Команда, на которую можно положиться, трудится на МТК «Варганы» ОАО «Барсучанка»

Жывёлавод Алена Лібоза.

Жывёлавод Алена Лібоза.

Прынята лічыць, што прафесія жывёлавода ў значнай ступені мужчынская, ды і насамрэч прадстаўнікоў моцнага полу ў ёй больш. Аднак жывёлавод малочнатаварнага комплексу “Варганы” ААТ “Барсучанка” Алена Лібоза сваім прыкладам ломіць гэтыя стэрэатыпы, дэманструючы поспехі ў сваёй нялёгкай працы.

Рабочы графік Алены Аляксандраўны, як і яшчэ пяці яе калег, – суткі праз двое. Працуе яна ў тандэме з Андрэем Майсіевічам, пра якога раней ужо расказвалі ў нашай газеце. Начальнік комплексу Алена Мухаева адзначае, што работа гэтых двух жывёлаводаў не патрабуе кантролю, – на іх можна спадзявацца як у штодзённай звыклай дзейнасці, так і ў форс-мажорных сітуацыях.

Алена Лібоза на МТК “Варганы” пяць гадоў. Больш за 600 галоў БРЖ пад апекай яе і напарніка ў рабочую змену. Абавязкі – сачыць за чысцінёй праходаў, за тым, каб кармы на кармавым стале былі пастаянна даступныя для жывёлы, чысціць стойлы, выяўляць жывёлу ў ахвоце, прымаць ацёлы і іншае. Алена Аляксандраўна з’яўляецца прадаўжальніцай справы сваёй матулі Антаніны Сяргееўны, якая ўсё жыццё рупілася даяркай. Ужо ў малодшых класах Лена дапамагала ёй на ферме. Можа, таму аб іншай прафесіі для сябе нават не задумвалася. І вясковае жыццё яе задавальняе, і як маці сябе яна рэалізавала спаўна – дзвюх дачушак і сына мае. Пра тое, як стаць адным з лепшых працаўнікоў, гаворыць проста, без пафасу: “Жывёлу трэба любіць. Будзеш любіць – не зможаш адносіцца да яе абы-як, а значыць і працаваць абы з рук не атрымаецца. Ды і калектыў падводзіць нельга: агульную ж справу робім. Вось і ўвесь сакрэт майго поспеху”.

Сапраўды, калі гаварыць пра жывёлагадоўлю, важна разумець, што паспяховая дзейнасць любой фермы ці комплексу залежыць ад узаемадзеяння ўсіх работнікаў без выключэння. Паявіцца так званае “слабае звяно” – выходзіць са строю практычна ўвесь ланцужок. Начальнік комплексу Алена Мухаева прызнаецца, што паклала нямала сіл на тое, каб усе “звенні” былі моцнымі і надзейнымі. Сярэдні надой ад каровы на МТК на сённяшні дзень складае 18,5 кілаграма, і гэта, гаворыць Алена Юр’еўна, для калектыву не самая высокая планка. “Дваццаць і вышэй – вось наша задача, – адзначае яна. – Ускладняе магчымасць дасягнення такога паказчыка тое, што ёсць фактары, якія ад нас усё-такі не залежаць. Са свайго ж боку будзем прыкладаць усе намаганні для павелічэння надояў, і, думаю, усё ў нас павінна атрымацца”.

Механізатары Мікалай Мухаеў (злева) і Аляксандр Дземідовіч.

Механізатары Мікалай Мухаеў (злева) і Аляксандр Дземідовіч.

Словы падзякі начальнік комплексу выказала ў адрас многіх работнікаў, у тым ліку Аляксандра Дземідовіча, які абслугоўвае МТК “Варганы” на “Амкадоры”, і Мікалая Мухаева, што рупіцца на раздачы кармоў на новым, набытым сёлета МТЗ-921.3, – іх нам пашчасціла “злавіць” разам на тэрыторыі і зрабіць фотаздымак.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *