По темпам уборки зерновых и зернобобовых культур ОАО «Барсучанка» уверенно держит «серебряную» позицию

IMG_8641 с

Па тэмпах уборкі збожжавых і зернебабовых культур ААТ “Барсучанка” ўпэўнена трымае “сярэбраную” пазіцыю, уступаючы толькі ААТ “Таргуны”. А лідарам па намалоце ў гаспадарцы з’яўляецца старшы камбайнер Мікалай Палянін (на здымку), які працуе на новым камбайне GH 810 з дзевяціметровай жняяркай.

Падчас нашага прыезду ў сельгаспрадпрыемства наведаліся на палеткі за вёскай Слабада, куды на ўборку элітнага ячменю быў кінуты цэлы механізаваны атрад. Побач з добра знаёмымі мясцовымі механізатарамі і вадзіцелямі ўбачылі новых працаўнікоў. На камбайнах разам з Мікалаем Паляніным рупіліся старшыя камбайнеры Аляксандр Закрэўскі, Алег Скукоўскі, работнік лясгаса, які не першы год дапамагае ў гарачую пару роднай гаспадарцы, Сяргей Рацькавіч, Сяргей Бараноўскі, Вадзім Ламановіч – работнік РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, а таксама экіпаж у складзе старшага камбайнера Дзмітрыя Слізеня і камбайнера Юрыя Барана. На сем камбайнаў было адведзена столькі ж адзінак тэхнікі на адвозку збожжа. Аператыўна выконвалі сваю работу вадзіцелі Анатоль Каралёнак, Дзмітрый Дышлянкоў, Юрый Козел, Аляксандр Суднік, Мікалай Васілевіч і Аляксандр Коршун – двое апошніх таксама з жыллёва-камунальнай гаспадаркі, і механізатар Сяргей Гапанёнак.

Па стане на раніцу ўчарашняга дня ў гаспадарцы ўбраны 971 гектар збожжавых і зернебабовых з агульнай плошчы 3513 гектараў, што складае 27,6 працэнта. Карціна па астатніх сельгаспрадпрыемствах наступная: у ААТ “Таргуны” ўбрана 1413 гектараў з 5030-і (28,1 працэнта), КУСГП “Гняздзілава-Агра” –350 гектараў з 613-і (57,1 працэнта), ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” –765 гектараў з 2804-х (27,3 працэнта), КУСГП “АграСітцы” –517 гектараў з 1691 (62 працэнты), ААТ “Бягомльскае” – 520 з 2610-і (19,9 працэнта). Па ўраджайнасці лідарства трымаюць ААТ “Бягомльскае” і ААТ “Таргуны” – 34,5 і 34,4 цэнтнера з гектара. На другім месцы ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” з паказчыкам 29,6 цэнтнера з гектара, на трэцім – КУСГП “АграСітцы” – 27 цэнтнераў з гектара.

Дзве гаспадаркі – ААТ “Таргуны” і ААТ “Бягомльскае” – вядуць яшчэ ўборку азімага рапсу і могуць па праве ганарыцца высокімі намалотамі: 42,8 і 35,7 цэнтнера з гектара адпаведна.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *