Современный профилакторий для выращивания телят введен в эксплуатацию на МТК “Варганы” в Докшицком районе

Працуе аператар па вырошчванні маладняку БРЖ Марына Анашкевіч.

Працуе аператар па вырошчванні маладняку БРЖ Марына Анашкевіч.

Прафілакторый для вырошчвання цялят ад нараджэння да 80 дзён уведзены ў эксплуатацыю на жывёлагадоўчым комплексе “Варганы” ААТ “Барсучанка” ў жніўні бягучага года.

Як вядома, Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 387 “Аб будаўніцтве сельскагаспадарчых аб’ектаў у Віцебскай вобласці”, пастанова Савета міністраў № 799 “Аб рэалізацыі драўляных камплектаў для ўзвядзення жывёлагадоўчых аб’ектаў у 2026 годзе” і звязаныя з ёю распараджэнні ўрада (напрыклад, пастанова № 126 ад 18 сакавіка 2026 года) рэгламентуюць будаўніцтва соцень прафілакторыяў для цялят і міні-фермаў па ўсёй краіне з тэрмінамі ўводу да 1 кастрычніка бягучага года.

– Новы сучасны прафілакторый – наш гонар, наша радасць, памяшканне, дзе цяляты ўтрымліваюцца ў найлепшых умовах і дзе камфортна працуецца аператарам па іх вырошчванні, – гаворыць загадчык комплексу Алена Мухаева. – Разлічаны ён на 220 галоў, на сённяшні дзень загружаны напалову. З пачатку года пойдуць ацёлы, і пярэстая малеча, без сумнення, зойме ўсе адведзеныя для яе індывідуальныя домікі. Тым больш што цяляты да нас прывозяцца яшчэ і з фермаў “Лапліна”, “Валодзькі” і “Порплішча”.

Ідзём з Аленай Юр’еўнай па дзвюх прасторных секцыях прафілакторыя. Усюды чысціня і парадак, памяшканні светлыя, абсалютна без спецыфічнага “фермаўскага” паху, чаму садзейнічаюць вокны вялікіх памераў, якія з лёгкасцю адчыняюцца для праветрывання пры дапамозе спецыяльных штор. Цяляты ўтрымліваюцца ў індывідуальных клетках-доміках на мяккай падсцілцы. Ім штодзённа даецца стартавы камбікорм КР-1, а таксама кукурузна-аўсяныя мюслі. Для выпойвання малышоў набыта малочнае таксі, а таксама размарожвальнік для малодзіва і тачка-вагі – вельмі патрэбныя, адзначае суразмоўца, у працэсе вырошчвання будучых кароў і бычкоў рэчы. Ёсць таксама дзве сушылкі для вёдзер, а з дня на дзень чакаецца паступленне і мыек для вёдзер і сосак. Акрамя двух секцый, дзе ўтрымліваюцца цяляты, у прафілакторыі ёсць мыечная, малочная кухня, невялікае складское памяшканне, а таксама бытоўка для работнікаў.

ЕН 2383

ЕН 2385

Працуюць у новым будынку тры аператары па вырошчванні маладняку БРЖ – Марына Анашкевіч, Марына Шамшур і Людміла Качан, якая іх падмяняе. За 10 месяцаў бягучага года, адзначае Алена Мухаева, захаванасць цялят на комплексе стопрацэнтная, сярэднясутачныя прывагі ў межах 680-720 грамаў. Для цялятак, якія толькі нарадзіліся, абсталяваны клеткі з лямпамі абагрэву і ўцяпляльнымі шторамі.

– Якімі б спрыяльнымі ні былі ўмовы ўтрымання маладняку, усё ж такі самым галоўным ва ўсе часы застаецца чалавечы фактар, – зазначае Алена Мухаева. – Толькі добрыя словы магу сказаць пра нашых аператараў па вырошчванні. Жанчыны адказныя, добрасумленныя работніцы, з усёй душой адносяцца да справы, любяць жывёлу. Таму і заўсёдны парадак на рабочых месцах, а цяляты чысценькія, здаровыя, добра прыбываюць у вазе. Тут хацелася б яшчэ адзначыць ветурача Сяргея Калягу, які абслугоўвае прафілакторый і таксама “хварэе” за кожнага са сваіх малых падапечных. Пасля дасягнення імі ўзросту каля трох месяцаў цялушак накіроўваем на дарошчванне на ферму “Лапліна”, бычкоў – на фермы “Порплішча” і “Чачукі”.

Цялятніцы ў сваю чаргу адзначаюць, што ў новым прафілакторыі працаваць адно задавальненне. А калі з добрым настроем на работу, то і вынікі яе толькі станоўчыя.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *