В литературный сквер пригласила редакция газеты «Родныя вытокі» на фестивале «Две реки»

ЕН 903 с1

У мінулую суботу на фестывалі “Дзве ракі” ў парку “Заазёрны” працаваў літаратурны сквер “Докшыцы – сэрца бацькоўскі дом”, арганізаваны рэдакцыяй раённай газеты “Родныя вытокі” з удзелам членаў літаратурнага аб’яднання Крыніцы”, якое ўжо больш за дзесяць гадоў працуе пры газеце.

Першы раз літаратурны сквер сабраў аматараў паэтычнага слова і знаўцаў беларускай мовы на свяце ў 2022 годзе. Вельмі радуе тое, што за гэты час кола ўдзельнікаў мерапрыемства значна пашырылася. Як і яго “геаграфія”. Паслухаць звонкае, напеўнае, мілагучнае беларускае слова нямала ахвотных не толькі сярод жыхароў Докшыц і раёна, але і сярод гасцей фестывалю з розных куткоў Беларусі і Расіі. Трапнымі рыфмамі, разнастайнасцю тэм, выдатным валоданнем аўдыторыяй адметныя ўдзельнікі літаратурнага аб’яднання “Крыніцы”. Гэтым разам у скверы іх слаўную кагорту прадстаўляла дакшычанка Ніна Мілюкова, у вершаваных творах якой пранізліва-душэўна малююцца малая радзіма, вясковае жыццё, родная прырода, вобразы бацькоў, а таксама прысутнічаюць добры гумар і філасофскія разважанні пра сэнс жыцця, маральныя чалавечыя каштоўнасці.

У літаратурным скверы можна было пазнаёміцца з цікавымі праектамі “Родных вытокаў”, паглядзець фота з маляўнічымі докшыцкімі пейзажамі, даведацца, якія дыялектныя словы ўжываюць нашы землякі, падпісацца на раёнку, пагартаць і атрымаць у падарунак як яе святочны нумар, так і найбольш яркія і цікавыя выпускі за бягучы год.

Усё большую папулярнасць набывае гульня-віктарына “Я мову ведаю сваю”, якую праводзяць з года ў год журналісты “Родных вытокаў”. За тры перакладзеныя з рускай на беларускую мову словы або за правільна агучаны адпаведнік рускамоўнай прыказкі ў беларускім варыянце можна было атрымаць прыз. Многія ўдзельнікі прасілі даць ім больш спроб, бо ўжо не за прызам гналіся, а цікавіліся, як жа гучыць па-беларуску “трясогузка”, ці “грёзы”, ці “сосредоточенность”. Большасць да перамогі ўсё ж даходзіла і часта ішла на новы круг. Трэба адзначыць, ніхто з удзельнікаў віктарыны не скардзіўся на складанасць задання. Словы сапраўды падабраны былі такія, што, каб перакласці іх, трэба добра задумацца нават нядрэнным знаўцам мовы. Затое ж цікава, весела і пазнавальна! А гульнявая форма ў вывучэнні мовы не менш эфектыўная і ў выпадку з дарослымі.

Рады будзем сустрэцца з вамі, дарагія аматары паэзіі і знаўцы роднай мовы, праз год на тым жа месцы ў той жа час. Што не будзе сумна, гарантуем!

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Людмілы ЮНЦЭВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *