Площадка «Музыкальное сердце города» появилась возле Докшицкой детской школы искусств
Новая сучасная зона адпачынку – пляцоўка “Музычнае сэрца горада” – была ўрачыста адкрыта ў межах святкавання Дня горада Докшыцы. Ганаровае права перарэзаць сімвалічную стужку было дадзена старшыні райвыканкама Сяргею Абіралу, дэпутату абласнога Савета дэпутатаў, дырэктару РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” Дзмітрыю Калягу і індывідуальнаму прадпрымальніку, члену студыі майстроў народных мастацкіх рамёстваў і мастакоў-аматараў “Докша” раённага Дома рамёстваў Уладзіміру Шуткіну.
Насупраць Докшыцкай ДШМ імя Н. Сакалоўскага замест былога фантана цяпер узвышаецца сцэна – выдатнае месца для правядзення канцэртаў вучняў школы, а таксама арганізацыі іншых яркіх творчых мерапрыемстваў. Сцэну ўпрыгожвае металічная кампазіцыя ў выглядзе скрыпічнага ключа і нот, якую вырабіў наш славуты зямляк – майстар-каваль Уладзімір Шуткін.
– Стварэнне эскіза фігуры стала для мяне сапраўднай галаваломкай, – гаворыць Уладзімір Валянцінавіч. – Да канчатковага варыянту прыйшоў, прагледзеўшы ў Інтэрнэце шмат разнастайных дзіцячых малюнкаў. Выбраў для сябе тры асноўныя элементы – грыф гітары, сэрца і скрыпічны ключ, якія ў выніку і аб’яднаў у арт-аб’екце. Ноты, якія знаходзяцца з двух бакоў, правільна напісаць і размясціць дапамагалі ўнучкі. Яны вучацца ў школе мастацтваў, а таму лепш ведаюць нотную грамату.
З добраўпарадкаваннем новай зоны пастараліся работнікі РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”. Каля сцэны яны ўстанавілі арыгінальныя лаўкі ў выглядзе клавіятуры. Так як пляцоўка знаходзіцца непадалёк ад праезнай часткі дарогі, у мэтах бяспекі праход да яе закрылі яшчэ адной металічнай канструкцыяй. Яе адметнасць – нотны стан, на якім урывак мелодыі Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, аўтарам якога з’яўляецца наш зямляк Нестар Сакалоўскі.
У спякотны дзень тым, хто будзе адпачываць у гэтым месцы, даспадобы прыйдзецца невялікі фантанчык з пітной вадой – падарунак гораду ад філіяла “Докшыцыводаканал”.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара і Аляксандра ВАРАНКОВІЧА.