Соцработник Докшицкого ТЦСОН Иосиф Янукович считает, что главное для его профессии — совестливость и неравнодушие

ЕН 1812 с

Па выніках мінулага года лепшым па прафесіі ў галіне сацыяльнай абароны з занясеннем імені на раённую Дошку гонару прызнаны сацыяльны работнік аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ТЦСАН, жыхар вёскі Гарадзішча, што ў Валкалацкім сельсавеце, Іосіф Януковіч.

У Беларусі прафесія сацыяльнага работніка традыцыйна лічыцца жаночай – у гэтай сферы працуе больш за 90 працэнтаў жанчын. Работа не з лёгкіх, бо з пажылымі людзьмі часам так жа складана, як з малымі дзецьмі. Ты ім у нейкай ступені і псіхолаг, і доктар, і настаўнік, і кухар… З фізічнай работай, якой бы яна ні была, справіцца ўсё-такі прасцей, чым знайсці ключыкі да сэрцаў сваіх падапечных. Каб давяралі, каб паважалі, каб прызнавалі сваім.

Іосіф Іванавіч, які ў галіне сацыяльнай службы адзінаццаты год, прызнаўся, што нейкіх спецыяльных падыходаў не шукае. Кажа, трэба проста сумленна выконваць свае абавязкі і быць неабыякавым да таго, аб чым клапоцяцца і перажываюць пажылыя людзі. “Гады ідуць, і ніхто з нас не ведае, якой будзе ўласная старасць, – па-філасофску разважае. – Адносіцца ж да іншых трэба так, як хочаш, каб адносіліся да цябе, – не намі слушна падмечана”.

Восем падапечных у Іосіфа Іванавіча. Трэба заўважыць, усе ў розных населеных пунктах, дастаткова аддаленых адзін ад аднаго, – Анцыпарах, Гваздах, Сенькаўшчыне, Кісеве, Асінніках. Дабіраецца па-рознаму: дзе на веласіпедзе, дзе на аўтамабілі.

– Лічу, што сярод тых, хто аказвае сацыяльныя паслугі на даму, павінна быць больш мужчын, – гаворыць Іосіф Януковіч. – На сваім прыкладзе магу пацвердзіць: усе тыя работы, што выконваюць мае калегі-жанчыны, мне таксама па сіле, а яшчэ ж я магу і панадворак абкасіць, і парамантаваць штосьці, і дроў нашчапаць – мужчынская рука, што ні кажы, вельмі патрэбная ў вясковай гаспадарцы, тым больш у жанчыны, тым больш адзінокай і ў шаноўным узросце. Што датычыцца простых чалавечых зносін, то я таксама знаходжу час, каб паразмаўляць са сваімі падапечнымі пра ўсё, што іх цікавіць ці хвалюе, выслухаць, параіць, падтрымаць, супакоіць. Разумею, што ў малых вёсачках з’яўляюся для іх не толькі галоўным памочнікам, але і крыніцай навін, своеасаблівым акенцам у свет.

Што можаце пажадаць тым, хто толькі прыходзіць у прафесію? – з такім пытаннем звярнулася да Іосіфа Іванавіча напрыканцы размовы.

–Запасціся цярпеннем, – пасля кароткага роздуму адказаў ён. – А яшчэ – мець дакладнае разуменне таго, што за парогам кожнага дома трэба пакінуць свае трывогі, праблемы, некамфортнае самаадчуванне ці якісьці іншы негатыў. Ім, нашым падапечным, трэба несці святло, цеплыню, усяляць у іх упэўненасць у заўтрашнім дні, часам дапамагаць спраўляцца з наступствамі адзіноты і стымуляваць жыццёвыя сілы. Перафразаваў бы крыху выказванне “Быць у адказе за тых, каго прыручылі”, бо мы, сацыяльныя работнікі, у адказе за тых, каго нам даручылі, – не толькі, як гаворыцца, па доўгу службы, а ў большай ступені таму, што яны за доўгія гады работы становяцца па-сапраўднаму блізкімі людзьмі.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *