Не представляю жизни без детей. Материнское счастье Марины Дарануца из деревни Глинное
Не ўяўляю жыцця без дзяцей. Так сцвярджае лаўрэат прэміі імя Зінаіды Тусналобавай-Марчанка, атрыманай якраз сёння ва ўрачыстай абстаноўцы ў Віцебску, кавалер ордэна Маці Марына Дарануца з Гліннага. Напярэдадні свята сустрэліся з Марынай Аляксандраўнай, каб пагаварыць, канешне ж, пра шчасце мацярынства, у яе выпадку памножанае на пяць.
На нязвыклае для Беларусі прыгожае прозвішча Дарануца дзявочае Марына памяняла рана – у сямнаццаць. Сваё адзінае на ўсё жыццё каханне – малдаваніна Івана – сустрэла ў Лужаснянскім сельскагаспадарчым тэхнікуме, куды паступіла вучыцца на заатэхніка. Што б там ні гаварылі пра раннія шлюбы, усё індывідуальна: можна, як Марына Аляксандраўна і Іван Ністаравіч, стварыць сям’ю ў юным узросце і пранесці пачуццё праз гады, з’яўляючыся прыкладам для падрастаючых дзяцей, а можна ўступіць у шлюб, як гаворыцца, трывала стаўшы на ногі, і праз кароткі час зразумець, што побач чужы чалавек.
Яны не баяліся цяжкасцей. Абое са шматдзетных сем’яў, іншай, скажам так, мадэлі сумеснага жыцця не ўяўлялі. Іван Ністаравіч, які далучыўся неўзабаве да нашай размовы, адзначыў, што кожнае нараджэнне дзіцяці толькі ўмацоўвала іх з Марынай адносіны. Сужэнцы наперабой, з агеньчыкамі ў вачах, распавялі пра сваіх крывінак. Старэйшы сын Іван мае ўжо ўласную сям’ю, падараваў бацькам унука, а ў хуткім часе чакаецца з’яўленне на свет унучачкі. Дваццацігадовая Юлія жыве ў Віцебску. Яна адна з салістак вядомага народнага ансамбля “Талака”. Данііл вучыцца ў 11 класе. Самы меншы Дарануца, васьмікласнік Ігнацій, ужо вызначыўся, у якім напрамку будзе рухацца па жыцці – стаў курсантам Полацкага кадэцкага вучылішча. З бацькамі зараз, акрамя Данііла, трыццацігадовая дачушка Таццяна, якая ў сілу асаблівасцей свайго развіцця не можа жыць самастойна. Дзяўчына акружана любоўю і клопатам мамы і таты, а таксама бабулі Марыі Іванаўны, маці Марыны, якая спяшаецца на дапамогу, калі гэта патрэбна.
Дарануцы – музычна адораная сям’я. І Марына Аляксандраўна, і Іван Ністаравіч добра спяваюць, што ў найбольшай ступені перадалося Юлі. Іван-малодшы грае на акардэоне і гітары, Данііл закончыў музычную школу па класе баяна, Ігнацій ігру на гітары асвоіў самастойна. Думаецца, самы час для стварэння сямейнага ансамбля. Марына Аляксандраўна некалькі гадоў працавала загадчыкам мясцовага Дома культуры, і работа гэта, кажа, ёй падабалася. Аднак жа, смяецца, хто на што вучыўся. Таму асноўны яе стаж усё ж такі ў сельскай гаспадарцы. Пачынала загадчыцай малочнатаварнай фермы “Загалаўе”, на сённяшні дзень з’яўляецца памочнікам загадчыка МТК “Гліннае”. Пасада клопатная, рабочы дзень часам, жартуе, як у таго цара з кінафільма, ненарміраваны, але ж Іван Ністаравіч, сам тэхнік-асемянатар, усё добра разумее і падстаўляе надзейнае мужчынскае плячо. У іх утульным доме парадак, а парадак знешні, як вядома, з’яўляецца залогам унутранай гармоніі.
Як увогуле ўяўляе шчасце шматдзетная маці Марына Дарануца? Ды проста: спадзяецца, што са сваім дарагім мужам яны пражывуць разам яшчэ многа-многа гадоў, што побач яшчэ доўга будзе мама, што іх вялікая і дружная сям’я стане прырастаць-павялічвацца, а іх дом будзе звінець дзіцячымі галасамі і смехам – ужо ўнукаў. Няхай жа яе мары здзейсняцца!
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

