«Главное в моей работе — оказывать помощь людям,» — считает участковый инспектор Докшицкого РОВД Максим Ратькович
Работа ўчастковага інспектара ў горадзе і ў невялікім населеным пункце адрозніваецца, як і праблемы грамадзян, з якімі яны звяртаюцца да прадстаўніка праваахоўных органаў. Участковы інспектар Докшыцкага РАУС лейтэнант міліцыі Максім Рацьковіч расказаў пра спецыфіку сваёй работы ў сельскай мясцовасці і пра тое, чаму так важна пачуць кожнага вяскоўца.
– Максім, раскажыце крыху пра сябе.
– Нарадзіўся ў Глыбокім, там закончыў сярэднюю школу. Марыў працаваць у міліцыі, таму мэтанакіравана паступаў у Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў. Праўда, не хапіла пару балаў. Гэта акалічнасць жадання насіць пагоны не адбіла. Сябры параілі падаць дакументы ў Пскоўскі агратэхнічны каледж, дзе, дарэчы, адукацыю атрымліваюць многія беларусы. Адвучыўся на юрыста і ўладкаваўся ў райаддзел міліцыі ў Докшыцах. Чаму не ў Глыбокім? Напэўна, хацелася больш самастойнасці ў жыцці, а з празмернай бацькоўскай апекай гэтага не атрымалася б.
Спачатку ў аддзел мяне ўзялі вадзіцелем групы тылавога забеспячэння, а праз тры месяцы прызначылі малодшым участковым і замацавалі тэрыторыі Крыпульскага, Докшыцкага і Парплішчанскага сельсаветаў. Зараз работу сумяшчаю з завочнай вучобай у Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце.
– У чым заключаецца спецыфіка работы ўчастковага і з якімі пытаннямі звяртаюцца людзі?
– З самымі рознымі: ад сур’ёзных здарэнняў да жыццёвых сітуацый. Мой нумар мабільнага людзі ведаюць, таму часта тэлефануюць напрамую. Вось і нядаўна пазваніла жанчына і паскардзілася, што ёй перашкаджае дрэва, якое расце ў суседа на ўчастку і звісае над яе гародчыкам. Прыйшлося выехаць, каб урэгуляваць спрэчку і не дапусціць разгарання канфліктнай сітуацыі. А яшчэ быў выпадак: бабуля паведаміла, што ў яе знік кашалёк з грашыма, пры гэтым у хату ніхто не заходзіў. Знайсці ісціну ўдалося, калі пасля размовы з гаспадыняй зазірнулі пад падушку, дзе і была прыхавана сумка з кашальком. Аказалася, бабуля забылася, што сама паклала яго туды.
– Якія правапарушэнні часцей за ўсё здзяйсняюць грамадзяне?
– У гэтым плане абстаноўка даволі спакойная. Напрыклад, з пачатку года на тэрыторыі Крыпульскага сельсавета зарэгістравана ўсяго два злачынствы. На аднаго з работнікаў сельгаспрадпрыемства заведзена крымінальная справа за крадзеж больш за 500 кілаграмаў камбікорму, на другога – за спробу прадаць аднавяскоўцу порах.
– Ці часта людзі звяртаюцца з заявай аб хатнім гвалце?
– Такія звароты таксама ёсць. Часцей за ўсё падобныя сітуацыі адбываюцца там, дзе злоўжываюць алкаголем. Жонка альбо муж пачынаюць выпіваць, а потым скандаляць. У такім выпадку прымаем заявы ад пацярпелай асобы, складаем пратакол і адразу ж выносім ахоўнае прадпісанне, а гэта значыць абмяжоўваем вінаватага ў наведванні жылога памяшкання і зносінах з пацярпелым. Ёсць шмат прыкладаў, калі людзі выпраўляюцца, прыводзяць сваё жыццё ў парадак і стараюцца больш не трапляць у падобныя сітуацыі. Дзяржава, праваахоўная сістэма робяць усё неабходнае для таго, каб у чалавека быў другі шанс. Але тут рашаючую ролю іграе жаданне самога чалавека змяніць жыццё. А калі яго задавальняюць асацыяльныя паводзіны і ён не бачыць, а дакладней не жадае бачыць уласных праблем, прыходзіцца прымяняць такую меру, як ЛПП. Толькі, на жаль, не ўсіх перспектыва трапіць туды палохае. Напрыклад, жыхарку вёскі Камайск, якая ў нецвярозым стане накінулася на сваю маці і металічным кубкам разбіла ёй брыво. Жанчыну накіравалі на прымусовае лячэнне. Дарэчы, трапляе яна туды ўжо чацвёрты раз.
– Ці былі выпадкі, калі правапарушэнні здзяйснялі непаўналетнія?
– У мінулым годзе. Але нашкодзілі не мясцовыя дзеці, а тыя, што прыехалі са сталіцы на летнія канікулы да родных у Бярозаўку. Балончыкам з фарбай яны размалявалі амаль усю вёску: і дрэвы, і хаты. У выніку за бяздумныя ўчынкі падлеткаў адказваць прыйшлося іх бацькам.
– Што самае галоўнае для Вас у рабоце?
– Галоўнае – аказваць дапамогу нашым людзям. Калі ў мяне атрымліваецца дапамагчы, эмоцыі самыя станоўчыя. За гэта я люблю сваю работу.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.