«Дерево – это живой организм, его нужно чувствовать», — уверен девятиклассник Александр Войнич из Докшиц

IMG_3672 с

Напрыканцы мінулага года дзевяцікласнік Докшыцкай сярэдняй школы №2 імя У.Ф. Крышталевіч Аляксандр Войніч на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “ТэхнаЕлка” ў намінацыі “Дызайн-елка” заняў першае месца. Елка была зроблена з дрэва, а з гэтым матэрыялам таленавіты вучань “сябруе” ўжо даўно.

Нагодай для нашай сустрэчы сталі выпадкова ўбачаныя крэслы-кентукі яго работы, дасканаласць якіх, як падалося, ні ў чым не саступае аналагічным вырабам сталых майстроў.

– Скрупулёзнай працы патрабуе падрыхтоўка немалой колькасці дэталяў такога крэсла, – ахвотна тлумачыць нам юны майстар. – Працэс жа зборкі зусім не такі складаны, як многія думаюць. Прынамсі для мяне гэта самы лёгкі этап у працэсе вырабу. А ўвогуле, дрэва – гэта таксама жывы арганізм, яго трэба адчуваць.

Крэслы, невялікія столікі Саша пачаў рабіць у мінулым годзе. А вось драбнейшыя рэчы – кухонныя прылады, рознага роду статуэткі, пано, менажніцы, ключніцы і многае іншае – нашмат раней. Аднак іх якасць таксама на вышэйшым узроўні. Саша старанна падбірае матэрыял для кожнага вырабу, не дапускае ніякіх агрэхаў у яго апрацоўцы, творча падыходзіць да афармлення работ. Хлопец любіць маляваць, займаецца алмазнай вышыўкай – гэтыя захапленні, сцвярджае, вельмі дапамагаюць у рабоце з дрэвам, выхоўваюць уседлівасць, цярплівасць, аказваюць станоўчы ўплыў на развіццё дробнай маторыкі. Саша імкнецца да безадходнасці ўласнай вытворчасці. Так, са спілаў драўніны ён робіць прыгожых навагодніх аленяў, а з планак, што па памерах непрыгодныя для тых жа крэслаў, – елкі, якім можна прыдаць неабходную форму, а для захоўвання ўвогуле зрабіць плоскімі. Працуе з дапамогай тарцоўкі, балгаркі, шліф-машынкі, дрыля, іншых інструментаў – пакуль што абыходзіцца без станкоў, але не сумняваецца, што ў будучым стане карыстацца і імі.

Крэсла-кентукі так і вабіць камфортна адпачыць з любімай кнігай ці кубачкам кавы.

Крэсла-кентукі так і вабіць камфортна адпачыць з любімай кнігай ці кубачкам кавы.

У школе ўрокі працоўнага навучання з настаўнікам Анатолем Млынцом для Сашы адны з самых любімых. Хлопец добра вучыцца, а за наступныя два гады плануе яшчэ павысіць паспяховасць, каб здзейсніць сваю мару – паступіць у БНТУ і стаць інжынерам-будаўніком аўтамабільных дарог. Што не перашкодзіць далей працаваць з драўнінай, робіць агаворку.

Апантанасць у справе – рыса ў сям’і Войнічаў агульная. Цяга да работы з дрэвам Сашу перадалася ад таты Уладзіміра Іосіфавіча, які ўжо доўгі час працуе майстрам на “Хольцімпэксе”. Мама Вольга Мар’янаўна, выпускніца Віцебскай ветэрынарнай акадэміі, немалы адрэзак працоўнай дзейнасці аддала Докшыцкай ветэрынарнай станцыі, дзе рупілася на пасадзе мікрабіёлага. Яна надзяліла любоўю да жывёлы старэйшага сына Паўла: пра юнага фермера ў нашай газеце некалькі гадоў таму выходзіў артыкул. Сёлета Павел закончыў 11 класаў і будзе паступаць у матуліну альма матар. Вольга Мар’янаўна адзначае, што абодва сыны з малых гадоў не робяць падзел на працу жаночую і мужчынскую: і ўборку ў кватэры арганізуюць належным чынам, і прыгатаваць штосьці смачнае могуць (тут таксама ёсць з каго браць прыклад: Вольга – выдатная кулінарка), і ў крамах купіць, што трэба, з розумам, з эканамічным падыходам. Такая гаспадарлівасць, самастойнасць дае бацькам магчымасць менш хвалявацца на пачатку ўступлення хлопцаў у дарослае жыццё. Няхай жа і ў Паўла, і ў Сашы здзейсняцца мары. У гэта верыцца яшчэ і таму, што яны з малых гадоў ведаюць, кім у жыцці хочуць стаць, і настойліва, крок за крокам, ідуць да сваіх мэтаў.

 

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *