Директор средней школы № 2 г. Докшицы имени У.Ф. Кришталевич Елена Каминская математик не только по профессии, но и по жизни: заранее структурирует работу, строит траектории дел

IMG_683

Алена Камінская – дырэктар сярэдняй школы № 2 г. Докшыцы імя У.Ф. Крышталевіч, настаўніца матэматыкі, старшыня раённага аддзялення Віцебскай вобласці Беларускай партыі “Белая Русь”, клапатлівая дачка, шчаслівая жонка, мама і бабуля. Як ёй удаецца балансаваць паміж гэтымі іпастасямі, застаючыся яркай асобай, энтузіястам і эмпатычным чалавекам?

Матэматык па жыцці

Усмешлівая, камунікабельная, Алена Аляксандраўна заўжды ў цэнтры ўвагі. У зносінах простая, карыстаецца залатым прынцыпам адносіцца да навакольных так, як хочацца, каб ставіліся да яе самой. Матэматык не толькі па прафесіі, але і па жыцці: загадзя структурыруе работу, будуе траекторыі спраў.

– Ні секундачкі не пашкадавала, што выбрала царыцу навук, – кажа Алена Аляксандраўна. – Матэматыка развівае лагічнае мысленне, дапамагае вырашаць нестандартныя задачы, прывучае да сістэматычнасці, прыводзіць у парадак розум.

Родам Алена з Віцебска. Бацькі марылі, каб дачка звязала лёс з медыцынай, аднак яна сама з дзяцінства бачыла сябе настаўніцай. У малодшых класах “вучыла” лялек, вяла “журнал” і выстаўляла ім адзнакі.

Як сярэбраная медалістка, пры паступленні ў Віцебскі педагагічны інстытут імя С.М. Кірава здавала экзамен толькі па адным прадмеце, а гэта была матэматыка, і атрымала найвышэйшую ацэнку.

Лёгка паступіла і гэтак жа лёгка было вучыцца, успамінае яна. У інстытуце знайшла сваё вялікае каханне – абраннік дзяўчыны Сяргей Камінскі з Докшыц быў на адзін курс старэйшы. Стварылі студэнцкую сям’ю.

Алена Камінская з бацькамі.

Алена Камінская з бацькамі.

Пазней у мужа-выпускніка была магчымасць уладкавацца на працу ў абласным цэнтры, але родная старонка не адпускала яго сэрца. Так Сяргей Іванавіч у 1993 годзе прыехаў у якасці настаўніка фізікі ў Тумілавіцкую сярэднюю школу, а праз год у педагагічны калектыў гэтай установы ўлілася і яго жонка, новаспечаны матэматык Алена Аляксандраўна. Магчыма, думае Алена, яе бацькі да гэтага часу не змірыліся з тым, што іх дачушка прамяняла буйны абласны цэнтр на невялічкі гарадок. Тым больш напачатку яна наогул жыла ў тумілавіцкім інтэрнаце – і гэта пасля сваёй прасторнай віцебскай кватэры з выгодамі. Але для яе быў рай побач з каханым.

– І вось на Докшыччыне ўжо 32 гады і без сумненняў магу назваць яе сваёй другой радзімай, – прызнаецца Алена Аляксандраўна. – У раённым цэнтры прайшлі мае найлепшыя маладыя гады, нарадзілася дзіця, пракладзены прафесійны шлях. Тут можна рэалізавацца гэтаксама, як і ў вялікім горадзе.

Дырэктарства

Пасля Тумілавіч у 1999 годзе Алена Камінская перайшла настаўнічаць у СШ № 1 г. Докшыцы, а дзякуючы адказнасці, дзелавой гнуткасці і арганізатарскім здольнасцям у 2008-м была назначана намеснікам дырэктара школы па вучэбнай рабоце. А на цяперашняй пасадзе – са снежня 2019-га.

– Дырэктарства вымушае быць патрабавальнай да калег, – кажа Алена Аляксандраўна. – Пры гэтым імкнуся ўвайсці ў становішча кожнага з іх, годна ацаніць уклад у развіццё ўстановы. Калектыў працавіты, шмат па-сапраўднаму таленавітых работнікаў. Трымаю трывалую сувязь з калегамі з першай гарадской школы і кіраўнікамі ўстаноў адукацыі раёна. Ёсць з кім пракансультавацца, падзяліцца ідэямі. Наш дырэктарскі склад надзвычай моцны, гэта матывуе на плённую дзейнасць.

Сярэдняя школа № 2 пад кіраўніцтвам Алены Камінскай была ўзнагароджана Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў за значны ўклад у навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення. Школьнікі штогод дэманструюць добры ўзровень ведаў на раённых прадметных алімпіядах, неаднойчы прадстаўлялі Докшыцы на алімпіядах абласнога этапу. За апошнія тры гады на рахунку СШ № 2 чатыры стабальнікі на цэнтралізаваным экзамене і цэнтралізаваным тэсціраванні. Зададзены высокія стандарты ў выхаванні дзяцей, дзе на першым плане патрыятычны кірунак. Мерапрыемствы знаходзяць яркае адлюстраванне ў Тэлеграм-канале “ДоВОки”.

