб не інфаркт… Узнагароды? Ды шмат, але ж радасць была не столькі ад іх, колькі ад таго, што справа ідзе толкам і людзі задаволены.

Канстанцін Канстанцінавіч адзначае, што цалкам аддавацца працоўнай дзейнасці мог абапіраючыся на моцны і надзейны сямейны тыл. Яго любімая Оля, Вольга Васільеўна, гэтым тылам была і застаецца. Былая загадчыца Параф’янаўскага дзіцячага сада, такая ж апантаная ў працы, як і яе палова, усе гады іх сумеснага жыцця – а сёлета пара адзначыць 45-годдзе – не толькі каханая жонка, але і верная сяброўка і паплечніца, мудрая дарадчыца і проста чалавек, без якога наш герой не ўяўляе свайго існавання. Паклаў вока на Олю пасля службы ў арміі, а ёй тады толькі чатырнаццаць споўнілася. І дачакаўся. Траіх дзяцей, якімі можна ганарыцца, вырасцілі, тром унучкам радуюцца. “І рэзерв ёсць, – кажа Канстанцін Канстанцінавіч. – Малодшы сын яшчэ не жанаты”.

На пенсіі ў яго адкрыўся талент працаваць з дрэвам. Ведаючы дзейную татаву натуру, дзеці купілі яму ўсе неабходныя станкі для гэтай работы. І панеслася: кухонны інвентар, рознага роду мэбля, у ліку якой крэслы-шэзлонгі і сервіровачныя столікі на калёсіках…

– А тут яшчэ пашанцавала – старая лазня згарэла, – ад душы смяецца Вольга Васільеўна. – Цяпер у Косці вунь які прастор для дзейнасці – новую лазню будуе, сучасную, модную. Зараз са столлю штукуецца – там на дзве-тры фігурныя дошкі паўдня ідзе.

Канстанцін Канстанцінавіч ахвотна паказвае нам сваё дзецішча, расказвае, дзе што будзе размешчана. А напрыканцы прызнаецца:

– Ведаеце, каб была магчымасць, не пайшоў бы на пенсію аж да гэтага часу.

Што можна тут дадаць? На такіх людзях зямля трымаецца. Хтосьці падумае: фраза збітая, заезджаная. Але лепш – сапраўды – не скажаш.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *