Франтишка Гинько из Докшиц на пенсии не скучает и без дела не сидит
Дакшычанку Францішку Гінько, салістку вакальнай групы “Спявай, душа!” аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН, прыкмеціла даўно. Моцны, прыгожы голас гэтай жанчыны вельмі гарманічна спалучаецца з мяккім святлом і амаль фізічна адчувальнай цеплынёй, якія шчодра выпраменьвае яе аблічча. Падалося, што так выглядаць у шаноўным узросце можа толькі шчаслівы чалавек, у душы якога пануюць спакой і суладдзе. Каб даведацца, ці правільнае такое меркаванне, завіталі ў невялікі ўтульны дамок на вуліцы Урыцкага, які гэтай ліпеньскай парой акружаны квітнеючымі кустамі ружаў, півоняў і званочкаў.
– А я клубніц свежанькіх сабрала вам пачаставацца! – сардэчна сустракае Францішка Станіславаўна з талеркай духмяных ягад. У свае сем-
дзесят восем яна яшчэ ніяк не можа адмовіцца ад агарода, ну а кветнік, у якім чаго толькі няма, – гэта ўвогуле святое.
Родам наша гераіня з вёскі Струкі Параф’янаўскага сельсавета. Спяваць любіць з маленства – музычны слых і прыгожы тэмбр голасу “дасталіся” ад мамы. Сцэна ў жыцці Франі паявілася ў школьныя гады. Выступала пасля на рознага роду мерапрыемствах, прадстаўляючы дарагі яе сэрцу райаграсэрвіс, якому аддадзена трыццаць тры гады з яе працоўных трыццаці дзевяці. З вакальнай групай ТЦСАН дзе толькі ні пабывала і працягвае гэта рабіць.
– Алена Міхайлаўна Сарокіна не дае нам заседзецца, – смяецца. – То канцэрт дабрачынны, то экскурсія, то фестываль, то злёт… А так і трэба, бо што за жыццё было б: агарод ды тэлевізар.
У апошняе слаба верыцца, бо Францішка Станіславаўна яшчэ і ў касцельным хоры спявае, і адпявае памерлых, хоць, прызнаецца, маральна цяжка гэта справа ёй даецца, але ж людзі просяць – і адмовіць не можа. Увогуле ўменне ладзіць зносіны з людзьмі яна лічыць адным з галоўных талентаў.
– Прачытала неяк выказванне, што да людзей трэба адносіцца так, як хочаш каб яны адносіліся да цябе. Якія ж праўдзівыя словы! Я, праўда, шчаслівая ад таго, што не маю ў жыцці ніводнага чалавека, з якім было б непрыемна сустракацца, на якога за штосьці затаіла крыўду, – дзеліцца. – Цешу сябе надзеяй, што і сама ніколі нікога не пакрыўдзіла, не была несправядлівай, ганарлівай. Рада ўсіх бачыць – былых калег, сяброў, суседзяў, радню, проста знаёмых, рада, калі ў іх усё добра.
Па спецыяльнасцях Францішка Станіславаўна прадавец і аграном. І калі работа па першай была ў яе жыцці, то аграномам папрацаваць не давялося. Аднак веды, зазначае, прыйшліся дарэчы. У райаграсэрвісе суразмоўца спачатку вяла картатэку, а пасля доўгі час была загадчыцай склада. Работа адказная, вымагае акуратнасці, сабранасці, скрупулёзнасці – гэта Францішцы Станіславаўне ў ёй і падабалася. “Калі ўзяўся за справу, рабі толкам або не бярыся ўвогуле”, – так фармулюе яна свае да яе адносіны. Як, мабыць, і ва ўсіх яе равесніц, работы той было шмат. Будавалі з мужам і абжывалі ў Докшыцах хату, гаспадарку вялі – дзве каровы, свіней ды курэй поўны хлеў. Францішка Станіславаўна і на правы здала, а ў тыя часы жанчыны за рулём рэдкасцю былі. Машыну добра вадзіла – ніводнага парушэння за доўгія гады. Зараз яна ўжо без малога два дзесяцігоддзі ўдава: рана пайшоў з жыцця яе дарагі Міхаіл Антонавіч.
– Калі хтосьці гаварыў, што мне трэба яшчэ раз выйсці замуж, аджартоўвалася: маўляў, няма ў мяне часу на мужчын – я то на канцэрце, то ў агародзе, то ў касцёле, то ў дарозе, – усміхаецца, а ў вачах туга. – Не кожнаму ж скажаш, што мой Міша быў любімы, самы лепшы, і ніхто яго не заменіць. А ў сэрцы маім любові шмат – да сына з нявесткай, да двух унукаў, дзвюх праўнучак. Для іх жыву, ганаруся імі, радуюся за іх, набіраюся сіл ад іх любові і клопату – што яшчэ трэба? Жыву актыўна, наколькі дазваляе здароўе, а на хандру і ляноту не маю часу. Думаю, што ўсякія там дэпрэсіі ўзнікаюць ад гультайства.
Правільна думае.
Алена НЕСЦЯРОНАК.