Праздник деревни Стенка Докшицкого района собрал много гостей
«Дзень добры, вёска родная мая!»
Так віталіся ліпеньскай нядзельнай раніцай з вёскай свайго дзяцінства і юнацтва жыхары Сценкі, якіх жыццё ў свой час разлучыла з дарагім іх сэрцу куточкам. У 2000-я гады сценцы на ўездзе ў вёску, дзе даўней стаяў паклонны крыж, пабудавалі невялічкую каплічку, і з таго часу ў другую нядзелю пасля свята вярхоўных апосталаў Пятра і Паўла ля яе служыцца малебен. І таму сёлета менавіта гэты дзень быў абраны для правядзення свята вёскі Сценка, якое вырашылі арганізаваць некалькі энтузіястаў з яе былых жыхароў.
З розных куткоў Беларусі, каб успомніць сцежкі басаногія свае, спяшаліся на свята сённяшнія цётачкі і дзядзечкі, бабулі і дзядулі, якія хоць на імгненне, хоць на некалькі святочных гадзін зноў станавіліся маладымі, гарэзлівымі юнакамі і дзяўчатамі. З Віцебска як на крылах прыляцела Валя Хацько, з Глыбокага – Тамара Гамановіч, з Брэста – Валя Дземідовіч, з Вілейкі – Аркадзь Гамановіч, з Полацка – Тамара Каськовіч, з Рыгі – Люся Гамановіч, Васіль Сініца – з Мінска. Са сталіцы, канечне, найбольш прыехала сценцаў. Вёску да свята тым часам прыгатавалі “дачнікі”. Так смехам у Сценцы клічуць тых, хто на лета прыязджае жыць у бацькоўскую хату. Астраўкамі парадку і кветкавай прыгажосці выглядаюць сёння “дачы” Аліны Гмырак, Наталлі Каськовіч, Аляксандра Гамановіча, Марусі Юдзёнак, Ніны Скурат і іншых былых руплівых сценцаў. Асабліва трэба сказаць пра сям’ю Анатоля і Еўдакіі Сініцаў. Іх дзеці не толькі ўвесь час трымаюць у чысціні і парадку хату, дзе ўсе яны выраслі, а старэйшая дачка Таццяна нават пабудавала сабе дом праз вуліцу, і ён уражвае сваёй велічынёй, дыхтоўнасцю і абуладкаванасцю. Муж Таццяны Алег з’яўляецца старэйшынам вёскі Сценка, і таму сужэнцы гасцінна запрасілі адзначаць свята вёскі ля сваёй прыгожай сядзібы.
Пачалося яно з малебна, які служыў настаяцель Тумілавіцкай царквы Георгія Перамоганосца протаіерэй Пётр Іоська, пеўчыя кліраса на чале з матушкай Святланай. Затым усе рушылі да месца правядзення свята, дзе іх ужо чакалі работнікі аўтаклуба разам з яго загадчыцай Анастасіяй Чурко. Першыя віншаванні сценцы атрымалі ад ганаровага госця мерапрыемства старшыні Тумілавіцкага сельскага Савета дэпутатаў Сяргея Хілько. А потым вядучыя свята Насця Чурко і ўраджэнка Сценкі Тамара Альшэўская нагадалі гісторыю вёскі, успомнілі пра ўсіх тых людзей, якія “тут працаю жылі”. Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць 12 чалавек, якія загінулі ў 1943 годзе, калі немцы палілі Сценку. Наогул жа ваеннымі шляхамі прайшоў 21 жыхар вёскі. Узгадалі першага старшыню калгаса Міхаіла Юдзёнка, нязменнага брыгадзіра Якава Дайлідовіча. Даніну пашаны аддалі добрасумленным жывёлаводам Ярошу і Надзеі Дайлідовічам, Марыі і Віктару Гамановічам, Марыі і Уладзіміру Падбярэзкам, Сцяпану і Сафіі Гмыракам, Еўдакіі і Анатолю Сініцам, Валянціне Скурат, Еве Дземідовіч, Леанідзе і Анатолю Гамановічам, Вользе Гамановіч, Марыі Скурат, Валянціне і Сяргею Падбярэзкам, Антуніне Пяцько, Насці Парфяновіч і, канечне, загадчыцы свінафермы Святлане Лініч.
Словы гонару прагучалі ў памяць пра таленавітых, адметных землякоў, якія ўнеслі непаўторны каларыт у існаванне вёскі. У першую чаргу ўспомнілі пра музыканта-самародка Язэпа Рабца. Самавучка, ён ведаў безліч мелодый і віртуозна іх выконваў. Пра гэты несумненна вялікі талент адразу пасля вайны нейкім чынам даведаліся ў Мінску, і дзядзька Язэп два гады іграў у аркестры народных інструментаў дзяржаўнага ансамбля танца. Па стане здароўя вымушаны быў вярнуцца дадому. Пасля Язэпа музычным гонарам вёскі стала сям’я Гамановічаў. Іграў дзядзька Грыша і ўсе яго дзеці: Ліля, Лёня, Аркадзя. Музыка з імі была побач усё жыццё. Аркадзь стаў прафесійным музыкантам, кіраваў духавым аркестрам, арганізаваў сваю музычную групу. І на свята прыехаў, канечне, з інструментам. Да позняга вечара плылі над наваколлем песні сценскіх дзяўчат пад акампанемент яго баяна.
Мела Сценка і свайго паэта. Дзядзька Коля Дайлідовіч быў непісьменны, але меў паэтычны талент. Вусна складаў вершыкі пра вясковае жыццё, а адзін раз нават выдаў цэлую паэму на памяць. Вельмі шкада, што ніхто не здагадаўся запісаць тыя вершыкі.
Са Сценкі выйшаў адзін з першых фатографаў Мікалай Гмырак, які пачаў займацца гэтай справай яшчэ ў 1950-я гады. Яго поўны цёзка засвоіў прафесію кінамеханіка. А дзядзька Толя Гамановіч яшчэ ў 60-я гады здолеў набыць аўтамабіль “Запарожац”, першы на ўсё наваколле. Як не ўспомніць добрым словам бабулю Юзэфу, шаптуху, якая ратавала сценцаў ад пуду, сурокаў і іншых хвароб. Або цётку Нюшу – нязменнага паштальёна. Сумна было б жыць без вострай на язык цёткі Соні Рабец, якая любіла даваць усім прозвішчы. Былі ў Сценцы і свае шматдзетныя сем’і, дзе гадавалася па пяць і больш дзяцей. Гэта Нюра і Васіль Дайлідовічы, Васіль і Васіліна Гмыракі, Наста і Анатоль Парфяновічы. Можа вёска пахваліцца і 100-гадовым доўгажыхаром Іванам Сцяпанавічам Казачонкам.
Добрым словам успомнілі вясковую інтэлігенцыю. У 1962 годзе прыехаў у Сценку працаваць аграномам Мікалай Лагуцька. Ажаніўся і стаў пастаянным яе жыхаром. Крыху пазней настаўнічаць прыслалі Галіну Францаўну Марковіч, якая засталася ў Сценцы назаўсёды і карысталася ў мясцовых жыхароў вялікай павагай. Доўгі час жыла ў вёсцы нават пасля смерці мужа настаўніца Галіна Іосіфаўна Сініца.
З вёсачкі выйшлі настаўнікі і бібліятэкары, ваенныя і журналісты, прадаўцы і медсёстры, міліцыянеры і вадзіцелі, музыканты і інжынеры, чыгуначнікі і эканамісты, проста добрыя, прыстойныя людзі. Яны памятаюць пра сваю малую радзіму і ніколі не забудуць сваіх продкаў.
Сёння жыхарамі Сценкі з’яўляюцца сем челавек (а некалі ж колькасць іх даходзіла да трох соцень!). І сярод іх 93-гадовая Ганна Ягораўна Хахракова. Паважаны ўзрост, які набліжаецца да 90-гадовага рубяжу, маюць таксама Марыя Мацвееўна Гамановіч, Валянціна Васільеўна Падбярэзка, Соф’я Сяргееўна Гмырак. Гэтыя жанчыны пражылі прыгожае жыццё: годна працавалі, мелі моцныя сем’і, вырасцілі дастойных дзяцей. Усім ім на свяце былі асаблівыя ўшанаванні.
Упрыгожаннем урачыста-канцэртнай часткі свята сталі, безумоўна, музычныя нумары ў выкананні Анастасіі Чурко, Вятланы Гарбачовай, Надзеі Чучман і Святланы Аўрэйцэвіч. Таленавітыя дзяўчаты вельмі ўдала падабралі рэпертуар. У іх выкананні гучалі менавіта тыя песні, якія чакалі вяскоўцы, за што аўтаклубу аддзела культуры райвыканкама вялікі дзякуй.
Як і ўсё добрае, свята вёскі таксама непрыкметна падышло да свайго фіналу: заціхлі песні, жанчыны сталі прыбіраць сталы, далейшыя госці пачалі збірацца дадому. Вёсачка прыціхла, як бы засмуцілася. Не сумуй, Сценка, дзеці твае будуць памятаць цябе, пакуль будуць жывыя.
Т. Альшэўская,
г. Докшыцы.