Как встречали освобождение в деревне Курдеки, рассказала местная жительница
Як сустракалі вызваленне ў вёсцы Курдзекі, расказала ў свой час мясцовая жыхарка Вольга Жалейка, 1922 года нараджэння. Гэты аповед занатавала яе ўнучка – Жанна Норавіч з Сітцаў.
Нямецкія войскі пачалі адступленне ў канцы чэрвеня 1944 года, успамінала бабуля. На каталіцкае свята Пятра і Паўла, якое адзначаецца 29 чэрвеня, іх ужо не было ў Курдзеках, за выключэннем невялікай групы салдат, якія засталіся, каб падарваць аэрадром. Закладвалі па тры бомбы за раз, таму выбухі былі аглушальныя, а ва ўтвораных варонках магла памясціцца цэлая вясковая хата.
– За дні два немцы зрабілі сваю работу і пакінулі нашу вёску, – узгадвала Вольга Іосіфаўна. – Затым прайшоў слых, што з усходу зноў ідзе, адступаючы, нямецкае войска. Выстралы ўзмацняліся, кулі, асабліва трасіруючыя, палохалі ўначы, а ўдзень цяжка было дыхаць ад дыму. Людзі ў страху разбегліся са сваіх хат. Хаваліся дзе хто мог: на балотах, у лесе, хмызняку, жыце.
Першым абвясціў жыхарам Курдзекаў аб прыходзе савецкіх салдат Сцяпан Грыгаровіч, казала жанчына. Ён сустрэў іх каля моста – тыя вырашалі, як быць з танкам, што праваліўся пад сваім цяжарам з драўлянага моста ў ручай. Сцяпан, пачуўшы рускую мову, з усіх ног рынуўся да аднавяскоўцаў, каб паведаміць, што больш страляць не будуць, можна ісці дадому.
Пасля вызвалення салдаты пачалі аднаўляць аэрадром, бо пасадзіць самалёты на яго рэшткі было складана. Адразу абазначалі ёлачкамі паміж варонкамі дарожку. Першыя самалёты садзіліся менавіта ў такіх умовах. Паступова варонкі засыпалі: у іх звозілі астаткі панскага спіртзавода, валоўні, будынка школы і дома святара – усё гэта было ўзарвана немцамі пры адыходзе. Туды ж звозілі каменне і рознае ламачча.
Фото иллюстративное.

