Подписчики «РВ» рассказали, почему они дружат с районной газетой
«Чаму вы сябруеце з раёнкай?»
З гэтым пытаннем напярэдадні свайго прафесійнага свята мы звярнуліся да нашых падпісчыкаў – тых, чыё сяброўства з “Роднымі вытокамі” доўжыцца дзесяцігоддзямі.
Алена ГАРАНІНА, пенсіянерка, былы галоўны спецыяліст па кадрах упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама:
– Па-першае, я чалавек таго пакалення, якому гаджэты не могуць замяніць папяровыя сродкі масавай інфармацыі, хаця з’яўляюся таксама і інтэрнэт-карыстальніцай. Па-другое, стары сябар, як вядома, лепшы за двух новых, а чытаю я раёнку з маладых гадоў. Па-трэцяе, і па сёмае, і па-дзясятае – цікаўлюся і буду цікавіцца жыццём раёна, а газету нашу проста люблю.
Аксана ШЫЛАВІЧ, кіраўнік спраў Сітцаўскага сельвыканкама:
– Скажу больш: сябрую з газетай не толькі як чытач, але ў сілу сваёй прафесійнай прыналежнасці імкнуся падказаць журналістам, на якія падзеі ў нашым сельсавеце можна звярнуць увагу або хто з жыхароў можа стаць героем артыкула. Заўжды радуюся, калі парады мае аказваюцца патрэбнымі. Газета наша класная – па тэматыцы, стылістыцы, афармленні, за што калектыву рэдакцыі рэспект і так трымаць!
Максім ВАЛЬТЭР, інжынер аддзела капітальнага будаўніцтва філіяла “Докшыцыводаканал”:
– З раёнкай сябрую з тае пары, як навучыўся чытаць. У нашай сям’і яна была заўсёды, яшчэ мой прадзед яе выпісваў. Так што я ўжо прадстаўляю чацвёртае пакаленне чытачоў “Родных вытокаў”. Не ўяўляю, як гэта: жыць у раёне і не быць у курсе падзей, якія там адбываюцца. Так, у нас зараз вал інфармацыі, якую неабходна “прасейваць”. Сваё ж, роднае трэба ведаць абавязкова.
Протаіерэй Леанід СТРАХА, благачынны Докшыцкай царкоўнай акругі:
– Газета найперш захоўвае гісторыю. Праз гады можна будзе пагартаць старонкі падшыўкі і прыгадаць, як мы жылі, чым ганарыліся, пра што клапаціліся, што лічылі важным. Для мяне чытанне “Родных вытокаў” яшчэ і магчымасць стаць бліжэй да людзей, што мяне акружаюць. Дзякую журналістам за тую ўвагу, якую яны ўдзяляюць пытанням духоўнага жыцця.
Алена КУРНЫШ, вядучы спецыяліст па ідэалагічнай рабоце ДУ “Санаторый “Баравое”:
– “Родныя вытокі” – гэта не проста крыніца навін, а сапраўднае люстэрка жыцця нашага раёна. Знаходжу ў газеце тое, чаго не стрэнеш у рэспубліканскіх выданнях: артыкулы пра сяброў і калег, пра дасягненні раёна, інфармацыю аб мясцовых ініцыятывах і праектах, аб’явы пра святы і падзеі, што адбываюцца побач. Чытаючы раёнку, востра адчуваю сябе часцінкай таго грамадства, у якім жыву.
Андрэй АЛЬХІМЁНАК, галоўны аграном ААТ “Барсучанка”:
– Без раённай газеты аніяк: гэта ж будзе інфармацыйны вакуум. Заўжды цікаўлюся, як ідуць справы ў калег-аграрыяў з іншых сельгаспрадпрыемстваў, а таксама культурнымі падзеямі ў раёне, гістарычнымі матэрыяламі. Сваю малую радзіму мала любіць – пра яе жыццё трэба ведаць. Раёнка ў гэтым першы памочнік.
Алена НЕСЦЯРОНАК.

