Ответственная задача стоит перед работниками зерносушильного комплекса ОАО «Бегомльское»
Дапрацоўка збожжа – адзін з важнейшых этапаў захавання сабранага ўраджаю. У перыяд уборачнай кампаніі работнікі зернесушыльных комплексаў працуюць напружана і адказна. Толькі з пляцовак падбіраюцца залацістыя горы адной культуры, як без прамаруджвання вырастаюць бурты іншай. Вельмі важна, каб сушылка працавала без збояў. На гэта і накіраваны аператары зернесушыльнага комплексу ААТ “Бягомльскае”, якія зараз рупяцца на дапрацоўцы азімага ячменю, па ўраджайнасці якога гаспадарка ў ліку лепшых у раёне, у няпростых пагодных умовах сёлетняга лета.
На сушылцы ў Прудніках падчас нашага прыезду працавалі аператары Аляксандр Паплёўка, Міхаіл Радзюк і Уладзіслаў Гаўрыловіч. Падмяняюць іх Сяргей Спічонак і Мікалай Радзюк.
– Большую частку рабочага часу знаходзімся ў аператарскай, дзе сочым за паказаннямі аўтаматычнай сістэмы кантролю, – распавёў Аляксандр Паплёўка. – Асноўная наша задача не перасушыць і не дапусціць на выхадзе перавышэння ўзроўню вільготнасці – апошняе сёлета больш актуальна.
Аператары зернесушыльнага комплексу да ўсяго абавязаны захоўваць тэхніку бяспекі, пільна сачыць за тэхнічным станам сушылкі, спраўнасцю ўсіх дэталяў, электраправодкі, узроўнем пажарнай аховы. Наколькі адказна яны да гэтага адносяцца, праверыла мабільная брыгада райвыканкама ў складзе спецыялістаў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, РЦГіЭ, РАНС. Вынікі аказаліся здавальняючымі. Таксама мабільная брыгада ў рамках месячніка правяла маніторынг арганізацыі дзейнасці студатрада, які працуе ў гаспадарцы – парушэнняў таксама няма.
Парадак на збожжатаку падтрымліваюць школьнікі – бегамльчане Глеб Завадскі, Паліна Люцко і Мацвей Ганус, а таксама дакшычанін Аляксей Мялешка.
– Малайцы нашы памочнікі, ніякіх нараканняў на іх працу няма, – гаворыць аграном-аграхімік сельгаспрадпрыемства Надзея Касцюк. – Старанныя, акуратныя, не трэба іх ні падганяць, ні кантраляваць. Толькі выгрузіць вадзіцель чарговую порцыю збожжа – нашы студатрадаўцы тут жа падкапаюць рассыпанае зерне шуфлямі, падмятуць, зробяць горку кампактнай. Працуюць дзеці ў нас вось ужо некалькі дзён. Іх рабочы графік – з васьмі гадзін да шаснаццаці. Час, каб адпачыць, ёсць, таму не стамляюцца.
Па стане на 25 ліпеня азімы ячмень у раёне ўбраны на плошчы 1998 гектараў, што складае 94,8 працэнта ад запланаванага. Цалкам завершана ўборка ў ААТ “Таргуны” і ДП “Гняздзілава-Агра”. Сярэдняя ўраджайнасць – 25,2 цэнтнера з гектара. Найвышэйшая – у ААТ “Таргуны” (31,4 ц/га) і ААТ “Бягомльскае” (31 ц/га). Вышэйшая за сярэднераённую ў КУП “Докшыцкі (27 ц/га), ААТ “Барсучанка” (26,3 ц/га).
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.