В Докшицком районе обновляются улицы

IMG_2608

Навядзенне парадку на зямлі і добраўпарадкаванне тэрыторый – гэта не часовыя акцыі, а паслядоўная палітыка, накіраваная на стварэнне камфортнага асяродку для жыцця, працы і адпачынку людзей. Такім меркаваннем падзяліўся начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Ігар Жалейка. 

Год добраўпарадкавання ў краіне ўступіў у сваю другую палову. За гэты час у Докшыцкім раёне было шмат зроблена, у тым ліку па асфальтаванні вуліц і мясцовых дарог.
– Днямі нашы дарожнікі завяршылі ўкладку асфальту на вуліцах Ціткова і Мачульскага ў Бягомлі, – паведаміў Ігар Мікалаевіч. – Гэтаму паспрыялі просьбы жыхароў гарадскога пасёлка. На выкананне работ было затрачана 182 тысячы 160 рублёў. Сёлета належная ўвага ў плане рамонту вуліц надаецца і ў аграгарадку Параф’янава. У гэтым населеным пункце заасфальтаваны вуліцы Камуністычная, Першамайская і Сонечная. Зрасходавана 284,3 тысячы рублёў.

У гэтым годзе бягучы рамонт завяршылі на ўчастку вуліцы М. Горкага ў райцэнтры, які з’яўляецца транзітным на дарозе Р-29 Ушачы – Вілейка, а таксама заасфальтавалі палатно на вуліцы Дзяржынскага. Абнаўляюцца ў Докшыцах і ходнікі, будуюцца новыя, як, напрыклад, на вуліцах Маякоўскага і Піянерскай.

Апошнім часам значна палепшыўся і стан аўтамабільных дарог мясцовай сеткі. На абслугоўванні ДРБУ-180 іх знаходзіца 645 кіламетраў. За шэсць месяцаў адрамантавана больш за 25 кіламетраў на суму 4 мільёны 498 тысяч рублёў. Напрыклад, у асфальт апрануліся такія ўчасткі мясцовых дарог як Восава – Гліннае, пад’езд да аграгарадка Порплішча, Параф’янава – Хілаўшчына (мяжа Мінскай вобласці), Крулеўшчына – Казлы, Глыбокае – Крулеўшчына – Докшыцы і іншыя.

Увогуле сёлета дарожнікі плануюць адрамантаваць 37,7 кіламетра мясцовых дарог.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота Ніны КРУКОВІЧ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *