Более 40 марок бетона и растворов предлагает филиал № 1 «Докшицы-коммунальник»

IMG_5817 с

38 марак бетону розных класаў трываласці і 8 марак раствораў вырабляецца на растворабетонным вузле філіяла № 1 РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”.

У веснавы прыпар РБВ загружаны на поўную. Прычына – відавочная. Бетон – тавар для будоўлі вельмі хадавы, а аўтаматызацыя працэсу і якасная сыравіна сумнявацца ў яго трываласці не дазваляюць.

– Да рашэння ўзвесці ўласны РБВ ішлі практычна тры гады, – распавядае дырэктар філіяла Аляксандр Трахінін. – Летась правялі тэндар і за ўласныя абаротныя сродкі закупілі абсталяванне. Поўны кошт РБВ з улікам абсталявання і мантажу склаў каля 260 тысяч рублёў. Давялося значна зэканоміць за кошт таго, што большасць работ выконвалі ўласнымі сіламі.

Растворабетонны вузел размясціўся ў Докшыцах у раёне сельгастэхнікі, такім чынам пустыя плошчы вытворчай тэрыторыі камунгаса былі ўцягнуты ў гаспадарчы абарот. Вузел абслугоўваюць аператар і лабарант. Працэс вытворчасці бетону аўтаматызаваны. Ён вырабляецца па дакладна запраграмаванай рэцэптуры з поўным улікам усіх расходных матэрыялаў. А таму гатовы бетон будзе якасны і менавіта той маркі, якая патрэбна заказчыку. Дзякуючы аптымізацыі ўсіх працэсаў, у тым ліку прамыўкі, перапынкі паміж цыкламі мінімальныя. Пясок для раствору падвозіцца з кар’ера “Рабінавік”, шчэбень набываецца ў Мікашэвічах, а цэгла – з Крычава. Дарэчы, пра тое, што докшыцкі бетон запатрабаваны, сведчыць і той факт, што да першага 40-кубаметровага сіласу для захоўвання цэглы далучылі другі такога ж аб’ёму, і, мяркуючы па попыце на тавар, далёка не апошні.

Дадаткова філіялам набыты 7-кубаметровы аўтабетоназмяшальнік МАЗ і экскаватар-пагрузчык.

– За змену можам вырабляць да 100 кубічных метраў раствору, – дзеліцца Аляксандр Мікалаевіч. – У асноўным пастаўляем дакшычанам і ў суседнія Глыбоцкі і Лепельскі раёны. Летась па некалькі рэйсаў штодня адпраўлялі на будаўнічыя аб’екты ў Бярэзінскі біясферны запаведнік. Зараз атрымалі вялікі заказ на бетон для будаўніцтва комплексу ў ААТ “Таргуны”. Будзе запатрабаваны наш бетон і падчас падрыхтоўкі аб’ектаў да правядзення рэгіянальнага фестывалю “Дажынкі” ў Докшыцах.

Разам з тым філіял не прамаруджвае і з выкананнем заказаў ад насельніцтва. Схема простая. Трэба патэлефанаваць і пакінуць заяўку ў дыспетчарскай службе камунгаса па нумары 5-72-01. Заяўку лепш рабіць за суткі да патрэбнай даты, бо бетон – тавар спецыфічны і маршрут распісваецца на дзень уперад. Кошт залежыць ад маркі і класа і пачынаецца ад 250 рублёў.

УНП 300980759

Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *