50 километров пешком преодолели юные туристы из СШ № 1 г. Докшицы
Чатырохдзённае падарожжа па Докшыччыне здзейснілі юныя турысты з СШ № 1 г. Докшыцы імя І.С. Палявога. Пад кіраўніцтвам настаўнікаў школы Сяргея Кашчэева і Мікіты Азаранкі вучні прайшліся па маршруце: Таўшчы – Замасточча – Асавы – Кліннікі – Бягомль – Бераснёўка – Будзілаўка – Мількунь – Пруднікі.
– Паход быў арганізаваны ў межах Усебеларускай моладзевай экспедыцыі “Пазнаючы Радзіму – адкрываем сябе”, – паведаміў Сяргей Кашчэеў. – Яго асноўны накірунак – фарміраванне ў навучэнцаў гістарычнай памяці і павагі да лёсу нашых продкаў. Разам з дзецьмі мы вывучылі трагічныя старонкі гісторыі нашага раёна, даведаліся аб маштабах страт і зверствах, якія перажылі нашы землякі. На працягу чатырох дзён удзельнікі падарожжа праходзілі ад вёскі да вёскі, якія былі поўнасцю або часткова спалены падчас Вялікай Айчыннай вайны. Пры гэтым абавязкова наведвалі ўстаноўленыя на месцы трагедый помнікі, каля якіх арганізоўвалі акцыі па ўборцы восеньскага лісця і хвілінай маўчання шанавалі памяць загінулых мірных жыхароў.
Кожны дзень юныя турысты праходзілі па 12-13 кіламетраў, начавалі ў палатках на берагах азёр і ў лесе, вучыліся арганізоўваць лагер і гатаваць ежу на вогнішчы. За час паходу школьнікі не толькі праверылі свае фізічныя магчымасці, але і ўмацавалі дух. Прайшоўшы маршрут, яны глыбей усвядомілі каштоўнасць міру і важнасць таго, каб трагічныя памылкі мінулага ніколі не паўтарыліся.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота з адкрытых крыніц.




