Для населения и инвесторов. О главных ориентирах экономики Докшицкого района рассказала Марина Климович
Эканоміка эфектыўная тады, калі яе вынікі адчувае кожны чалавек. Сёння ў Докшыцкім раёне асаблівая ўвага надаецца будаўніцтву жылля, стварэнню камфортных умоў для жыцця як у горадзе, так і ў вёсцы. Чаго чакаць жыхарам рэгіёна ў бліжэйшай перспектыве і якія сацыяльныя праекты знаходзяцца пад асаблівым кантролем улады – у інтэрв’ю з намеснікам старшыні райвыканкама Марынай Клімовіч, якая курыруе эканамічны блок.
– Галоўная задача – зрабіць так, каб эканоміка раёна працавала эфектыўна, а людзі мелі стабільную работу, дастойную зарплату і сучасныя сацыяльныя ўмовы, – адзначае Марына Эдуардаўна.
За пройдзены перыяд бягучага года ўсе прадпрыемствы раёна працавалі ў поўным рэжыме, не дапускаючы прастояў. У выніку ад рэалізацыі прадукцыі ў першым квартале арганізацыі атрымалі 46,4 мільёна рублёў, што амаль на 10 працэнтаў больш, чым летась. Прыбытак склаў 1,3 мільёна рублёў.
З чыстым прыбыткам спрацавалі ўсе арганізацыі, за выключэннем ААТ “Таргуны” і прыватнага прадпрыемства ТАА “Рэгул-Інвест”. Узровень сярэднямесячнай заработнай платы па раёне за справаздачны перыяд склаў 2150 рублёў – гэты паказчык вышэйшы на 16,5 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Дарэчы, сярод 21 раёна вобласці Докшыцкі займае восьмае месца па ўзроўні сярэднямесячнай зарплаты.
У цэлым раёнам прыняты шэраг арганізацыйных мер, і як вынік – у першым квартале забяспечана выкананне дзесяці з дванаццаці прагнозных паказчыкаў, у тым ліку двух паказчыкаў эфектыўнасці работы, устаноўленых урадам: па тэмпе росту сярэднямесячнай заработнай платы і інвестыцый у асноўны капітал.
Аналіз выканання заданняў паказвае станоўчыя тэндэнцыі ў сацыяльна-эканамічным развіцці раёна, аднак для дасягнення яго ўстойлівасці неабходна на пастаяннай аснове павышаць эфектыўнасць работы прадпрыемстваў.
Сёлета Докшыцкі раён займае адну з лідзіруючых пазіцый у Віцебскай вобласці па тэмпе росту вытворчасці прамысловай прадукцыі па індэксе фізічнага аб’ёму. За чатыры месяцы тэмп росту склаў 116,6 працэнта.
Са станоўчага боку трэба адзначыць прадпрыемствы, створаныя па праекце «Адзін раён – адзін праект”, якія ўносяць значны ўклад у вытворчасць прамысловай прадукцыі. Гэта ТАА “Докшыцкая швейная мануфактура” і ТАА “Космаінвест”.
– Марына Эдуардаўна, як складваецца сітуацыя ў сельскай гаспадарцы?
– На яе долю прыходзіцца 40 працэнтаў удзельнай вагі выручкі раёна. З-за сезоннасці вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі ў першым квартале затраты раслі хутчэй, чым выручка. Тэмп росту выдаткаў склаў 121,2 працэнта, а выручкі – 113,6. Розніца – амаль восем працэнтаў. Усе сельгасарганізацыі спрацавалі са стратамі ад рэалізацыі, за выключэннем ААТ “Бягомльскае”. Разам з тым з улікам аказанай дзяржаўнай падтрымкі ў суме 6,5 мільёна рублёў атрыманы чысты прыбытак 1,7 мільёна рублёў.
Станоўчая дынаміка назіраецца і ў жывёлагадоўлі. Вытворчасць малака павялічылася амаль на два працэнты, альбо на 248 тон, а сярэдні надой на карову вырас на 73 кілаграмы і склаў 1485 кілаграмаў. Пры гэтым таварнасць малака дасягнула амаль 91 працэнта.
– Як дэманструе сябе будаўнічая галіна – адзін з асноўных драйвераў эканомікі?
– Па выніках першага квартала выканана падрадных работ на 3,8 мільёна рублёў – гэта 113 працэнтаў да ўзроўню мінулага года.
З плюсам спрацавалі практычна ўсе падрадчыкі, за выключэннем філіяла № 1 РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”. Прычына – у зімовыя маразы будаўнікі фізічна не маглі выконваць вонкавыя работы.
Асобна хочацца спыніцца на рабоце філіяла “Докшыцыводаканал”. Прадпрыемства павялічыла аб’ёмы падрадных работ амаль у восем разоў. Гэта вынік рэканструкцыі і мадэрнізацыі водаправодных сетак на вуліцах Ленінскай, Усходняй, Чарняхоўскага і Гайдара ў райцэнтры. Працягваецца мадэрнізацыя будынка цёплай стаянкі пад вытворчасць водаправоднай поліэтыленавай трубы. Пастаўлена задача запусціць вытворчасць да 1 студзеня 2027 года.
У цэлым будаўнічы комплекс раёна спрацаваў эфектыўна. Выручка вырасла больш чым на чвэрць і дасягнула 5,3 мільёна рублёў. Рэнтабельнасць продажу падвоілася і склала 8,7 працэнта.
– Не сакрэт, што на тэрыторыі раёна назіраецца спрыяльны інвестыцыйны клімат…
– Сапраўды, з пачатку года ў раён прыцягнута амаль 39 мільёнаў рублёў, альбо 160 працэнтаў да ўзроўню мінулага года пры заданні 103,1 працэнта. Рост забяспечаны за кошт індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва, рэалізацыі праекта па ўзвядзенні шматкватэрнага дома, жывёлагадоўчага аб’екта ААТ “Таргуны” каля вёскі Вецяра, тэхнічнага пераўзбраення ў сельгасарганізацыях, а таксама будаўніцтва корпуса № 4 на тэрыторыі санаторыя “Баравое”.
Нароўні з дзяржаўнымі прадпрыемствамі інвестыцыйную актыўнасць праяўляе і прыватны бізнес. Напрыклад, у пачатку бягучага года было створана новае прадпрыемства “ДокЭкаПрадукт” па выпуску сухой сумесі для лячэбнага і спартыўнага харчавання. На дадзены момант рамантуюцца вытворчыя памяшканні былога будынка малочнага цэха. У рамках фінансавання “Рэгіянальнай ініцыятывы” плануецца набыць тэхналагічнае абсталяванне і стварыць не менш чым дваццаць працоўных месцаў.
У стадыі завяршэння знаходзіцца стварэнне гасцініцы хостэльнага тыпу, якая размесціцца на базе былога дзіцячага сада ў вёсцы Янкі. Работы на аб’екце за ўласныя сродкі выконвае ТАА “ВКС КАПІТАЛ”.
– На Ваш погляд, што можа паспрыяць развіццю турыстычнага патэнцыялу Докшыччыны?
– Неабходна абнавіць гасцінічную інфраструктуру, павысіць узровень сэрвісу і камфорту шляхам прыцягнення новых уласнікаў. Таксама важна запусціць пустыя аб’екты грамадскага харчавання, зрабіўшы акцэнт на ўнікальнай мясцовай кухні з рыбы, дзічыны, грыбоў і ягад. Лічу, што неабходна дадаткова стымуляваць жыхароў да адкрыцця аграсядзіб з самабытнымі паслугамі і развіваць сучасныя глэмпінгі на берагах азёр. Шмат чаго ў гэтым кірунку зроблена, але трэба яшчэ больш.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота з архіва «РВ».


