Медсестра Татьяна Дайлиденок из Крулевщины имеет богатый профессиональный опыт, многодетную семью и давно поет в церковном хоре
Медсястра Крулеўшчынскай участковай бальніцы Таццяна Дайлідзёнак мае багаты прафесійны вопыт, шматдзетную сям’ю і даўно спявае ў царкоўным хоры. Адзін з яе сыноў аднойчы заўважыў: “Мама, у цябе два вялікія захапленні: работа і царкоўныя спевы”. На што яна рэзонна адначыла: “Гэта стан жыцця”.
Гуманная прафесія
Яе высакароднае імкненне дапамагаць людзям прывяло да выбару адной з самых гуманных прафесій. Пасля заканчэння Мінскага медвучылішча № 2, куды дзяўчына як выдатніца паступіла толькі па субяседаванні, з 1992-га па 2015 год працавала ў Докшыцкай ЦРБ на розных пасадах: дыетсястрой, старшай медсястрой у хірургічным аддзяленні, працэдурнай у тэрапіі, медсястрой у рэанімацыі і ў дзіцячай кансультацыі. У Крулеўшчыну перайшла больш за дзесяць гадоў таму – на малую радзіму.
У бальніцы медсястра агульнай практыкі ў межах сваёй кампетэнцыі галоўным чынам курыруе абслугоўванне дзяцей і цяжарных, адказвае за вакцынацыю ўсяго насельніцтва, у складзе медыцынскай брыгады выязджае на дыспансерызацыю, удзельнічае ў рабоце аглядавых камісій, выконвае іншыя абавязкі.
У зоне абслугоўвання 345 дзяцей, сярод іх дзевяць да аднаго года. Таццяна з лагоднай усмешкай сустракае кожнага з маленькіх пацыентаў, умела пераключае іх увагу пры правядзенні працэдур, падбадзёрвае і забаўляе.
Апошнім часам у бальніцы абнавілі некаторае абсталяванне: шафы для вырабаў медназначэння, спавівальны столік, растамеры, вагі.
Медыцынскія работнікі асвойваюць элетроннае вядзенне дакументацыі, для гэтага ва ўстанову закуплены тры новыя камп’ютары. Хапае і папяровай работы.
Будучыня ў дзецях
Гутарачы з маладымі бацькамі, медсястра абазначае іх важную місію, падкрэслівае, што дзеці – гэта будучыня, і якой яна будзе, ува многім залежыць ад дарослых.
Між тым сама Таццяна Віктараўна – мама пяцярых дзяцей! Старэйшыя – Паліна, Глеб і Ангеліна – ужо атрымалі адукацыю і працуюць, Міша сёлета заканчвае школу, а Ганна вучыцца ў сёмым класе.
– Жанчына можа рэалізавацца ў дзецях, прафесіі, захапленнях, – разважае Таццяна. – Аднак самае важнае пры гэтым – несці дабрыню.
Прызнаецца, што быць шматдзетнай маці – значыць мець шмат клопатаў. Штодзень яна ў зносінах са сваімі дзецьмі, каб быць у курсе іх спраў і падтрымаць. Калісьці жанчына марыла пра педагагічную дзейнасць, дык вось лёсам было наканавана спаўна праявіць сябе і ў выхаванні.
Таццяна ўзнагароджана ордэнам Маці і Патрыяршым знакам Мацярынства.
Вера ўзбагачае
Сужэнцы Таццяна і Пётр Дайлідзёнкі каля двух дзясяткаў гадоў спяваюць у хоры мясцовага храма Усячэння галавы Іаана Прадцечы.
Пётр Пятровіч з музычнай сям’і: яго бацька і сястра выкладалі музыку, добра валодалі інструментам. Маці і дваюрадны брат спявалі на клірасе.
Прабабуля Таццяны закончыла царкоўнапрыходскую школу і таксама спявала ў храме.
Такім чынам, Таццяна і Пётр прадоўжылі сямейныя традыцыі. Адразу вучыліся спяваць на слых ад старажылаў крулеўшчынскага хору, пазней займаліся з рэгентам у Глыбокім.
– Вера робіць чалавека больш моцным, дае надзею, маральна ўзбагачае, – зазначае Таццяна.
На ўласным прыкладзе Дайлідзёнкі паказваюць дзецям, што трэба жыць па сумленні.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.

