Наследство дедушки-иммигранта, или Как мошенники втираются в доверие и обманывают людей
Хто ў дзяцінстве не чытаў казкі і з малых гадоў не ведае заезджаную фразу пра тое, што “сказка ложь, да в ней намёк, добрым молодцам урок”? Прынамсі, у той казцы, дзе аповед ідзе пра прыгоды Бураціна, без аніякіх “намёков” гаворыцца: Поле цудаў бывае толькі ў Краіне дурняў.
Як ні паглядзіш навіны, практычна ў кожным выпуску: махляры яшчэ кагосьці пазбавілі грошай. Што толькі ні прыдумваюць: завабліваюць на фіктыўныя сайты, рэкамендуюць устаноўку дадаткаў, абяцаюць нечуваныя прыбыткі ў інвестыцыйных праектах. Яны, махляры, паўсюдна: актыўнічаюць у сацсетках і на маркетплэйсах, пачалі выкарыстоўваць нейрасеткі. Схем шмат – пра іх расказваецца на сайтах МУС і Следчага камітэта. Але ж, чаго грэх утойваць, большасць з нас нават інструкцыю да якога-небудзь прыбора чытае толькі тады, калі ён ужо сапсаваўся…
Зараз шмат гаворыцца і пішацца пра кібербяспеку. А махляры між тым, нароўні з рознымі там фішынгамі і дроперствамі, не забываюцца і пра “дзедаўскія” метады. Гісторыя, якая адбылася з жыхаркай суседняга раёна, суседкай маёй знаёмай, таму пацвярджэнне.
У адзін з лютаўскіх дзён пенсіянерцы Марыі Іванаўне (назавём яе для зручнасці аповеду так) патэлефанавалі на Вайбер. Жанчына з прыемным голасам (ну якраз як у лісы Алісы з вышэйзгаданай казкі), праўда, з акцэнтам прадставілася натарыусам нейкай канторы з доўгай, мусіць, англамоўнай назвай і паведаміла нашай гераіні ашаламляльную навіну. Аказалася, дзядуля Марыі Іванаўны, які ў 30-х гадах мінулага стагоддзя ездзіў на заработкі ў Канаду, перш чым вярнуцца дадому з пэўнай сумай і ажаніцца з бабуляй, меў блізкія зносіны з грамадзянкай гэтай краіны, у выніку чаго ў яго там нарадзіўся сын, пра якога ён нічога не ведаў. Сын, а па сумяшчальніцтве Марыін дзядзька, пражыў доўга і дастойна ў горадзе Ванкуверы, у шлюб не ўступаў, летась пайшоў з жыцця ва ўзросце 92 гады і пакінуў пасля сябе сціплую спадчыну памерам шэсцьдзясят тысяч канадскіх долараў. Натарыусы правялі велізарную работу па пошуку спадчыннікаў і вось нарэшце адшукалі Марыю Іванаўну не за трыдзевяць зямель у трыдзявятым царстве, а ў Рэспубліцы Беларусь, дзякаваць богу, жывую-здаровую. Каб атрымаць грошы, застаецца ўладкаваць дробны бюракратычны момант – аплаціць невялікую камісію.
“Не-не, свае грошы траціць не трэба! – мурлыкала несупынна тэлефонная суразмоўца. – Зараз, калі вам зручна, мы перавядзём на вашу карту трэцюю частку сумы. Гэта дваццаць тысяч. Камісія складае дзве тысячы, значыць, вы атрымаеце васямнаццаць. Паведаміце, калі ласка, нам свае рэквізіты. А вось астатнія дзве траціны вам выдадуць у пасольстве Канады ў вашай сталіцы пасля прад’яўлення дакумента, які мы вам ужо выслалі заказным пісьмом” (“Всё чудесатее и чудесатее”, – сказала б яшчэ адна казачная гераіня).
У галаве Марыі Іванаўны (дарэчы, у недалёкім мінулым бухгалтара!) з хуткасцю, дастойнай камп’ютара, замільгацелі лічбы. “Так, канадскі долар па курсе груба 75 амерыканскіх цэнтаў, значыць, у доларах гэта будзе 45 тысяч. Мінус паўтары на камісію… Ого, такія грошы проста з неба!”
Марыя Іванаўна кінулася шукаць кашалёк з банкаўскай картай, які мела звычку хаваць у розных месцах невядома чаму. Гэта яе і выратавала ад страты запаветных пяці сольда (чытай – пяці тысяч беларускіх рублёў, накопленых з пенсіі). Крэкс, фэкс, пэкс! – і не стала б іх за секунду. Аднак званок перарваўся, і ў дадатак па нейкай патрэбе заглянуў сын. Ён не раздзяліў мамінай эйфарыі і, як толькі тэлефон зноў зазвінеў, зусім не галантна патлумачыў “натарыусу”, у якіх месцах хацеў бы бачыць яе разам з канадскімі доларамі.
“Сыночак, яна ж усё правільна гаварыла: і як звалі дзеда, і яго год нараджэння, і дзе ў Канадзе і калі працаваў”, – разгублена шаптала Марыя Іванаўна. “А чаму ж, мама, усе грошы табе? – усміхнуўся сын у адказ. – У цябе ж яшчэ брат і сястра ёсць”. Мужчына загугліў код краіны, адкуль тэлефанавалі, – аказалася, Сербія.
Р. S. Праз некалькі дзён Марыя Іванаўна датумкала, адкуль у махляроў такія звесткі пра яе дзядулю. Пару месяцаў таму, у гадавіну дня яго нараджэння, яна выклала ў Аднакласніках некалькі фота, у тым ліку канадскіх, трохі расказала пра роднага чалавека, напісала, як любіць яго і ганарыцца ім. Было шмат лайкаў, пытанняў… І тут ужо без каментарыяў.
Алена НЕСЦЯРОНАК.

