Татьяна Чикун из агрогородка Волколаты освоила плетение из ротанга

ЕН 1745 с

Асвоіць новае  ніколі не позна. З упэўненасцю можна пра гэта гаварыць на прыкладзе жыхаркі аграгарадка Валкалаты Таццяны Чыкун, якая, ужо знаходзячыся на заслужаным адпачынку, самастойна навучылася плесці з ратангу кошычкі, карзінкі, вазы, кашпо для садовых кветак і іншыя дэкаратыўныя вырабы.

Таццяна Іванаўна ў мінулым настаўніца пачатковых класаў мясцовай школы, мае за плячыма багаты стаж работы і амаль дзясятак выпускаў малечы, для якой была другой мамай – клапатлівай, любячай і разам з тым патрабавальнай ва ўсім, што датычылася засваення ведаў і выхавання. Мая калега на працягу двух дзясяткаў гадоў маёй работы ў школе, яна заўжды была прыкладам працавітасці, унутранай арганізаванасці і дысцыплінаванасці. Бадай, на працягу ўсяго жыцця ў Валкалатах галоўным захапленнем Таццяны Іванаўны было кветкаводства. Усе ведалі: калі патрэбна парада ці кансультацыя ў гэтай галіне, трэба звярнуцца да яе. Шчодра дзяліцца пасадачным матэрыялам ці насеннем – гэта таксама рыса яе характару.

Даўно вядома, што ўсе кветкі па-свойму прыгожыя, і нашмат важней не што пасаджана, а як. У гэтым гераіня артыкула таксама ас. Нездарма сядзіба Чыкуноў у аграгарадку самая адметная па дызайне, дагледжанасці і колькасці кветак. Ствараць прыгажосць – а кожны год на немалой прысядзібнай тэрыторыі гэтай сям’і з’яўляецца штосьці новае – Таццяне Іванаўне дапамагае муж Уладзімір Часлававіч. Аднак ініцыятарам і, так бы мовіць, каталізатарам усіх абнаўленняў бясспрэчна з’яўляецца яна.

Такое вось уступленне ў асноўную тэму атрымалася. Да чаго ж усё-такі вядзецца размова? Таццяна Іванаўна заўжды “адмятала” прапановы заняцца якімсьці рукадзеллем, матывуючы свае адмовы тым, што яна абсалютна няздатная да шыцця, вязання, вышыўкі і да таго падобнага. І вось крыху больш як год таму ў двары Чыкуноў, а таксама ў мясцовым СДК, дзе працуе Уладзімір Часлававіч, сталі з’яўляцца прыгожыя рэчы з ратангу Таццянінай работы.

– Падштурхнула да асваення такога майстэрства зноў-такі маё кветкаводства і, канешне ж, наяўнасць вольнага часу ў халодную пару года, – распавядае. – Хацелася, каб аднагадовыя кветкі, такія, як петунія, лабелія, сурфінія і іншыя, раслі не ў стандартных кашпо, што спрэс прадаюцца, а мелі лепшую “агранку” свайго хараства. У Інтэрнэце кінуўся ў вочы майстар-клас па ратангавым пляценні. Паспрабавала – і пайшло-паехала!

Таццяна Іванаўна прызнаецца, што першыя свае пляцёнкі, ужо набіўшы руку і атрымаўшы шмат ведаў, або перарабіла, або зусім ліквідавала, бо бачыла ў іх тое, што ў размоўным жанры прынята называць “касякамі”. Тое ж, што атрымліваецца ў майстрыхі зараз, безумоўна, і па якасці, і па падборы колераў, і па дызайне бездакорнае. Тым не менш жанчына ўпэўнена, што мяжы дасканаласці няма, і працягвае развівацца ў гэтым кірунку, здзіўляючы сваімі работамі сяброў, родных, аднавяскоўцаў. Дык пра якую няздатнасць можна ў такім разе гаварыць? Вось што значыць захапіцца справай!

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *