В Докшицах вместе с учениками в школу идет Филипок

photo_2026-03-26_17-03-24

Новы арт-аб’ект з’явіўся каля дома № 8 на вул. Школьнай у Докшыцах. Цяпер разам з вучнямі СШ № 1 г. Докшыцы імя І.С. Палявога ў школу “ідзе” Піліпок з аднайменнага апавядання Льва Талстога.

Аўтар скульптуры Людміла Палячонак – дачка вядомага докшыцкага майстра Уладзіміра Шуткіна.

Людміла па прафесіі эканаміст. Як гаворыць Уладзімір Валянцінавіч, ніколі не праяўляла асаблівых творчых здольнасцей. Знаходзячыся ў дэкрэтным адпачынку, зацікавілася кавальствам. Спачатку дапамагала бацьку. Цяпер пастаянна здзіўляе сваімі цікавымі ідэямі і незвычайнымі работамі. Для Піліпка Люда спачатку зрабіла металічны каркас, які потым “апранула” ў бетон.

– Яшчэ адзін аб’ект на прыдамавой тэрыторыі быў устаноўлены за грашовы сертыфікат, які жыхары нашага дома атрымалі за перамогу ў штогадовым раённым аглядзе-конкурсе па добраўпарадкаванні, – гаворыць адна з актывістак па навядзенні прыгажосці каля шматпавярховіка Тамара Новік. – Не ўпершыню па дапамогу звяртаемся да Уладзіміра Шуткіна. Ён аўтар шматлікіх інсталяцый як у нашым двары, так і ў горадзе. Паколькі дом наш знаходзіцца насупраць установы адукацыі, фігура хлопчыка, які ідзе з кніжкамі ў школу, лічу, прыйшлася да месца.

На шыльдзе каля аб’екта размешчана інфармацыя пра аўтара і галоўная думка апавядання, якое “вучыць быць дапытлівым, рашучым, настойлівым у дасягненні сваёй мэты і разумець, наколькі важныя ў жыцці веды”. Дарэчы, дзеці ўжо прыдумалі прыкмету: каб пашанцавала ў вучобе, трэба пацерці Піліпку лапаць.

photo_2026-03-26_17-03-24 (2) photo_2026-03-26_17-03-24 (3) photo_2026-03-26_17-03-25

Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *