Поисково-исследовательский отряд «Рубеж» внес на сайт «Беларусь помнит» информацию о более чем шестистах ветеранах Великой Отечественной войны из Докшицкого района

photo_2026-07-07_16-26-31 (3)

За тры гады сваёй дзейнасці пошукава-даследчы атрад “Рубеж”, створаны на базе СШ № 2 г. Докшыцы імя У.Ф. Крышталевіч, дадаў на сайт “Беларусь помніць” звесткі аб больш чым шасці сотнях ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны Докшыцкага раёна.

– Аднойчы, у чарговы раз гартаючы архіўныя даныя, дзеці знайшлі  інфармацыю, у якой расказвалася пра дзейнасць савецкіх разведвальных груп на тэрыторыі Усходняй Прусіі, а сёння гэта Калінінградская вобласць Расіі, у 1944 – 1945 гадах, – гаворыць кіраўнік атрада, педагог-арганізатар Аксана Наумец. – Якім жа было наша здзіўленне, калі сярод удзельнікаў легендарных груп “Док”, “Бас”, “Тайфун” і “Сокал” мы знайшлі землякоў. Разам са школьнікамі  правялі сапраўднае расследаванне і шмат цікавага даведаліся пра лёсы герояў Докшыччыны. А яшчэ  чарговы раз упэўніліся, што вайна не заканчвалася лініяй фронта.

Работа атрада “Рубеж” у нацыянальным праекце “Беларусь памятае. Памятаем кожнага” сёлета была адзначана дыпломамі  за першае месца Галоўнага ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама, а таксама Цэнтральнага і абласнога Саветаў ГА “БРПА”. Але галоўнае, як адзначаюць піянеры СШ № 2, не ўзнагароды, а захаванне памяці пра кожнага, хто набліжаў Вялікую Перамогу.

photo_2026-07-07_16-26-31

Коля і Валодзя: апошняя граната

Мікалай Хмялінка з вёскі Краснікі і Уладзімір Дземідовіч з вёскі Караліно былі партызанамі брыгады “Жалязняк”. Пасля вызвалення Беларусі яны добраахвотнікамі пайшлі ў спецразведку. Ім было ўсяго 19-20 гадоў. У кастрычніку 1944 года іх групу “Док” адправілі ў тыл ворага за 15 кіламетраў ад горада Тапіау. Дзесяць дзён разведчыкі палявалі за “языкамі” і перадавалі даныя ў штаб. На адзінаццаты дзень трапілі ў акружэнне. Восем смельчакоў супраць карнікаў. Апошняе, што пачулі на Вялікай зямлі ў эфіры: “Мы акружаны. Усе забітыя. Радзіма, бывай! Падрываю сябе гранатай…”. З 24 кастрычніка 1944 года група “Док” лічыцца зніклай без вестак. Імёны яе ўдзельнікаў высечаны на помніку каля пасёлка Чырвоная Горка ў Калінінградскай вобласці. Імёны чырвонаармейцаў Мікалая Хмялінкі і Уладзіміра Дземідовіча ўвекавечаны ў кнізе памяці Калінінградскай вобласці “Назавём паіменна”.

Мікалай Хмялінка.

Мікалай Хмялінка.

 

Рэйкавая вайна

Канстанцін Таляронак з Ліпаўкі ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені пасмяротна. Радавы служыў у трэцім аддзяленні разведвальнага штаба першага Прыбалтыйскага фронту з сакавіка 1943 года. У час выканання спецзадання ў тыле саперніка прымаў актыўны ўдзел у правядзенні наступных баявых аперацый групы: крушэнні пяці чыгуначных эшалонаў саперніка з жывой сілай і тэхнікай, падрыве трох чыгуначных і шашэйных мастоў. Загінуў у студзені 1945 года, калі да Перамогі заставаліся лічаныя месяцы.

Узнагародны ліст Канстанціна Таляронка.

Узнагародны ліст Канстанціна Таляронка.

Янка з “Тайфуна”

Васіль Лапко (Янка) з Несцяроўкі (была такая вёска ў Параф’янаўскім сельсавеце) пайшоў на спецзаданне ў складзе групы “Тайфун”, якая дзейнічала ў раёне гарадоў Кёнігсберг і Інстэрбург. Група здабывала звесткі аб перамяшчэнні войскаў па варожых магістралях. Сувязь з Янкам перарвалася ў лістападзе 1944 года. Да гэтага часу ён лічыцца зніклым без вестак.

 

Дыверсант групы “Бас”

Іван Васюковіч з в. Атрубок Бягомльскага сельсавета з верасня 1943 года па ліпень 1944 года служыў радавым пятага атрада партызанскай брыгады “Жалязняк”. Удзельнічаў у баях за дарогу Лепель – Докшыцы, а таксама пры разгроме нямецкіх гарнізонаў у населеных пунктах Вязынь і Пустаселле. У 1944 годзе быў лёгка паранены ў абедзве рукі ў раёне в. Шынкаўшчызна Крывіцкага раёна Вілейскай вобласці. У баях быў смелы і рашучы. У складзе партызанскай брыгады змагаўся з фашыстамі да вызвалення Беларусі. У жніўні 1944 года стаў разведчыкам спецыяльнай дыверсійна-разведвальнай групы “БАС”, якая з 16 снежня 1944 года лічыцца зніклай без вестак.

 

“Воін” з аператыўнай разведкі

Мікалай Вашчонак нарадзіўся ў 1916 годзе ў вёсцы Несцераўшчына. З мая 1943 года знаходзіўся ў партызанах, адкуль быў завербаваны на службу ў спецчастку аператыўнай разведкі генеральнага штаба Чырвонай Арміі. У 1944 годзе ў складзе рэзідэнтуры “Воін” ажыццяўляў кантроль за воінскімі перавозкамі гітлераўцаў па чыгуначнай ветцы Вільна – Крулеўшчына. У хуткім часе пасля высадкі ў тыле праціўніка група панесла страты: у баі з карнікамі ў вёсцы Гнілякі загінулі двое байцоў-разведчыкаў, адзін з якіх Мікалай Вашчонак.

Агент Луна

Іосіф Кавалевіч з вёскі Дзедзіна быў вопытным разведчыкам. Падчас вайны пад псеўданімам Луна два гады знаходзіўся ў тыле ворага. Загінуў, выконваючы заданне групы “Арыён” на тэрыторыі Усходняй Прусіі ў лістападзе 1944 года. За мужнасць адзначаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені.

Іосіф Кавалевіч.

Іосіф Кавалевіч.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *