Более 40 юношей из Докшицкого района получили повестки осеннего призыва
У раёне прайшло традыцыйнае свята, прымеркаванае да адпраўкі новага папаўнення юнакоў у рады Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Мерапрыемства распачалося на плошчы імя І.С. Палявога, дзе каля брацкай магілы адбыўся мітынг з ускладаннем кветак, а затым мела працяг у дзіцячай школе мастацтваў імя Н. Сакалоўскага.
Будучых абаронцаў Айчыны прывітаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Анатолій Сіўко.
– Сёння для вас пачынаецца новы, дарослы этап жыцця, – сказаў Анатолій Віктаравіч. – Абарона сваёй Радзімы, дома і сваёй сям’і – гэта святы доўг і ганаровы абавязак кожнага мужчыны. Армія – гэта не проста школа страявой падрыхтоўкі і асваення сучаснай зброі. Гэта школа мужнасці, якая фарміруе характар, загартоўвае волю і вучыць сапраўднаму мужчынскаму сяброўству. Упэўнены, што вы з гонарам выканаеце свой воінскі абавязак. Поспехаў у службе на дабрабыт нашай Беларусі!
У сваім звароце да навабранцаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч шчыра пажадала прайсці гэту нялёгкую дарогу, служыць так, каб не падвесці сваіх бацькоў і школьных настаўнікаў, якія вучылі і выхоўвалі, а таксама набыць у армейскіх радах новых верных сяброў і надзейных таварышаў.
Свае прафесійныя парады юнакам далі ваенны камісар раёна Аляксандр Акімаў і прадстаўнік Ваеннай Акадэміі Рэспублікі Беларусь падпалкоўнік Дзяніс Зяваліч. Яны адзначылі, што сучасная беларуская армія – гэта высокатэхналагічная школа мужнасці, дзе хлопцы памужнеюць і асвояць важныя воінскія спецыяльнасці.
Не абышлося без кранальных момантаў. Ад імя ўсіх бацькоў да прызыўнікоў звярнуўся Аляксандр Каралевіч – тата будучага салдата Мікалая Каралевіча. Слова ў адказ ад навабранцаў трымаў Яўгеній Толкач. Ён паабяцаў годна выканаць свой доўг і не падвесці Докшыцкі раён.
Благаславенне на службу маладыя людзі атрымалі ад прадстаўнікоў дзвюх канфесій: протаіерэя Леаніда Страхі, благачыннага Докшыцкай царкоўнай акругі, і дэкана Докшыцкага дэканата, пробашча прыхода Святой Марыі ў Параф’янаве Уладзіміра Шымковіча.
На тэрміновую службу і службу ў рэзерв адправяцца больш за сорак маладых людзей Докшыцкага раёна.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.