Будынку школы больш за 35 гадоў, і сёлета распачаўся яго капітальны рамонт. У сувязі з гэтым наперадзе ў вучнёўска-педагагічнага калектыву сур’ёзны іспыт на прыстасаванне да навучальна-выхаваўчага працэсу ў новых умовах, работа ў другую змену. Найбольшы цяжар, вядома, ляжа на плечы кіраўніка, які, акрамя ўсяго, павінен будзе ўнікнуць ва ўсе дэталі будаўніцтва, пракантраляваць яго ход. Але ніхто не сумняваецца, што валявая і скрупулёзная Алена Камінская паспяхова справіцца з гэтай задачай.

Аддушына

Аддушына дырэктара – урокі матэматыкі, якія яна вядзе зараз у шостых класах.

– Ніякая адміністрацыйная работа не заменіць настаўніку жывыя зносіны з дзецьмі, – гаворыць Алена Аляксандраўна. – Вучні даюць зарад пазітыву, энергіі, стымул самаўдасканальвацца ў прафесіі. Іх веды – твая перамога. Кажучы маладзёжным слэнгам, я кайфую ад настаўніцтва! Атрымліваю ні з чым не параўнальную асалоду.

Настаўніца канцэнтруецца на максімальна зразумелым тлумачэнні новага матэрыялу, пераводзіць абстрактныя матэматычныя паняцці на мову канкрэтных вобразаў.

Такі ж апантаны вучэбным прадметам і Сяргей Іванавіч, які выкладае матэматыку ў першай гарадской школе.

Гледзячы на бацькоў, іх дачка Таццяна пайшла падобным шляхам. Закончыла, як і яе муж Уладзімір, факультэт прыкладной матэматыкі БДУ. Свацця Алены таксама матэматык, і сват у свой час займаўся гэтай дысцыплінай. А мама Сяргея Іванавіча раней працавала завучам у Таргуноўскай базавай школе і… настаўнікам матэматыкі! Так што Алене Аляксандраўне не трэба далёка хадзіць, каб абмеркаваць любімыя тэмы. Побач – блізкія людзі з матэматычным складам розуму, якія не “льюць вады” і дакладна ведаюць, чаго хочуць ад жыцця. З імі камфортна.

З “Белай Руссю”

Дынамічная, ініцыятыўная Алена Камінская займае актыўную грамадзянскую пазіцыю. Станоўчыя характарыстыкі яе асобы сталі асновай для выбару на пасаду старшыні раённага аддзялення партыі «Белая Русь» у 2023 годзе.

– Партыя займаецца рэалізацыяй дзяржаўнай ідэалогіі, якая мае на мэце забеспячэнне стабільнасці, абароны канстытуцыйнага ладу і суверэнітэту Беларусі, – нагадвае Алена Аляксандраўна. – Докшыцкае аддзяленне прымае ўдзел ва ўсіх маштабных сацыяльных, гуманітарных і патрыятычных акцыях, што рэгулярна праводзіць «Белая Русь». Сярод іх, напрыклад, дабрачынныя мерапрыемствы “У Новы год – з “Белай Руссю”, калі адпраўляемся з падарункамі ў шматдзетныя сем’і, і “Партыя – дзецям” напярэдадні новага навучальнага года для падтрымкі сем’яў, дзе выхоўваюцца школьнікі. Папулярнай стала сацыяльная акцыя “Бацькава кашуля”, што стартавала гэтым летам у рамках праекта “Трэці – Бацькаў” і заключаецца ў віншаваннях сем’яў, у якіх нараджаецца трэцяе дзіця. Немаўля атрымоўвае ў падарунак нацыянальную хрысцільную кашулю. А ў межах святкавання Дня настаўніка наша аддзяленне стане ўдзельнікам ініцыятывы “Настаўніцкае слова”, дзе сваім вопытам падзеляцца з калегамі вопытныя педагогі.

Відавочна, што аддзяленне на чале з нашай гераіняй аказвае падтрымку дзецям, сем’ям і маладым спецыялістам, дбае пра іх будучыню.

Трымаюць чатыры крылы

Алена Камінская любіць згуртоўваць вакол сябе аднадумцаў, родных людзей. Перад вачыма цудоўны прыклад бацькоў – запрашаць у госці сваякоў, падтрымліваць кантакты, памятаць пра свае карані. Яе матуля Людміла Мікалаеўна – выдатная гаспадыня і навучыла Алену смачна гатаваць, прывучыла да парадку ў доме. У сваю чаргу Алена перадала гэтую навуку дачцэ Таццяне. Дзеці цяпер жывуць далёка і наяве бачацца з блізкімі рэдка, затое на відэасувязі штодзень. Маленькі ўнучак Жэнечка радуе бабулю вясёлым смехам і непасрэднасцю.

Алена і Сяргей Камінскія ўкаранілі традыцыю кожнае лета наладжваць цёплыя сустрэчы са сваякамі на свежым паветры. Дваюрадныя браты Сяргея Іванавіча з сем’ямі прыязджаюць у Докшыцы наўмысна, каб правесці вольны час разам з родзічамі.

– Радзіма – перш-наперш свой род, родная зямля, на якой лёгка дыхаецца, – кажа Алена Аляксандраўна. – І чым мацнейшыя стасункі паміж пакаленнямі, тым больш упэўнена адчувае сябе чалавек. Мы з мужам шчаслівыя людзі, бо нас трымаюць чатыры крылы – гэта нашы бацькі. Удзячныя ім за любоў і дапамогу, за тое, што ў поўнай меры дазваляюць адчуваць сябе абароненымі ад жыццёвых нягод.

Разам з тым Алена і Сяргей самі атуляюць сваіх мам і татаў дабрынёй і клопатам.

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ
і з асабістага архіва А. Камінскай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *