Праздник «Березовый сок — здоровья глоток» прошел в агрогородке Березки

IMG_3920 с

Суботнім майскім вечарам было шматлюдна на пляцоўцы Бярозкаўскай бібліятэкі-клуба: тут ладзілася свята аграгарадка “Бярозавы сок, здароўя глыток”. 

Ёсць у нас ва ўсіх свае куточкі,
Да якіх імкнёмся зноў і зноў.
Наш прыпынак радасны – Бярозкі,
Вёска між прыветлівых лясоў!

Тое, што мясцовыя гаспадыні ведаюць безліч рэцэптаў нарыхтоўкі гэтага карыснага напою, сведчыў конкурс-дэгустацыя “Бярозавы фрэш”: ахвотныя мелі магчымасць паспытаць каля пятнаццаці розных смакаў соку і аддаць свой голас за той, які спадабаўся. На тэматычных пляцоўках таксама была аформлена выстава работ, прадстаўленых на конкурсе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, праходзіў майстар-клас па вырабе бярозавага веніка. Дзеці з радасцю займалі чаргу на аквагрым, які прапаноўвалі работнікі раённай бібліятэкі. Згуляць у бяспройгрышную латарэю і паўдзельнічаць у стварэнні брэндавай маляванкі можна было на лакацыі раённага Дома рамёстваў.

IMG_3994

Але, напэўна, адной з самых адметных цікавінак сёлетняга бярозкаўскага фэсту сталі фотазоны, падрыхтаваныя мясцовымі жыхарамі. Кожная з іх адпавядала вызначанаму перыяду жыцця аграгарадка і быццам машына часу пераносіла ў мінулае. Вядучыя ж знаёмілі з цікавымі звесткамі пра 50-60-я, 70-80-я, “хвацкія” 90-я і так званыя “нулявыя”. Напрыклад, што ў далёкім 1924 годзе быў утвораны Бярозкаўскі сельсавет з цэнтрам у в. Бярозкі. Актыўна развівацца вёска пачала ў пасляваенны перыяд. У 1954 годзе была пабудавана двухпавярховая школа, у 1964 годзе – клуб на дзвесце пасадачных месцаў, у 1968-м – бальніца на 35 ложкаў. У сямідзясятыя тут была пабудавана кантора, працавалі рамонтныя майстэрні, лазня, чатыры крамы, сталовая, дзіцячыя яслі, бібліятэка. Пік нараджэнняў прыпаў на 1986 год, калі ў Бярозках з’явілася на свет дванаццаць дзяцей. На пачатку 2000-х у вёсцы актыўна развівалася культурнае жыццё. Тутэйшыя дыскатэкі збіралі моладзь не толькі з навакольных вёсак сельсавета, раёна, але і з Мінскай вобласці. Новы віток развіцця Бярозкі атрымалі ў 2008 годзе, калі пачалося будаўніцтва аграгарадка. На сённяшні дзень у населеным пункце пражывае 189 чалавек, налічваецца 90 гаспадарак.

Той, хто ўважліва слухаў гістарычны нарыс, змог паўдзельнічаць у віктарыне, з якой распачалася ўрачыстая праграма свята. Павіншаваць са святам аграгарадка завітала старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч.

– На свяце ў Бярозках заўсёды пануе душэўная, эмацыянальная, добрая, гасцінная атмасфера, – гаварыла Валянціна Юр’еўна. – І гэтую атмасферу ствараеце менавіта вы, мясцовыя жыхары: шчырыя, працавітыя, цудоўныя людзі. Дзякуй за любоў да роднага краю!

IMG_4046

Шмат цёплых слоў адрасавала землякам старшыня Бярозкаўскага сельскага Савета дэпутатаў Таццяна Славікоўская і ўручыла памятныя сувеніры самай старэйшай жыхарцы Бярозак – 90-гадовай Ніне Раманаўне Плуч, а таксама самаму маленькаму – Давіду Зелянкевічу. Званнем “Дом узорнага парадку” была адзначана сядзіба сям’і Ліліі і Аляксандра Ляхаў. Узнагароду за перамогу ў раённым конкурсе на лепшае навагодняе афармленне індывідуальных жылых дамоў атрымала Таццяна Кізіна. Узорам для пераймання назвалі і домаўладанне Маі і Яўгена Ляхаў, якім таксама быў уручаны падарунак.

У конкурсе “Бярозавы фрэш” перамагла Святлана Аксючыц. Лепшы бярозавы венік атрымаўся ў Івана Барздыкі і Аляксандра Ляха.

IMG_3899

Добры настрой гледачоў падтрымлівалі жартоўнымі конкурсамі і вясёлай латарэяй мясцовыя вядучыя. Шчырымі апладысментамі суправаджаліся выступленні народнага вакальнага ансамбля “Землякі” з Параф’янава і салістаў Докшыцкага ГЦК. Завяршылася свята дыскатэкай.

У раённым праекце “Жаночы код Докшыччыны”, у межах якога на брэндавых мерапрыемствах сельсаветаў ушаноўваюцца жанчыны, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё нашага раёна, у намінацыі “Жанчына-настаўнік” адзначана Ганна Старычонак.

IMG_4024

У конкурсе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Бярозкі дзіўнае святло” першае месца ў Валкалацкай сельскай бібліятэкі, другое – у Сітцаўскай сельскай бібліятэкі і Вітуніцкага лясніцтва, трэцяе – у Прудніцкай і Глінскай сельскіх бібліятэк.

IMG_3862

Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *